Педагог педагогаў

У гэтыя сакавіцкія дні 75-гадовы юбілей адзначыў наш вядомы зямляк – кандыдат педагагічных навук, прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Мікалай Плескацэвіч.

Калі вымяраць жыццё колькасцю дабрыні і любві, укладзеных у справы, то Мікалай Міронавіч выканаў і перавыканаў усе магчымыя паказчыкі. Больш чым паўстагоддзя свайго жыцця прысвяціў педагогіцы. І не проста прысвяціў, а ўзбагаціў, прынёс у яе свой уласны погляд на адукацыю і выхаванне, на асобу настаўніка. У гэтай галіне Мікалай Плескацэвіч – імя, фігура, настаўнік настаўнікаў.
Нарадзіўся і вырас ён у Мінічах. Пасля заканчэння Мядзведзіцкай школы вучыўся ў педінстытуце імя М.Горкага. Малады настаўнік рускай мовы і літаратуры вярнуўся на Ляхавіччыну, дзе яму адразу прапанавалі пасаду намесніка дырэктара ў Куршынавіцкай школе. Пасля былі аспірантура і шматгадовы “раман” з Мінскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка, дзе ён прайшоў шлях ад аспіранта да першага прарэктара. Дзе б і на якой пасадзе ні працаваў Мікалай Міронавіч, заўсёды імкнуўся зацікавіць калег чарговай ідэяй і справай. Яшчэ студэнтам закончыў курсы экскурсаводаў (у сваёй дзейнасці потым неаднойчы наладжваў студэнцка-выкладчыцкія паездкі), паспытаў сябе і ў якасці журналіста, на працягу 14 летніх змен працаваў у аздараўленчым лагеры. Узначальваў рэспубліканскую дзяржаўную інспекцыю сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, быў кансультантам упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі. Ён – аўтар 58 навуковых і вучэбна-метадычных работ, навуковы і адказны рэдактар цыкла матэрыялаў, зборнікаў навуковых прац. А колькі пад яго кіраўніцтвам было абаронена кандыдацкіх дысертацый, колькім работам дадзена яго аўтарытэтная рэцэнзія.
Цікавае, насычанае, напоўненае падзеямі і сустрэчамі жыццё выпала Мікалаю Плескацэвічу. І сёння ён, хоць па ўзросце даўно на заслужаным адпачынку, поўны планаў і задум, кіруе аспірантамі і лічыць сябе шчаслівым чалавекам.
Сілы і натхненне чэрпае на малой радзіме, у бацькоўскім доме. Звычайныя дачныя клопаты прыносяць задавальненне і адпачынак. Яму, які прывык усё рабіць грунтоўна і дасканала, цікавы сам працэс агародніцтва. Апошнім часам недалёка было і месца работы – узначальваў кафедру педагогікі ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.
Яго гонар – шматлікія вучні, якія працягваюць справу яго жыцця – сеюць разумнае, добрае, вечнае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Педагог педагогаў

  • 22/03/2016 в 23:58
    Permalink

    Каждый раз, читая про наших знаменитых земляков, испытываю искреннюю гордость за них и за Ляховиччину. Наши везде и такие молодцы! Была ученицей Николая Мироновича. Замечательный человек, мастер своего дела. Класический пример, как человек своми способностями добился в жизни положения и уважения

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *