Калектыўны рахунак для добрых спраў. Беларускаму прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу 30 гадоў
Сёння ў радах раённай арганізацыі 18 прафсаюзных пярвічак, 3546 чалавек – галоўным чынам работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці, навучэнцаў і выкладчыкаў ЛДАКа.
Дарэчы, папоўніць прафсаюзныя рады работнікаў АПК імкнуцца калектывы некаторых прыватных прадпрыемстваў. Нядаўна членамі прафсаюза сталі працаўнікі ТАА “Трансэлектракамплект”, калектыў ЗТАА “БелДан” таксама выказаў жаданне далучыцца да самай масавай арганізацыі.
Пра дзейснасць і ўплывовасць любога фарміравання мяркуюць па справах. Як расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык, даводзіцца вырашаць шматлікія пытанні і праблемы. На першым плане – пастаянны грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы і правіл аховы працы, абароне правоў і інтарэсаў работнікаў. У якасці свежага прыкладу Мікалай Міхайлавіч прыгадаў зварот старшыні прафкама і работнікаў райаграсэрвіса, якім неабгрунтавана зменшылі тарыфную стаўку, што прыкметна адбілася на зарплаце. Пасля праверкі райкам прафсаюза даслаў рэкамендацыі, якія разгледжаны кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства надзвычай уважліва: у наступным жа месяцы быў зроблены пераразлік, людзям вярнулі недаатрыманыя грошы.
Двойчы на год на пася-джэннях прэзідыума райкама прафсаюза разглядаюцца вынікі выканання калектыўных дагавораў, распрацоўваюцца новыя палажэнні, накіраваныя на падтрымку і абарону правоў працаўнікоў. Прафсаюзныя грамадскія кантралёры кожны месяц правяраюць тэрміны выплаты зарплаты, наяўнасць зацверджанага штатнага раскладу, пісьмовых працоўных дагавораў, афармленне кантрактаў, захаванне службовых інструкцый, парадак прадастаўлення працоўных водпускаў і многае іншае. За паўгоддзе правяраецца прыкладна 10-15 арганізацый.
Вясна паклікала аграрыяў у поле, а разам з імі працуюць на пасяўной і прафсаюзныя лідары: арганізацыя і правядзенне раённага спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў, механізатараў і механізаваных звенняў – іх справа. На месцах штодзень падводзяцца вынікі работы. Лепшыя працаўнікі, якія не дапусцілі парушэнняў працоўнай дысцыпліны і тэхнікі бяспекі, заахвочваюцца мараль-на і матэрыяльна. Дарэчы, умовы працы, створаныя ў калектывах, таксама пад кантролем прафсаюза, які штогод ініцыюе правядзенне раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, абслуговай базы сельгасарганізацый. Адно з асноўных патрабаванняў – стварэнне спрыяльных умоў працы і вытворчага быту на рамонтных майстэрнях і МТФ. Летась пераможца раённага конкурсу СВК “Ляхавіцкі” па хадайніцтве райкама прафсаюза атрымаў матэрыяльнае заахвочванне.
Праходзіць працоўнае спаборніцтва і на жніве.
На правядзенне шматлікіх мерапрыемстваў, зразумела ж, патрабуюцца сродкі. Асноўная крыніца папаўнення бюджэту раённай і пярвічных арганізацый – прафсаюзныя ўзносы. Гэта яшчэ і магчымасць матэрыяльна падтрымаць найперш ветэранаў вайны і працы: праводзяцца акцыі “Ветэранам – наш клопат”, прымеркаваныя да Дня Перамогі, Дня пажылых людзей, ушаноўваюцца юбіляры – члены прафсаюза работнікаў АПК. Не пакінута без увагі ні адна заява аб аказанні матэрыяльнай дапамогі. Акцыя “Прафсаюзы – дзецям” – гэта і летняе аздараўленне, і матэрыяльная падтрымка бацькам пры падрыхтоўцы да пачатку новага навучальнага года, экскурсіі і ўдзел рабят у раённых і абласных святочных імпрэзах. Заўсёдная ўвага і падтрымка малазабяспечаным і мнагадзетным сем’ям. Адной з першых адгукнулася прафсаюзная арганізацыя на просьбу аб дапамозе сабраць сродкі на лячэнне навучэнкі агракаледжа. Да вырашэння праблемы далучыўся і абкам прафсаюза.
Прафсаюзная арганізацыя АПК справамі даказвае сваю вартасць. Станіслаў Дыдышка, Тамара Несцяровіч, Мікалай Вараб’ёў, Аляксандра Матчэня ў свой час працавалі вызваленымі старшынямі прафкамаў былых калгасаў “Шлях да камунізму”, імя Ламаносава, племзавода “Ганчароўскі”, саўгаса-тэхнікума. Ім на змену прыйшлі новыя лідары, нераўнадушныя і актыўныя.
У СВК “Жарабковічы” прафкам узначаліла інжынер-будаўнік Людміла Мікуліч, якая здолела наладзіць работу так, што ў арганізацыю вярнуліся і тыя, хто па нейкіх прычынах пакінуў яе рады. Спаборніцтвы, ушанаванні, шматлікія паездкі па гістарычных мясцінах, матэрыяльная дапамога і падтрымка тым, каму яны неабходныя, – толькі частка добрых спраў прафкама гэтага сельгаскааператыва.
Актыўная жыццёвая пазіцыя старшыні прафкама СВК “Ляхавіцкі” Валянціны Герасімовіч дапамагае калектыву ісці ў нагу з часам. Шмат добрых спраў на рахунку прафкама СВК “Шлях новы” і яго старшыні Аляксандра Кур’яна і многіх іншых.
Стаж прафсаюзнай дзейнасці старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалая Вайцешыка 16 гадоў – палова часу існавання арганізацыі. Нядаўна прэзідыум рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіў яго знакам “За заслугі”, а Брэсцкая абласная прафсаюзная арганізацыя – ганаровай граматай.
Аліна ЛАПІЧ.