Супраць бадзяжнай небяспекі

У раённы выканаўчы камітэт, сельвыканкамы паступаюць шматлікія звароты грамадзян, якія занепакоены наяўнасцю безнаглядных і бадзяжных сабак на тэрыторыі горада і вёсак.
У адпаведнасці з правіламі ўтрымання дамашніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў ад 4.06.2001 г. № 834, безнаглядныя сабакі, каты ў населеных пунктах (у тым ліку з ашыйнікамі, жэтонамі і ў намордніках) падлягаюць адлову. У выключных выпадках па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў дапускаецца іх адстрэл.
У пачатку сакавіка гэтага года на тэрыторыі раёна (дачны ўчастак садаводчага таварыства “Мара”) быў устаноўлены факт захворвання сабакі шаленствам.
Згодна санітарных і ветэрынарных правілаў (“Прафілактыка і барацьба з заразнымі хваробамі, агульнымі для чалавека і жывёл. Шаленства”), зацверджанымі пастановай Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ад 30.05.2000 г. № 28, органы выканаўчай улады і спецыялісты камунальнай службы на месцах абавязаны правяраць выкананне правілаў утрымання сабак і катоў, а таксама арганізоўваць правядзенне мерапрыемстваў па знішчэнні безнаглядных жывёл.
Улічваючы склаўшуюся на тэрыторыі раёна сітуацыю, у мэтах прадухілення захворвання людзей і жывёл шаленствам, раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб адстрэле безнаглядных жывёл. Займацца гэтым будзе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” сумесна з ветэрынарнай службай раёна па графіку, зацверджаным рашэннем райвыканкама, з 4 красавіка па 3 мая 2016 года (у будныя дні ў перыяд мінімальнай прысутнасці насельніцтва) з папярэднім інфармаваннем насельніцтва.
Варта нагадаць, што ўладальнікі сабак і катоў абавязаны строга выконваць санітарна-ветэрынарныя нормы і правілы іх утрымання, забяспечваць бяспеку людзей, не дапускаць забруджвання сваімі чатырохногімі пітомцамі агульнадаступных месцаў, выводзіць у выпадку неабходнасці сабак з кватэр або іншых ізаляваных памяшканняў, а таксама з ізаляваных тэрыторый (тэрыторыі двара) на кароткім павадку і ў намордніку, за выключэннем шчанят ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак вышынёй у карку да 25 см.
За парушэнне правілаў утрымання сабак і катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Дзіна ДУБРОЎКА,
начальнік юрыдычнага
аддзела райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *