Ля Гайніна шуміць сяўба
Наваколле ажывілі не толькі птушыныя спевы, але і гул матораў. Нешматлікія жыхары вёскі ўсе на вуліцы: старэйшыя паглядаюць на магутны трактар з шыроказахопнай сеялкай, які ходзіць па полі, радуюцца, бо даўно тут не было такога руху. Вунь які абшар засяваецца: распрацавалі поле, што займалі хутары, зааралі непатрэбныя дарогі, атрымаўся ўчастак у 128 гектараў.
За работай пасяўнога агрэгата на будучым ячменным полі назіраў аграном КСУП “Тальмінавічы” Леанід Цярпіцкі:
– Стараемся ўсё рабіць згодна тэхналогіі: на гектар расходуецца 250 кілаграмаў насення лепшых рэпрадукцый, абавязкова пратраўленае. На руку і тое, што сяўбу праводзім у вільготную глебу. Унесены ўгнаенні: паколькі мінеральных тукаў небагата, то стараемся як мага больш даць арганікі – прыкладна 60 тон на гектар.
Задаволены аграном работай механізатара. Хоць і малады Сяргей Вашчынка, але вопыт работы мае, працаваў у гаспадарцы агракаледжа, перайшоў у “Тальмінавічы”, кватэру атрымаў. Абяцалі, што на пасяўной заробіць добрыя грошы.
На другім агрэгаце шчыруе Уладзімір Жанга, таксама новы чалавек у вёсцы. Старанны, разбіраецца і любіць тэхніку, працуе адмыслова.
– Яшчэ звосені зааралі палову патрэбных плошчаў пад сяўбу, – расказвае аграном. – Плануем, што яравы зерневы клін зойме 1285 гектараў. Стараемся не траціць марна час: механізатар Аляксандр Русін уносіць калійныя ўдабрэнні пад ячмень, на падвозе тукаў Вадзім Федарэнка, рыхтуецца глеба пад авёс і кукурузу ў Куршынавічах – вывозіцца арганіка. Там таксама будуць развораны і засеяны ўсе раней пустуючыя землі. Кукурузная плантацыя зойме ў гаспадарцы 350 гектараў: 100 – на зерне і 250 – на сілас і зялёную масу.
Пакуль размаўлялі, трактар-загрузчык пратраўленага насення адправіўся на дазапраўку. З выгляду і не здагадаешся, што гэта за агрэгат: на колы пастаўлены бункер з трубой. Аказваецца, гэта папрацавалі свае кулібіны. Галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Юруць з камандай умельцаў выкарысталі элементы спісанай тэхнікі і зрабілі загрузчык пратраўленага насення, захаваўшы пры гэтым усе меры перасцярогі.
Дарэчы, спрыяе рабоце і той факт, што абед, падвячорак заўсёды дастаўляюцца своечасова. Звычайна харчуецца 40 чалавек, з улікам тых, хто ў гэтыя дні збірае на полі каменне. Гатуюць абеды свае ж вясковыя паварыхі: ажыла і мясцовая сталоўка, якая таксама не працавала.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.