Рэальнасць і перспектыва

Тэма размовы была адна з тых, што найбольш хвалююць людзей: перспектывы развіцця раёна – прамысловых, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, добраўпарадкаванне, арганізацыя паслуг і многае іншае, з чаго складаецца наша жыццё. Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука пабывала ў СВК “Жарабковічы”. У парадку выключэння, ранішні нарад хлебаробаў быў перанесены з мехмайстэрні ў сельскі Дом культуры. Прысутныя з цікавасцю слухалі выступленне старшыні райвыканкама, які спыніўся на галоўных напрамках развіцця народнай гаспадаркі раёна, падрабязна прааналізаваў вытворчыя паказчыкі сельгаспрадпрыемства. Жарабковіцкія працаўнікі зацікаўлена слухалі параўнанні вытворчых паказчыкаў сваёй гаспадаркі і суседняй – СВК ”Ляхавіцкі”, якія красамоўна гаварылі пра шматлікія недапрацоўкі і, як вынік, недаатрыманыя прыбыткі. Нават пытанняў не было да старшыні райвыканкама: працаўнікі сельгаскааператыва самастойна зрабілі выснову, што толькі ў выніку настойлівай працы можна ўзмацніць эканоміку гаспадаркі.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні  раённага Савета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча наведалася ў кааппрам – прадпрыемства, якое забяспечвае насельніцтва многімі прадуктамі харчавання, у тым ліку – хлебам. На прадпрыемстве за апошнія гады значна палепшыліся ўмовы працы, што, безумоўна, садзейнічае выпуску больш якаснай прадукцыі. Аднак, многае яшчэ належыць зрабіць. Летась тут выпушчана прадукцыі на 7,5 мільярда рублёў, за 5 месяцаў бягучага года вытворчасць прадуктаў харчавання павялічылася на 18 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. Працягваецца мадэрнізацыя цэхаў і абсталявання, калектыў працуе над вырашэннем праблем, у тым ліку і тых, што датычаць павышэння зарплаты, якая ў прамой залежнасці ад   аб’ёмаў, якасці і запатрабаванасці прадукцыі.

Прысутным было цікава даведацца і пра тое, чым жыве наш раён, як у далейшым будуць вырашацца пытанні добраўпарадкавання, жыллёвыя, працаўладкавання і г.д. Член інфармацыйна-прапагандысцкай групы начальнік інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Ляхавіцкім раёне Анатолій Жабік гаварыў пра праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на бліжэйшую пяцігодку.

Удзельнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы адказалі на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *