Рэкорд Марыі Зялёнка. Працоўны стаж гэтай руплівай жанчыны — больш за паўстагоддзя

Папярэдняя тэлефонная размова настроіла маю гераіню на ўспаміны, прымусіла хвалявацца, і я нават пашкадавала, што пазваніла: трэба было знячэўку сустрэцца – менш было б клопату. А Марыя Іванаўна па-святочнаму апранулася, зрабіла прычоску і, што бывае рэдка ў апошні час, крыху падмалявала вусны. Гэта па пашпарце ёй за сем дзясяткаў пераваліла. А ў жыцці яна не выглядае на свае гады: маладжавая, рухавая, прывабная жанчына. І дома спраўляецца, і на работу бяжыць – вось ужо 50 гадоў. Не часта выпадае сустракаць людзей з такім працоўным стажам!

Пачынала Марыя сваю працоўную біяграфію на племзаводзе “Нача”. Некалі прыехала сюды на пераддыпломную практыку: заканчвала Пінскі зааветэрынарны тэхнікум. З прыўзнятым настроем накіравалася ў невядомую ёй Начу, нібы адчувала, што едзе насустрач свайму шчасцю. Так і здарылася: мясцовы хлопец Андрэй Зялёнка, які працаваў у гаспадарцы вадзіцелем, з першага погляду закахаўся ў дзяўчыну. З дыпломам аб заканчэнні тэхнікума Марыя ехала ў Начу дамоў.
Работа ветфельчара, хоць і была нялёгкай (бегчы на ферму часам даводзілася і ноччу), прыносіла задавальненне. Найперш таму, што адчувала сваё дачыненне да грандыёзнай работы, якая разгарнулася на племзаводзе. У 70-я гады мясцовыя жывёлаводы разам са сталічнымі навукоўцамі працавалі над вывядзеннем новай пароды свіней – буйной беларускай белай. Марыя працавала побач з загадчыцай свінафермы Марыяй Васілеўскай і брыгадзірам Фадзеем Васілеўскім, якія, па сутнасці, былі галоўнымі дзеючымі асобамі ў гэтай адказнай справе. Дамоў вярталася позна, як, дарэчы, і муж, які “шафёрыў”.
А дома клапатліва быў накрыты стол: усё свежае і смачнае гатавала да прыходу дзяцей свякроў. І тут Марыі пашчасціла, бо бацькі Андрэя сталі роднымі і для яе. Так міналі дні, запоўненыя работай і шчасцем. Неўзабаве нарадзіўся першынец – сын Юрка. Гэтая чаканая падзея цалкам перамяніла жыццёвы расклад. Цяпер галоўным “гаспадаром” у хаце быў маленькі чалавечак, вакол якога круцілася ўсё…
У дэкрэце Марыя доўга не заседжвалася. Гаспадарцы тэрмінова патрабаваўся тэхнік-асемянатар, і яна зноў ад світання да цямна прападала на ферме, забягаючы па некалькі разоў дамоў, каб паглядзець на сыночка, якога песцілі бабуля і дзядуля.
Сёння Марыя Іванаўна параўноўвае ўмовы працы жывёлаводаў той пары і сучасныя магчымасці. Адрозніваюцца кардынальна. Было цяжка: каб накарміць статак, на конях пад’язджалі да сянажнай траншэі, узімку сякерамі высякалі марозную масу, грузілі ў скрыні. На ферме даяркі набіралі корм у кошыкі і – на вагі, кожны кілаграм быў на ўліку, гэтак жа, як і буракоў, бульбы, не гаворачы пра муку. Разносілі па жалабах, сачылі, каб кожная жывёліна была накормлена. Даілі кароў у бачкі, злівалі малако ў бітоны. Іх ставілі ў чаны з вадой або з лёдам, які зімой нарыхтоўвалі на вадаёмах. Галоўным заатэхнікам тады працавала Лідзія Белавусава – надзвычай адказная і старанная. Яна заўсёды заахвочвала і падтрымлівала даярак. І вынікі былі выдатныя: 6000 кілаграмаў малака ад кожнай каровы – і сёння для некаторых гаспадарак такая мяжа недасягальная, хоць умовы працы значна палепшыліся.
Раней пра такое і марыць не маглі – “Хозяин” корміць статак, малакаправод адразу падае малако ў халадзільнік, эфектыўныя медпрэпараты, спецыялісты нават могуць правесці ультрагукавое абследаванне кароў…
Вось толькі, як лічыць Марыя Іванаўна, не пашкодзіла б прыбавіць работнікам пачуцця адказнасці, якое было ў людзей яе пакалення.
…Пасля сыночка Марыя нарадзіла яшчэ дзвюх дачушак – Ірынку і Людмілку – на радасць і пацеху ўсёй вялікай сям’і Зялёнкаў. Племзавод выдзеліў трохпакаёвую кватэру, Марыю Іванаўну абралі вызваленым старшынёй прафкама. Спраў і клопатаў хапала. А яшчэ і гаспадарку завялі, 2 каровы трымалі. З гадамі нават дом пабудавалі, як марыў гаспадар.
У пачатку васьмідзесятых Марыю Іванаўну, якая ўжо мела вопыт работы на вытворчасці і з людзьмі, запрасілі на пасаду загадчыцы склада грубых кармоў. З таго часу яна мае дачыненне да нарыхтоўкі сена, закладкі ў траншэі сенажу, сіласу, строга кантралюе якасць нарыхтоўкі кармоў, не дапускае парушэння тэхналогіі прыгатавання зімовых прыпасаў, а гэта, як вядома, садзейнічае надоям і прывагам.
– Марыя Іванаўна – адна з тых працаўніц, на якіх заўсёды і ва ўсім можна спадзявацца, – гаворыць дырэктар ДП “Нача” Мікалай Тарлюк. – Бездакорная ва ўсім: ці дакументацыю аформіць, ці выканаць грамадскае даручэнне, ці пракантраляваць работу. Наша Марыя Зялёнка 50 гадоў працуе ў гаспадарцы і, па праўдзе кажучы, хацелася б, каб яшчэ доўгія гады была ў калектыве. Яна з тых надзейных людзей, пра якіх гавораць: “старой загартоўкі”…
А Марыя Іванаўна і не думае развітвацца з калектывам. На рабоце – сярод людзей, асабліва не засумуеш, хоць і дома чакаюць справы. Пасля таго, як не стала гаспадара, перайшла жыць да дачкі, якая працуе кіраўніком справамі ў Начаўскім сельвыканкаме. А то збярэцца ў Мінск – там другая дачушка чакае. Марыя Іванаўна ніяк не можа збавіць жыццёвы тэмп. Ды і не хоча: пайсці на заслужаны адпачынак, на яе думку, значыць чакаць старасці, а ў яе планах яшчэ ўнукаў гадаваць. Дарэчы, для таго, каб размаўляць з імі на адной мове, узялася асвойваць камп’ютарную грамату.
– Не прывыкла я, каб пра мяне пісалі, – прызнаецца жанчына. – Я нічым асаблівым не выдзелілася, проста жыву так, як падказвае сумленне…

Аліна ЛАПІЧ.

One thought on “Рэкорд Марыі Зялёнка. Працоўны стаж гэтай руплівай жанчыны — больш за паўстагоддзя

  • 24/03/2016 в 12:52
    Permalink

    Есть женщины в белорусских селеньях! Выглядит замечательно, опыт — богатейший, силы -есть. А для молодых -пример. Пусть и дальше на всё хватает энергии и здоровья.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *