Эліта дае спадзяванне на эліту
Адно з галоўных складаемых добрага ўраджаю – якасць насеннага матэрыялу. Начальнік раённай дзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Наталля Грынкевіч падкрэслівае: як і належыць, стварэнне насеннага фонду ў кожным сельгаспрадпрыемстве раёна пад кантролем. Летась засыпалі на захоўванне 3181 тону насення яравых збожжавых і зернебабовых культур – усё праверана, адпавядае патрабаванням пасяўных стандартаў. Да сёлетняй яравой сяўбы ў наяўнасці 286 тон элітнага насення, 1756 – першай рэпрадукцыі, астатняе аднесена да другой. Наталля Грынкевіч запэўніла, што сельгаспрадпрыемствы раёна правядуць яравую сяўбу толькі якасным матэрыялам. Найбольш элітнага насення ў СВК “Ляхавіцкі” – 135 тон, “Шляху новым” – 72, КСУП “Тальмінавічы” і райаграсэрвісе – па 35 тон, 10 – у гаспадарцы аграрнага каледжа.
Згодна патрабаванняў Мінсельгасхарчу, доля элітнага насення ў пасяўной структуры павінна складаць не менш як 10 працэнтаў. У нашым раёне гэты паказчык – 15 працэнтаў, што сведчыць: сортаабнаўленне праводзіцца своечасова і кожны год. Сёлета некаторыя сельгаспрадпрыемствы яшчэ закупяць і пасеюць 84 тоны элітнага насення (хаця гэта зусім не танна).
Аліна ЛАПІЧ.