У пятніцу, пасля абеду, самы час пасля чарговага «чыстага чацвярга» паглядзець, што зроблена

Зарасла хмызняком і смеццем гарадская «Крыніца».

Традыцыйны месячнік па добраўпарадкаванні праходзіць па ўсёй краіне. У гарадах і вёсках чысцяць, зграбаюць, падмятаюць, рамантуюць, падсыпаюць каля ўласных сядзіб, на дачах, агародах, у дварах, каля адміністрацыйных будынкаў, месцаў грамадскага адпачынку. Але, на жаль, не ўсюды і не ўсе. У чым і ўпэўніліся карэспандэнты “ЛВ”   у мінулую пятніцу.

Спачатку зазірнулі ва ўнутраны двор за магазінам “Родны кут” і кафэ “Калі ласка”: тут стала больш парадку, чым раней. Падмецена, смецце сабрана ў невялікія кучкі, абрэзана кустоўе, устаноўлены кантэйнеры. Праўда, яны хоць і прызначаны для паасобнага збору адходаў, чым толькі не запоўнены.

Псуе ў цэлым нядрэнную карціну цэлая гара  таго, што раней было  мэбляй, а цяпер гаспадары дома № 26 па вуліцы Леніна звалілі ў двары. Як запэўніла адна з тутэйшых жыхарак, часовую звалку прапанаваў зрабіць камунгас, паабяцаўшы пасля нядзелі (10 красавіка) усё вывезці. Праўда, гэта куча пачала расці яшчэ з мінулай восені.

З прыходам цяпла не пазайздросціш жыхарам вуліцы Цітовіча, асабліва тым, чый шлях ляжыць каля былога адміністрацыйнага будынка райпо. Што захоўвае ў падвальным памяшканні новы гаспадар, не ведаю, ды ад усяго гэтага ідзе такі “водар”, што ніякае свежае вясновае паветра яго не перабівае. І за будынкам – безгаспадарчасць: тэрыторыя ўсыпана рэшткамі будаўнічых матэрыялаў. Наводзіць парадак не спяшаюцца. Колькі часу працягваецца такая карціна, якая ўжо трапляла ў аб’ектыў фотакарэспандэнта “ЛВ” – а перамен да лепшага не відаць.

Пройдзем далей – за мостам праз Ведзьму ёсць цікавае месца, якое б магло стаць адной з візітовак нашага райцэнтра. Яшчэ нядаўна гарадская “Крынічка” была параўнальна ўладкаванай і ўтульнай, прыцягвала ўвагу шматлікіх прахожых. Сённяшняя карціна дагледжанасцю не вызначаецца. Наўрад ці хто вырашыць папіць вадзіцы з такой крыніцы. Сумна, аднак. А яшчэ крыўдна. Змаглі ж у суседняй Сіняўцы Клецкага раёна ператварыць звычайную крыніцу ў добраўпарадкаваны куточак, эстэтычна аформлены, куды пасля загса абавязкова заходзяць маладыя – на шчасце.

А ад ляхавіцкай крыніцы некалькі метраў да зараснікаў кустоўя, дрэў, дзе натыкаешся на сметнік, які прарос пустазеллем. Насупраць такі ж вэрхал, праўда ўжо на прысядзібных участках дамоў па завулку Пугачова. Сумная карціна вельмі супярэчыць вясне…

Так званая прамысловая зона райцэнтра месячнік сустрэла ва ўсеўзбраенні. Многія паспелі навесці чысціню, напрыклад, работнікі ДРБУ-200, якія выйшлі з кабінетаў і добраўпарадкоўвалі тэрыторыю вакол свайго адміністрацыйнага будынка.

Клапоцяцца пра парадак і прыгажосць ля сваіх аб’ектаў выратавальнікі, лясгасаўцы, будаўнікі, работнікі райаграсэрвіса, ПМК-17 і ПМК-13. Каля кааппрама і клумбы разбіты, і кветкі пасаджаны, і парадак наведзены. А калі зайсці з супрацьлеглага боку – зусім іншы малюнак…

Прыемна глянуць на парк па вуліцы Вакзальнай. Усё ў парадку з парадкам і каля будынка былога гандлёвага цэнтра.

У якую пару года, у які час ні завітаеш на чыгуначны вакзал, каб і хацеў прычапіцца, няма да чаго – нібы толькі ўчора зрабілі капітальны рамонт. А побач, праз вузкую палоску заасфальтаванай дарогі (за магазінам і базай райпо) – супрацьлеглая карціна: смецце, папера, бутэлькі, сухія галінкі і ўсялякі бруд. Чым далей – тым горш.

Не самы прывабны пейзаж трапіў у аб’ектыў фотакарэспандэнта “ЛВ” і на ўзлеску па дарозе з Ляхавічаў у Задвор’е. Хапае тут рэшткаў мінулагодніх і сёлетніх пікнікоў. Не варта раўняцца і на тых прыбіральшчыкаў, якія смецце… схавалі пад галлём.

Па дарозе з райцэнтра ў Русінавічы спыніліся каля месца, дзе дарожнікі захоўваюць пясчана-саляную сумесь. Зноў убачылі несанкцыянаваны сметнік: рэшткі жывёльных шкілетаў, будаўнічыя адходы, папера… Да заканчэння традыцыйнага Тыдня лесу заставалася  2 дні. Цікава, ці дайшлі сюды зялёныя патрулі, валанцёры і работнікі лясгаса?

Месячнік добраўпарадкавання прадаўжаецца. Ёсць час выправіць памылкі і стварыць навокал чысціню і прыгажосць.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На вуліцы Вакзальнай за базай райпо.

Беспарадак за былым адміністрацыйным будынкам райпо

За магазінамі райпо па вуліцы Цітовіча.

One thought on “У пятніцу, пасля абеду, самы час пасля чарговага «чыстага чацвярга» паглядзець, што зроблена

  • 15/04/2016 в 20:22
    Permalink

    всему вина…райпо. 🙂 !?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *