Пенсійны ўзрост: аптымальная карэкціроўка

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падпісаў Указ № 137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння».
Дакумент накіраваны на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння ў сацыяльна-дэмаграфічных умовах, што змяняюцца. Указам прадугледжваецца з 1 студзеня 2017 года паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі – 58 гадоў; аналагічнае павелічэнне (на 3 гады за 6 гадоў) узросту, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; суразмернае агульнаграмадзянскаму паступовае павышэнне гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых.

У Беларусі прынята рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту. У інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў расказаў, каго закрануць навацыі ў першую чаргу, якія праблемы трэба вырашыць, чым абумоўлена павышэнне ўзросту выхаду на пенсію і якіх рызык гэта дасць магчымасць пазбегнуць.

– З 1 студзеня 2017 года пенсійны ўзрост паступова – штогод на 6 месяцаў – павышаецца для мужчын да 63 гадоў, для жанчын – да 58 гадоў. Чаму захавана пяцігадовая гендарная розніца пенсійных парогаў? Трэба прызнаць, што гэта пытанне выклікала нават больш вострыя дыскусіі на форумах, чым уласна павышэнне пенсійнага ўзросту.

– У гэтых дыскусіях праціўнікі захавання пяцігадовай розніцы прыводзілі толькі адзін аргумент – дэмаграфічную статыстыку аб большай працягласці жыцця жанчын. А пры прыняцці гэтага варыянта былі ўлічаны палажэнні Канстытуцыі, нацыянальнага заканадаўства аб асаблівым клопаце дзяржавы аб жанчынах і іх павышанай сацыяльнай абароне. Што ж да дэмаграфіі, то працягласць жыцця мужчын расце – і нават больш высокімі тэмпамі, чым жанчын. Гэта пазітыўная тэндэнцыя захаваецца і ў будучым – такія прагнозы экспертаў.

– Колькі мужчын і жанчын, паводле ацэнкі, выйдуць на пенсію на паўгода пазней? Якая эканомія сродкаў ад гэтай меры?

– Аб эканоміі не можа быць гаворкі. Мы не можам дапусціць зніжэння памераў пенсій.  За апошні год колькасць жыхароў Беларусі, якія дасягнулі ўзросту 55/60 гадоў, павялічылася больш як на 40 тыс. (статыстыка датычыцца тых, хто стаіць на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацабароне). Цяпер налічваецца 2 млн 354 тыс. такіх пенсіянераў. Калі б не было прынята рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту, то ў 2018 годзе іх колькасць павялічылася б да 2 млн 445 тыс. – гэта плюс 90 тыс. чалавек. Дадаткова на выплату пенсій трэба было б знайсці ў 2018 годзе значны аб’ём сродкаў – каля 3,5 працэнта ад сённяшніх расходаў на пенсійнае забеспячэнне, у 2019-м –

5,2 працэнта, у 2020-м – 6,9 працэнта, а ў 2030-м – амаль 20 працэнтаў. Цяпер аб колькасці тых, каго закране новая норма. Штогод гэта будзе каля 100 тыс. чалавек. За 2015 год органы па працы, занятасці і сацабароне назначылі  134,7 тыс. новых пенсій, з іх 104,8 тыс. пенсій па ўзросце. Для прастаты падліку – у год назначаецца больш як 100 тыс. пенсій па ўзросце. Пры павышэнні пенсійнага парога на паўгода палавіна ад гэтай колькасці штогод будуць выходзіць на пенсію на паўгода пазней, чым цяпер, другая палавіна – на год пазней.

– Вельмі многія людзі не разумеюць, што азначае на практыцы штогадовы паўгадавы крок…

– Жанчыны, якія нарадзіліся ў перыяд з  1 студзеня па 30 чэрвеня 1962 года, і мужчыны, народжаныя ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1957 года, змогуць рэалізаваць сваё права на пенсію з ліпеня па снежань 2017 года – яны пойдуць на пенсію ў   55 гадоў 6 месяцаў і 60 гадоў 6 месяцаў адпаведна. Іх равеснікі, чый дзень нараджэння прыпадае на другое паўгоддзе   1962 і 1957 года, выйдуць на пенсію ўжо ў другой палавіне 2018 года – у 56/61 год.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1963 года, і мужчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1958 года, змогуць выйсці на пенсію ў другім паўгоддзі 2019 года – ва ўзросце 56 гадоў і 6 месяцаў і 61 года 6 месяцаў. Тыя жанчыны і мужчыны, хто нарадзіўся ў другім паўгоддзі 1963 і 1958 года, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2020 года – у 57/62 гады.

Жанчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1964 года, і мужчыны, якія нарадзіліся ў першым паўгоддзі 1959 года,   выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі  2021 года – ва ўзросце 57 гадоў 6 месяцаў і 62 года 6 месяцаў. Жанчыны і мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1964-га і  1959-га, выйдуць на пенсію ў другім паўгоддзі 2022 года – у 58/63 гады.

Пры гэтым трэба звярнуць увагу, што ўзрост выхаду на пенсію будзе залежаць не толькі ад даты нараджэння, але і ад даты звароту за назначэннем пенсіі. Так, калі жанчына, народжаная ў другім паўгоддзі   1962 года (напрыклад, у снежні), звернецца за назначэннем пенсіі не ў перыяд узнікнення права на пенсію (у снежні 2018 года), а пазней, скажам, у лютым 2019 года, то права на пенсію ёй можа быць прадастаўлена не раней, чым яна дасягне пенсійнага ўзросту, устаноўленага для жанчын у 2019 годзе (56 гадоў 6 месяцаў), інакш кажучы не раней за чэрвень 2019 года.

– Як новы пенсійны ўзрост і плаўныя тэмпы яго ўвядзення (па 6 месяцаў з 1 студзеня кожнага года) увязаны з ёмістасцю рынку працы?

– Прыняты варыянт павышэння пенсійнага ўзросту не прывядзе да росту напружанасці на рынку працы.  Як вядома, пасля назначэння пенсіі большасць грамадзян прадаўжаюць працаваць яшчэ каля 5 гадоў. Сёння працуюць 663 тыс. пенсіянераў, або 25 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Паводле статыстыкі, у першы год пасля назначэння пенсіі прадаўжаюць працоўную дзейнасць амаль 68 працэнтаў жанчын і больш як палавіна мужчын. Цераз пяць гадоў пасля назначэння пенсіі прадаўжаюць працаваць 40 працэнтаў жанчын і 30 працэнтаў мужчын.

Інакш кажучы занятасць сярод новых пенсіянераў даволі высокая. Улічваўся і выхад выпускнікоў на рынак працы: ад  95,8 тыс. чалавек у 2017 годзе да 78,3 тыс. чалавек у 2020-м. Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам № 78 плануецца штогод ствараць 50 тыс. рабочых месцаў за кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Паводле ацэнак, усе гэтыя складнікі дадуць магчымасць захаваць магчымасці занятасці і для моладзі, і для старэйшага пакалення.

– А ці захаваюцца пенсійныя льготы?

– Так, у Беларусі захоўваюцца дзеючыя пенсійныя льготы па раннім выхадзе на пенсію сацыяльна слабаабароненых грамадзян, за работу ў нездавальняючых умовах працы, а таксама дзяржслужачым і ваеннаслужачым. Пры гэтым пенсійны ўзрост для льготных (датэрміновых) пенсій павялічыцца суразмерна павышэнню агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Тым самым будзе забяспечаны аднолькавы, роўны падыход да ўсіх катэгорый.

– На думку Прэзідэнта, не варта абмяжоўвацца прымаемымі ў дзяржаўнай пенсійнай сістэме мерамі, павышэннем пенсійнага ўзросту. Якія навацыі яшчэ нас чакаюць?

– Хутчэй не навацыі, а развіццё дзеючых падыходаў. У прыватнасці, размова ідзе аб добраахвотным пенсійным страхаванні. У многіх развітых краінах (Аўстрыі, Бельгіі, Канадзе, Чэхіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Ірландыі, Венгрыі, Славеніі, Новай Зеландыі, Грэцыі) шырока распаўсюджаны дадатковыя карпаратыўныя пенсіі ад работадаўцаў, яны сталі важкай дабаўкай да дзяржаўных пенсій.

Мэтазгоднасць пашырэння практыкі ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі прадугледжана і ўказам аб удасканаленні пенсійнай сістэмы.

– Нашу пенсійную сістэму людзі часта крытыкуюць, гэта не сакрэт. Аднак суб’ектыўнае ўспрыманне і рэальная ацэнка – рэчы розныя, паколькі кропкі адліку не заўсёды супадаюць.

– Нацыянальная пенсійная сістэма адпавядае агульнапрызнаным у міжнароднай практыцы крытэрыям.  Ужо больш як дзесяць гадоў суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй зарплаты (так званы каэфіцыент замяшчэння) падтрымліваецца на ўзроўні не менш як 40 працэнтаў. А гэта рэкамендацыя Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Паступова павялічваюцца суадносіны пенсій і бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) пенсіянера. На канец 2000 года пенсію ў памеры ніжэйшым за БПМ атрымліваў кожны трэці пенсіянер, сёння – менш за 1 працэнт.  На выплату пенсій у Беларусі апошнія гады накіроўваецца амаль 10 працэнтаў ВУП, што супараўнальна з сярэднімі расходамі ў развітых дзяржавах.

– Адваротны бок сацыяльных гарантый – нагрузка на эканоміку.

– Любая пенсійная сістэма непарыўна звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй, рынкам працы і занятасцю, эканомікай краіны. Сёння перад Беларуссю, як, зрэшты, і іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, стаіць задача адаптаваць пенсійную сістэму да дэмаграфічных змяненняў. Трэба настроіць сістэму такім чынам, каб, з аднаго боку, яна прадастаўляла сацыяльна прымальныя пенсіі, з другога – была пасільнай для эканомікі і не абмяжоўвала эканамічны рост.

Многае ўжо зроблена. Скажу больш – ужо некалькі гадоў ідзе пенсійная рэформа. Адаптацыя пенсійнай сістэмы да новых рэалій праводзіцца спакойна, паступова, з замацаваннем прынцыпаў “Пенсія павінна зарабляцца”, “Чым большы стаж і заработак, тым вышэйшая пенсія”, “Чым пазней назначаецца пенсія, тым яна вышэйшая”. І гэтыя прынцыпы падтрымліваюцца нашымі грамадзянамі.

Адным з першых прыкметных крокаў стала ўдасканаленне падыходаў да прадастаўлення – ранняй пенсіі за работу ў шкодных умовах працы. У Беларусі ж прыменены максімальна мяккі падыход – створана асобная дадатковая прафесійная пенсійная сістэма.

Так, з 1 студзеня 2009 года ў рэспубліцы ўведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне (ППС) работнікаў, занятых у нездавальняючых умовах працы. Для датэрміновых пенсій такіх работнікаў работадаўцам фарміруюцца асобныя сродкі. Тым самым датэрміновыя пенсіі па ўмовах працы паступова выводзяцца за рамкі агульнай пенсійнай сістэмы. І значыць, агульныя пенсійныя сродкі не будуць траціцца на датэрміновыя пенсіі.

Сёння маладыя работнікі ўжо могуць выбраць: фарміраваць права на датэрміновую пенсію або – замест гэтага – атрымліваць даплату да бягучага заработку ў памеры мэтавых узносаў (уведзена з 2013 года). Дарэчы, гэта магчымасць шырока выкарыстоўваецца.

Істотна павялічаны мінімальны стаж работы з выплатай узносаў, неабходны для назначэння пенсіі, – з 5 да 15 гадоў 6 месяцаў. Да 2025 года ён будзе паступова даведзены да 20 гадоў (павышаецца штогадова на паўгода). Тым самым практычна ўраўноўваюцца перыяды фарміравання права на пенсію і яе атрымання. Пры гэтым захаваны ранейшы 5-гадовы стаж для сацыяльна слабаабароненых катэгорый – шматдзетных маці з пяццю дзецьмі, інвалідаў з дзяцінства і іх бацькоў і інш.

На пяць гадоў павышаны пенсійны ўзрост для тых, хто не адпрацаваў мінімальнага страхавога стажу. З 2015 года ўведзена правіла аб вылічэнні памеру пенсіі з абавязковым улікам звестак аб заработку па даных персаніфікаванага ўліку. Гэта садзейнічае легалізацыі даходаў.

Каб стымуляваць людзей зарабляць пенсію, узмоцнены ўплыў на яе памер кожнага года працяглага стажу, высокага заработку грамадзян. У выніку максімальны памер пенсіі па ўзросце ў непрацуючага атрымальніка (пры стажы 40/45 гадоў, індывідуальным каэфіцыенце заработку  5,0 і вышэй) перасягае мінімальны памер гэтай пенсіі ў 3,1 раза, а сацыяльную пенсію тых, хто не выпрацаваў стаж, – у 6,1 раза.

Каб работнікі маглі больш паўплываць на памер будучай пенсіі, павялічана «прэмія» за адкладзены выхад на пенсію. Адмова ад пенсіі на 5 гадоў дае магчымасць павялічыць яе ў сярэднім у 1,7-1,8 раза.

– Прынятых мер аказалася недастаткова?

– Дэмаграфічныя змяненні будуць вельмі інтэнсіўнымі. Таму патрэбны больш сур’ёзныя меры. За апошнія дзесяцігоддзі ўзроставая структура насельніцтва Беларусі кардынальна змянілася. Удзельная вага людзей пенсійнага ўзросту ў агульнай колькасці насельніцтва павялічылася з  13,6 працэнта ў 1960 годзе амаль да   25 працэнтаў у 2015 годзе і, паводле ацэнкі, да 2030 года складзе 30 працэнтаў. Гэта будзе адбывацца на фоне зніжэння колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце. Так, з 2017 па 2020 год колькасць асоб, якія дасягаюць узросту 55/60 гадоў, будзе ў 1,5-1,6 раза перасягаць колькасць маладых людзей, якія дасягаюць 16 гадоў.

Цяпер на 100 работнікаў прыпадае   61 пенсіянер. Калі б рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту не было прынята, то ў 2020 годзе на 100 работнікаў прыпадала б  66 пенсіянераў, а ў 2030 годзе – ужо 78.

З улікам дэмаграфічных прагнозаў важна захаваць колькасць грамадзян у працаздольным узросце і стабілізаваць (інакш кажучы не павялічваць) колькасць пенсіянераў. Гэта дасць магчымасць не дапусціць зніжэння ўзроўню пенсій – без перакладання адказнасці, звязанай з празмернай нагрузкай па ўтрыманні пенсіянераў, на нашых дзяцей.

Хачу падкрэсліць: рашэнне наконт пенсійнага ўзросту нельга было больш адкладаць. Упусціўшы гэты момант цяпер, у далейшым мы не змаглі б павышаць пенсійны ўзрост плаўна і паступова.

Меркаванні

Наталля Качанава,   намеснік прэм’ер-міністра Беларусі:
«Варыянт павышэння пенсійнага ўзросту да    58 гадоў для жанчын і    63 для мужчын найбольш мяккі, найбольш прымальны цяпер… Такі пераход будзе не настолькі балючым для тых людзей, якія ў бліжэйшы час павінны былі пайсці на пенсію».

Валерый Барадзеня, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах:
«Павышэнне пенсійнага ўзросту, якое вырашана ажыццявіць у Беларусі, знізіць націск на фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Тэмп павышэння выбраны паспяховы – на шэсць месяцаў за год. Пры гэтым няма ніякай небяспекі, што ў арганізацыях стане больш пажылых людзей, якія не будуць даваць дарогу маладым. Гэта ж вопытныя людзі. Вельмі рэдка іх можа хто-небудзь адразу замяніць, прыйшоўшы са студэнцкай лаўкі. Маладым трэба старацца трапіць на пасады, дзе патрабуецца большая актыўнасць і рухавасць».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *