«Сеньёра» Сняжана

Сярод 12 узнагарод, якія заваявалі беларускія атлеты на чэмпіянаце Еўропы па класічным паўэрліфтынгу ў эстонскім горадзе Тарту з 5 па 12 сакавіка, адна – Сняжаны Зубко. Дзяўчына родам з вёскі Галаўнінцы нашага раёна, вучылася ў Крывошынскай сярэдняй школе. Цяпер працуе трэнерам-выкладчыкам Баранавіцкай ДЮСШ. У катэгорыі «сеньёраў» яна стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату.

Выдатны вынік выдатнай спартсменкі, чыё слова ў спорце гучыць  выразна і ўзнёсла. Дарэчы, выступленне зборнай Беларусі па паўэрліфтынгу на чэмпіянаце Еўропы ў Тарту стала самым паспяховым з 1994 года, паведаміла БЕЛТА: 7 залатых, 3 сярэбраныя і 2 бронзавыя медалі. А ўсяго ў кантынентальным форуме прынялі ўдзел 359 спартсменаў з 24 краін.

У мінулы чацвер у цэнтральным офісе БФСТ «Дынама» адбыліся прэс-канферэнцыя і ўшанаванне спартсменаў-дынамаўцаў па выніках паспяховага выступлення ў Тарту. Зборная каманда Рэспублікі Беларусь стала пераможцай у камандным першынстве сярод юніёраў, а таксама двойчы сярэбраным прызёрам – сярод юнакоў і дзяўчат.

Сняжане Зубко прысвоена званне майстра спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь па выніках яе «сярэбранага» выступлення. Ёй аб’яўлена падзяка БФСТ «Дынама» за высокія спартыўныя вынікі, паказаныя на міжнароднай арэне, за папулярызацыю паўэрліфтынга ў нашай краіне і за мяжой.

Як жа прыемна ўсведамляць, што да феерычнага поспеху каманды і персанальнага другога месца прызёра чэмпіянату мае дачыненне Ляхавіччына. Гэта не першы поспех нашай зямлячкі Сняжаны Зубко. Летась яна заваявала золата чэмпіянату Еўропы і серабро сусветнага чэмпіянату, пра што «ЛВ» расказваў на сваіх старонках. Як бачым, спартсменка на гэтым не спынілася. Сілавое трохбор’е ў яе асобе знайшло верную, моцную, таленавітую прыхільніцу, а яна ў сілавым трохбор’і – сваё захапленне, загартоўку, шлях да самаўдасканалення і пераможных п’едэсталаў.

Віншуем зямлячку, ганарымся і жадаем новых рэкордаў, новых перамог!

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота з архіва    Беларускай федэрацыі   паўэрліфтынга.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *