Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны
Прыхапілі не сваё
Весела бавілі час за распіццём спіртнога ляхавічанін 1936 года нараджэння і яго 50-гадовая знаёмая. А вось развітанне для мужчыны не было такім радасным: госця пайшла з дому і прыхапіла з сабой кашалёк, дзе ляжала 700 тысяч рублёў. Частку ўкрадзенага зладзейка не паспела патраціць.
Сярод ночы праз акно невядомыя залезлі ў магазін у аграгарадку Конькі і вынеслі з крамы райпо таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму звыш 2,5 мільёна рублёў і больш за 7 мільёнаў рублёў з касы. Прынятымі мерамі вышуку злодзеі ўстаноўлены. Імі аказаліся жыхар Клецка і мясцовы юнак.
Давядзецца адказваць перад законам і жыхару аграгарадка Востраў, які ў доме на хутары каля Смаленікоў украў калекцыю старых манет.
На чужое паквапіліся два навучэнцы ЛДАКа і старшакласнік Ліпскай СШ. Яны ноччу ўзламалі замок і ўкралі матацыкл з гаража ў вёсцы Свяціца.
Па ўсіх фактах узбуджаны крымінальныя справы.
Сярод белага дня
Пракурорам раёна ўзбуджана крымінальная справа адносна раней судзімага, маючага непагашаную і не знятую судзімасць 58-гадовага жыхара аграгарадка Востраў. П’яны мужчына сярод белага дня ўварваўся ў дом да 72- гадовай аднавяскоўкі і спрабаваў яе згвалтаваць. Аднак, жанчына аказала супраціўленне і здолела выбегчы на вуліцу. Падазроны ў злачынстве затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Са зводкамі РАУС знаёмілася Галіна ЗАРЭЧНАЯ.