Раннія яравыя фінішуюць
Сяўба ў разгары: гектар за гектарам павялічваецца яравы клін. І вось ужо раннія збожжавыя пасеяны ў СВК “Ляхавіцкі” – 470 гектараў, як і планавалі. Прычым, як заўсёды, у самыя спрыяльныя тэрміны і пры высокай культуры земляробства. Услед за “Ляхавіцкім” справіліся з сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых культур у ДП “Нача”, аграрным каледжы. Сёння з гэтымі работамі павінны выйсці на фінішную прамую ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна: з запланаваных пад сяўбу 19480 гектараў 7500 адведзены ў раёне пад раннія культуры.
Сяўба працягваецца і далей. Максімум тэхнікі выведзены на палі ў СВК “Жарабковічы”, дзе самы большы ў раёне яравы клін – 3844 гектары адведзены пад веснавую сяўбу. Шчыруюць у СВК “Шлях новы”, які не на многа адстаў ад гаспадаркі-суседкі: яравыя культуры зоймуць 3500 гектараў, а ў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 2673 гектары. Гэтымі днямі на палях сельгаспрадпрыемстваў раёна задзейнічана каля 30 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 15 сеялак – упаўне дастаткова, каб у тэрмін справіцца з веснавымі работамі.
Паралельна вядуцца і іншыя палявыя работы. СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы” распачалі сяўбу цукровых буракоў, ільнозавод і льнонасенстанцыя завяршаюць сваю пасяўную – ільняную, вядзецца сяўба аднагадовых і падсеў шматгадовых траў. Сёння-заўтра плануюць аграрыі прыступіць да сяўбы кукурузы: наступіў самы спрыяльны час для “каралевы палёў”. Пра бульбу таксама нельга забываць. У “Ляхавіцкім”, напрыклад, ужо “нарэзваюцца” барозны для пасадкі клубняў.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.