1 чэрвеня — міжнародны дзень абароны дзяцей
1У краіне творчасці, мастацтва і натхнення
Тут творчыя людзі і творчы ўздым,
Адзіная справа радніць і натхняе.
І сэрцам гарачым, рукам залатым
Па сіле задача любая.
Гэтыя словы з песні, аўтары якой — вядомы ляхавіцкі паэт Кастусь Турко і самабытны музыкант Ганна Лосева, сталі калісьці сапраўдным гімнам Дома творчасці, а потым і цэнтра пазашкольнай работы. Не адно пакаленне мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак спяшалася сюды, каб навучыцца вязаць і вышываць, рабіць падарункі ўласнымі рукамі і вырэзваць па дрэве, спяваць і танцаваць. Тут заўжды працавалі і працуюць педагогі і кіраўнікі гурткоў, якія бязмежна любяць сваіх выхаванцаў, вучаць суперажываць, дапамагаць, сябраваць. Сёння педагагічны калектыў ЦПР — гэта 29 таленавітых асоб. Узначальвае яго Людміла Юнік, якая калісьці пачынала тут з кіраўніка тэатральна-лялечнага гуртка.
Без перабольшвання можна сказаць, што ўтульны і прыгожы будынак цэнтра пазашкольнай работы на плошчы Перамогі ў райцэнтры, які пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі ў 2008 годзе гасцінна расчыніў дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак, стаў не проста цудоўным месцам адпачынку, але і своеасаблівай творчай майстэрняй, кузняй талентаў. Зараз у ЦПР дзейнічаюць 107 гурткоў, у якіх займаюцца 1226 рабят па наступных накірунках: тэхнічны, мастацкай творчасці, выяўленчае мастацтва, спартыўна-масавая работа, дадатковая адукацыя.
Пераступіўшы парог ЦПР, трапляеш у своеасаблівую атмасферу творчасці, якая пануе тут паўсюдна. Актавая зала збірае рабят на разнастайныя мерапрыемствы, конкурсы, злёты, форумы, ранішнікі. Побач — своеасаблівае «сэрца» цэнтра — выставачная зала. Вочы разбягаюцца ад экспанатаў. Вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, зробленыя рукамі выхаванцаў і педагогаў, малюнкі, упрыгожванні здзіўляюць арыгінальнасцю і майстэрствам выканання. Не дзіўна, што на разнастайных раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах работы выхаванцаў ЦПР займаюць прызавыя месцы. Тут таксама ладзяцца тэматычныя, персанальныя выставы работ гурткоўцаў.
Падняўшыся на некалькі прыступак, трапляеш у залу, дзе правяць баль грацыёзнасць, лёгкасць рухаў, выдатны густ. Разам з кіраўніком гуртка «Аэробіка» Таццянай Герус дзяўчаты імкнуцца быць стройнымі, здаровымі і мець прыгожую постаць. А пад кіраўніцтвам Надзеі Чынько тут вучацца танцаваць кадрылю, полечку, вальс, танга, ламбаду, нацыянальныя танцы. Танцавальныя кампазіцыі ў выкананні чараўніц з групы «Надзея» — жаданыя на любой канцэртнай пляцоўцы.
На 1-м паверсе размясціўся і гурток «Разьба па дрэве». Тут хлопчыкі асвойваюць разнастайныя прыёмы мастацкай апрацоўкі дрэва. Лыжкі і кухонныя дошкі, паліцы і караблікі, пано — далёка не поўны пералік таго, што можна зрабіць на занятках гуртка. А авалодаць гэтым старажытным, але вельмі запатрабаваным відам мастацтва рабятам дапамагае Уладзімір Лісок.
Але ў асноўным гурткоўцы займаюцца на 2-м паверсе ў светлых, з густам аформ-леных кабінетах.
На занятках гуртка «Лепка» дзеці малююць, займаюцца скульптурай — лепяць з гліны. Раскрываць творчы патэнцыял падрастаючага пакалення на традыцыях народнай культуры дапамагае педагог Святлана Дубіна.
Цацачныя зайчыкі і медзведзяняты, вавёркі і лісічкі, а яшчэ незвычайныя карціны і пано з тканіны, футра і скуры — усё гэта і шмат чаго іншага можна навучыцца рабіць сваімі рукамі на занятках гурткоў » Мяккая цацка» і «Ласкуток» пад кіраўніцтвам Надзеі Садоўскай.
Ведаеце, якія дзіўныя рэчы можна рабіць з паперы, прымяняючы тэхніку «арыгамі»? Менавіта з паперы, тканіны і іншых матэрыялаў робяць падзелкі рабяты разам з кіраўніком Аленай Прыхач у гуртку «Майстры цацкі».
А рабяты, якія займаюцца ў гуртку «Лянок», з невычэрпнай фантазіяй ствараюць з ільну пано, шкатулкі, абярэгі, талісманы, тэматычныя кампазіцыі. Разам са сваім любімым кіраўніком Наталляй Махляр вывучаюць абрады і традыцыі беларусаў.
Майстар на ўсе рукі — гэта пра кіраўніка гурткоў «Юны дызайнер» і «Батык» Алену Макарэвіч. Сваю любоў да прыроды яна больш за 15 гадоў перадае дзецям. Якія цудоўныя кампазіцыі з жывых кветак і сухацветаў складаюць рабяты! Да таго ж гурткоўцы атрымліваюць неабходныя веды па эстэтычным афармленні кампазіцый, знаёмяцца са спосабамі засушвання раслін, вучацца любіць і разумець багаты навакольны свет.
На занятках гуртка «Макрамэ» Таццяна Баўтрукевіч вучыць сваіх выхаванцаў плясці сувеніры, якія прыйдуцца даспадобы і сябрам, і родным у якасці падарунка.
Жадаеце навучыцца вышываць, рабіць маскі, вазы і збаны, звязаць сурвэтку ці цёплую кофтачку — спяшайцеся ў гурткі «Пап’е-машэ», «Вышыўка» і «Вязанне», якімі кіруе Галіна Шайкоўская.
Канструяванне, мадэляванне і пашыў адзення — гэтаму вучыць «Юны мадэль-ер» (кіраўнік Алена Мацуль).
Якая дзяўчына не марыць быць прыгожай, стыльнай, вытанчана-моднай? Сакрэты прыгажосці, макіяжу, этыкету, модных тэндэнцый дапамагае раскрываць Наталля Лаўрыненкава на занятках гуртка «Юная ледзі».
Без выхаванцаў студыі эстраднай песні і музыкі «Ліра» (кіраўнік Юрый Грынь) не абыходзіцца ні адзін канцэрт. Калектыў студыі — неаднаразовы пераможца разнастайных конкурсаў, у тым ліку рэспубліканскага тэлевізійнага фестывалю «Сузор’е надзей».
З задавальненнем, інтарэсам і карысцю займаюцца рабяты ў гуртках «Фотадызайн», «Фантазія», «Беларускі сувенір», «Цуды са скуры», «Трапны стралок», «Клопат», «Парус», «Інтэлектуал», «Юны аўтааматар» і іншых.
Вялікай папулярнасцю ў дашкалят і іх бацькоў карыстаецца суботняя школа ранняга развіцця «Малышок». Маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам спадабаюцца заняткі па рытміцы, маляванні, лепцы з гліны і цеста, а яшчэ з задавальненнем маленькія гарэзы ўдзельнічаюць у тэатральных пастаноўках, рухомых і развіваючых гульнях.
Дарэчы, не толькі гарадскія рабяты ахоплены творчасцю, 12 гурткоў працуюць на базе сельскіх школ.
У цэнтры пазашкольнай работы рабяты займаюцца любімай справай і з карысцю, весела бавяць вольны час. Тэматычныя святы і тыдні, вечары адпачынку і забаўляльныя мерапрыемствы, конкурсныя і спартыўныя праграмы, музычныя і танцавальныя фестывалі, дні адкрытых дзвярэй, традыцыйныя праекты і раённыя злёты піянераў і цімураўцаў збіраюць разам неразлучных сяброў і дзяцей — выхаванцаў і педагогаў цэнтра паза-школьнай работы. Разам яны — вялікая, дружная і таленавітая сям’я, аб’яднаная творчасцю і жаданнем зрабіць свет вакол сябе прыгажэйшым і дабрэйшым.
Галіна КАНЬКО.