Фальк-мадэрновая “Дуда” ў выкананні “кужалят”. Гурток «Кужалёк » з СШ№1 г. Ляхавічы адзначыў сваё дзесяцігоддзе
16 красавіка ў СШ №1 было святочна, гасцінна і песенна – тут адзначалі дзесяцігадовы юбілей фальклорнага гуртка “Кужалёк”. Мілагучна, пяшчотна, сакавіта гучала беларускае слова. Атрымалася сапраўднае свята народнай творчасці, на якое завіталі шматлікія сябры, госці і бацькі.
А пачыналася некалі ўсё з захаплення фальк-лорам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Наталлі Сідор, якая абудзіла інтарэс да народнай творчасці і ў дачкі Паліны. Дзяўчынка прыгожа, з душой расказвала народныя паданні, спявала. А акампанаваў ёй старшакласнік Андрэй Асімовіч. Іх адметнае выступленне на абласным фестывалі “Радавод ” і стала штуршком для з’яўлення “Кужалька”. У гурток прыйшоў увесь 6 “А”, у якім Наталля Мікалаеўна была класным кіраўніком.
Рабяты хадзілі ў этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках раёна, запісвалі мясцовыя паданні, легенды, жарты, песні часоў маладосці прабабуль і прадзядуль. А тыя з задавальненнем і радасцю дзяліліся сваімі ўспамінамі, раілі, як лепш выканаць той ці іншы твор. Сапраўдны майстар-клас атрымліваўся! “Кужаляты” навандравалі такі рэпертуар, які гучнымі апладысментамі сустракалі не толькі землякі.
Паспяховае выступленне на абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод” стала для гуртка добрай традыцыяй. Набыткі народнай творчасці ўвасабляюцца і ў даследчыя работы, становяцца цікавым матэрыялам для семінараў, шматлікіх выступленняў. Да таго ж, “кужаляты” не проста спяваюць бабуліны песні, яны іх апрацоўваюць, робяць аранжыроўкі на новы лад. І вось ужо гучаць у стылі фальк-мадэрн “Дуда”, “Пава лугавая”, “Цешчанька” і многія іншыя.
“Кужалёк” стаў своеасаблівай візітоўкай СШ №1, гурткоўцы шчыра сустракаюць-вітаюць школьных гасцей, дораць добры настрой. Другое пакаленне гурткоўцаў падрасло, працягвае фальклорныя традыцыі, вывучае і зберагае культурную спадчыну. Сёння “Кужалёк” – гэта 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх беларускае слова – самае роднае.
…А на сцэне песня змянялася жартам, паданне – завадным танцам “Мальвіна”, “Субота”, “Матлёт” – пад гэтыя мелодыі і менавіта так танчылі калісьці.
…Юбіляраў віншавалі сябры, сярод якіх, акрамя такіх жа нераўнадушных да народнай спадчыны рабят і педагогаў з гарадскіх школ і выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, быў і ветэранскі калектыў “Сівізна”. Колькі сумесных сустрэч праведзена, колькі розных песень спета!
Песня – выдатны настаўнік, які аб’ядноўвае людзей. І цудоўна, што ў СШ №1 надаюць увагу захаванню народнай творчасці, якую майстарскі і артыстычна прэзентуюць юныя таленты.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.