…І філалагічнае сяброўства

Як юныя землякі ўмацоўваюць дружбу паміж дзяржавамі

Добрай традыцыяй стаў удзел нашых юных землякоў у алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства”. Алімпіяда, якая стартавала ў 2004 годзе ў Гомелі, – першы сумесны праект, рэалізаваны міністэрствамі адукацыі Беларусі і Расіі ў межах Саюзнай дзяржавы. Ляхавічане неаднойчы былі дыпламантамі гэтых інтэлектуальных іспытаў па рускай мове і літаратуры.

Стаць удзельнікам алімпіяды такога ўзроўню не проста: трэба вытрымаць сур’ёзную канкурэнцыю ў абласным этапе. У мінулым кастрычніку гімназістка Юлія Матчэня ў скла-дзе абласной каманды прадстаўляла Брэстчыну і заваявала дыплом III ступені.

Штогод вясной праводзіцца адкрыты конкурс творчых работ “Расія і Беларусь: адзіная гісторыя, адзіны лёс”. Сёлета ён прысвечаны 20-годдзю падпісання Дагавора аб утварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі. Свае таленты ў адкрытым конкурсе могуць паказаць юныя мастакі з 5-7 класаў, 8-10-класнікі, якія маюць схільнасці да журналістыкі, старшакласнікі, якія захапляюцца літаратуразнаўствам.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Людміла Раманенка, чые вучні вынікова больш за дзесяцігоддзе ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і праектах Саюзнай дзяржавы, расказала, што гімназісткі Аліна Гатоўчыц і Ніно Квернадзэ ўжо гатовы да ўдзелу ў творчым спаборніцтве. Аліна ў эсэ выказала свае ўражанні на тэму “Агульны беларуска-расійскі Дом: погляд маладога пакалення”, Ніно падрыхтавала работу “Беларускія паэты – перакладчыкі рускай класікі”.

Дарэчы, у мінулым годзе старшакласніцы Аліна Зубік (настаўніца Святлана Прастакевіч) і Ніно Квернадзэ (настаўніца Людміла Раманенка) сталі ўладальніцамі дыпломаў гэтага прэстыжнага конкурсу. За гэта пераможцы літаратурнай намінацыі тыдзень гасцявалі ў Санкт- Пецярбургу.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *