Каледжскія будні. У ЛДАКу створаны ўсе ўмовы для рознабаковага развіцця асобы /фота/
22 гады прайшло з таго дня, калі быў прыняты Асноўны Закон суверэннай Беларусі. Канстытуцыя стала надзейным падмуркам для абнаўлення нашай краіны, дынамічнага эканамічнага развіцця, умацавання яе аўтарытэту на міжнароднай арэне. Гэты дакумент гарантуе правы і свабоды грамадзян, вызначае абавязкі, садзейнічае паслядоўнаму правядзенню сацыяльна-эканамічнай палітыкі, накіраванай на павышэнне якасці жыцця людзей.
Згодна Канстытуцыі, забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Адна з асноўных – права на адукацыю (арт. 49). Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.
Артыкулам 32 Асноўнага Закона краіны маладым гарантуецца права на духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё. Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці.
У Ляхавіцкім раёне 17 устаноў адукацыі, дзе атрымліваюць веды 2890 хлопчыкаў і дзяўчынак. Ёсць у нас і адзіная сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова – Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Сёлета тут асвойваюць прафесійныя азы каля 440 будучых аграномаў, плодаагароднінаводаў, заатэхнікаў, ветэрынарных фельчараў. 300 навучэнцаў жывуць у інтэрнатах каледжа.
Не толькі вучобай напоўнены дні каляджан. У ЛДАКу створаны ўсе ўмовы для рознабаковага развіцця асобы, творчых здольнасцей юнакоў і дзяўчат, іх спартыўных магчымасцей. Гурткі і аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, вечарыны і тэматычныя дыскатэкі, агульнагарадскія мерапрыемствы і выязныя канцэрты – жыццё бурліць, было б толькі жаданне ў ім удзельнічаць.
Патрыятычнае выхаванне тут увасоблена ў шматлікія цікавыя справы і ініцыятывы. Аб’яднанні па інтарэсах краязнаўчага профілю, якія курыруюць выкладчыкі Віктар Тарасевіч і Таццяна Траццяк, сабралі разам тых, хто цікавіцца гісторыяй, шануе подзвіг сваіх дзядоў, прадзедаў. Рабяты распрацоўваюць і праводзяць па тутэйшым музеі змястоўныя і цікавыя экскурсіі. Тут праходзяць сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, урокі мужнасці, з інтарэсам знаёмяцца з экспазіцыяй старшакласнікі гарадскіх і сельскіх школ. Цяпер у музеі вядуцца мадэрнізацыя і рэканструкцыя, новае жыццё набудуць старыя экспанаты, можна будзе зрабіць віртуальнае падарожжа ў мінулае. Каляджане ініцыявалі і каторы год запар напярэдадні свята Вялікай Перамогі праводзяць мота-велапрабег па месцах баявой славы ў нашым раёне, наведваюць брацкія магілы, ускладаюць кветкі і вянкі да помнікаў загінуўшым героям.
Штогод у ЛДАКу праводзіцца агляд-конкурс на лепшую акадэмічную групу. Традыцыйна пераможцы ў якасці падарунка атрымліваюць магчымасць адправіцца ў падарожжа па гістарычных мясцінах Беларусі. Мінск, Брэст, Нясвіж, Мір, Гродна, Полацк, Віцебск… – дзе толькі ні пабывалі навучэнцы і выкладчыкі, колькі ўражанняў і ўспамінаў засталося пасля такіх вандровак.
Лета ў каледжы – працоўны семестр. Шмат гадоў падчас канікулаў тут дзейнічае студэнцкі будаўнічы атрад “Флагман”. Лепшыя навучэнцы, самыя актыўныя ўдзельнікі грамадскага, культурнага і спартыўнага жыцця навучальнай установы, вытрымліваюць конкурс на права стаць будатрадаўцам. Рабяты займаюцца рамонтам пакояў у інтэрнатах, выконваюць некаторыя будаўнічыя работы на ферме “Каменка”, добраўпарадкуюць тэрыторыю навучальнай установы. Зразумела, за сваю работу атрымліваюць зарплату.
У “Флагмане” не толькі працуюць, але і цікава адпачываюць: у загадзя распрацаваных планах – спартыўныя мерапрыемствы і інтэлектуальныя гульні, дыскатэкі і гутаркі на актуальныя тэмы, экскурсіі. Працоўны і вольны час рабятам дапамагаюць арганізаваць педагогі і выхавальнікі каледжа, а таксама райкам БРСМ.
Колькі таленавітых юнакоў і дзяўчат з цудоўнымі вакальнымі і харэаграфічнымі данымі адкрыў нязменны кіраўнік клуба “Юнацтва” Уладзімір Равінскі. Даўно і прыгожа на музычным небасхіле Ляхавіччыны, Брэстчыны і краіны гучыць голас выпускніка ЛДАКа
Андрэя Цямчыка. Пакарылі слухачоў сваімі вакальнымі здольнасцямі Надзея Цямчык, Уладзімір Туцін, Антаніна Лелес. Наогул, “Юнацтва” – своеасаблівая візітоўка каледжа. Любое тутэйшае мерапрыемства не абыходзіцца без выступленняў клуба, як і гульні студэнцкай каманды КВЗ, традыцыйная штогадовая “Студэнцкая восень”. Заўсёды цудоўную праграму рыхтуюць да Дня Вялікай Перамогі!
З інтарэсам удзельнічаюць у валанцёрскім руху, займаюцца дабрачыннасцю. Напрыклад, для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі падрыхтавалі казачную пастаноўку, правялі гульнёвую праграму. Увогуле ў клуба сем накірункаў работы, акрамя вакальнага – танцавальны, сцэнічны і г.д.
Нямала ў каледжы творчых рабят, якія ўласнымі рукамі ствараюць цудоўныя работы. Кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці Алена Макарэвіч развівае ў юнакоў і дзяўчат пачуццё прыгожага, здольнасці і таленты. Вынікі не прымушаюць сябе чакаць. Работы каляджан адзначаны на абласным і рэспубліканскім узроўні.
Са спортам каледж сябруе даўно і па-сапраўднаму. Здаровы лад жыцця стаў спадарожнікам і навучэнцаў, і выкладчыкаў. “Снежны снайпер”, спартакіяды, турыстычныя злёты з песнямі каля кастра – далёка не поўны пералік “здаровых” мерапрыемстваў. Тут дзейнічаюць 4 секцыі: па гіравым спорце, валейболе, баскетболе, настольным тэнісе.
Як расказаў намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Алег Ахрэмцаў, на мінулым тыдні гасцінна расчыніў дзверы маладзёжны цэнтр вольнага часу. Праграма адкрыцця была цікавай і вясёлай. Сярод арганізатараў і актывісты БРСМ, а асноўным мерапрыемствам стала маладзёжная дыскатэка.
Цэнтр размясціўся ў інтэрнаце № 4 па суседстве з музеем. Тут ёсць канферэнц-зала, дзе можна паглядзець відэафільмы, плануецца правядзенне дыспутаў, сустрэч. За ўласныя сродкі набылі мультымедыйны праектар. Устаноўлена лазернае абсталяванне, ёсць Zala, выхад у інтэрнэт, дарэчы, для навучэнцаў – бясплатны. Акрамя таго, можна пагуляць у шашкі, шахматы, настольны тэніс, більярд. Занятак для душы знойдзе кожны.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Згодна арт. 49 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адно з асноўных правоў – права на адукацыю. Гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі.
Очень жаль, что в таком огромном учебном заведении , где пустуют множество помещений: танцевальный зал, два спортзала, актовый зал — нужно было уничтожать музей колледжа, который по крупицам собирался и был достоянием Ляховичского района. Что это там за руководство? И что дальше, колледж превратиться…..?
Вельмi цудоуная установа адукацыi.Мабыць тут добра iдзе навучэння.I конкурсы жызнянные ….Здорава…