Аляксандра – піянер года
Амаль 2000 хлопчыкаў і дзяўчынак у нашым раёне – члены Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. 12 самых актыўных з іх прынялі ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Піянер года-2016”. Гэта вучні і гарадскіх, і сельскіх школ.
Творчыя і аратарскія здольнасці, крэатыўнасць, ініцыятыўнасць дэманстравалі канкурсанты падчас самапрэзентацыі “Мая грамадзянская пазіцыя”. Побач з лідарам на сцэне была і група падтрымкі, каб дапамагчы яшчэ больш яскрава і поўна раскрыць асобу ўдзельніка конкурсу.
Асаблівасць этапу “Лідар-сюрпрыз” – выступленне піянера ў творчым дуэце са сваім педагогам. Перш чым выйсці на сцэну, неабходна было саставіць сцэнарый, падрыхтаваць прэзентацыю, развучыць песні і танцы, інтэрактыўныя гульні, падабраць музычнае суправаджэнне і іншае. Напал у конкурсе адчуваўся з першага моманту да фінальнага акорда. Хваляваліся не толькі ўдзельнікі, іх каманды, але і балельшчыкі. Журы ўлічвала ўзровень падрыхтаванасці, стыль выступлення, нават знешні выгляд удзельнікаў.
Дыпломамі за творчасць, ініцыятыўнасць, актыўны ўдзел узнагароджаны гімназістка Анастасія Богдан, Лаліта Саўчык з СШ № 1, Алег Валынец з Навасёлкаўскай СШ, Анастасія Малашчыцкая з Мядзведзіцкай СШ, Сняжана Гатоўчыц з Ліпскай СШ, Ангеліна Ваўчок з Тухавіцкай СШ, Сяргей Лешык з Малагарадзішчанскага ДС-СШ, Лізавета Іваноўская з Конькаўскага ДС-СШ.
І самы доўгачаканы момант – хто ж стаў пераможцам конкурсу. Роўных не было Аляксандры Горбік з піянерскай дружыны “Пралеска” Востраўскай СШ. Другое месца падзялілі паміж сабой Дзмітрый Гуліцкі з піянерскай дружыны імя М.Ф. Гастэла (СШ № 2) і Кацярына Ляшко з “Вясёлкі” (Жарабковіцкая СШ). Замкнула тройку прызёраў Ульяна Азімка з дружыны “Васілёк” Тальмінавіцкай СШ.
Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Зусім хутка Аляксандра Горбік будзе прадстаўляць Ляхавіччыну на абласным этапе конкурсу ў Брэсце.
Ганна БУЙКО,
старшыня раённага савета ГА “БРПА”.