І сніцца Прыпяць. Ужо чвэрць стагоддзя, як члены сям’і Дубікоўскіх з Нароўлі сталі нашымі землякамі – ляхавічанамі
Дом пабудаваны ўласнымі рукамі на беразе Прыпяці, гаспадарку, упарадкаваны агарод, наладжаны быт – усё гэта амаль чвэрць стагоддзя назад давялося пакінуць Таццяне і Віктару Дубікоўскім з сынамі. Яны з тых, каго пасля назвалі перасяленцамі.
– Як у Ляхавічах многія не абыходзяцца без веласіпедаў, так некалі ў нас літаральна ў кожнага, асабліва ў тых, хто жыў на самым узбярэжжы, была лодка, а то і некалькі, – успамінае Таццяна Дубікоўская.
Да размовы далучаецца і яе муж:
– А рыба якая цудоўная лавілася. Вельмі сумую менавіта па прыпяцкай рыбалцы.
– Той дзень у памяці да драбніц. Цвілі пышнай квеценню сады, пасеялі агарод… Хто ж ведаў, што не з’ямо нічога з таго ўраджаю. Тады, напрыканцы красавіка 1986 го-
да, па горадзе маланкаю разляцелася вестка: аварыя на атамнай электрастанцыі. Хаця асаблівай заклапочанасці і адчування небяспекі не было: аварыя ды аварыя, – расказвае Таццяна Сяргееўна.
Што праблема сапраўды ёсць і яна сур’ёзная, жыхары Нароўлі (горад знаходзіцца ў 50 кіламетрах ад Чарнобыля) пачалі ўсведамляць пазней. Потым наступіла лета, а з ім і нязвыклая карціна: на вуліцах, набярэжнай не было дзяцей. Усіх без выключэння адпраўлялі ў летнікі, санаторыі, прафілакторыі – далей ад забруджаных радыяцыяй тэрыторый.
Віктар Дубікоўскі, які працаваў на Нараўлянскім малочным заводзе, вывозіў абсталяванне з прадпрыем-стваў, размешчаных у 30-кіламетровай зоне адчужэння. Таццяна Сяргееўна на тых жа тэрыторыях прадавала прадукцыю, што выпускалася на трыкатажнай фабрыцы. Медаль “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварый на ЧАЭС” за працу ў тыя часы ўручана абодвум Дубікоўскім.
Але з’явіліся сур’ёзныя праблемы: хаця дзяцей кожныя канікулы адпраўлялі на аздараўленне ў чыстыя рэгіёны краіны, яны хварэлі ўсё часцей. Мама то ехала праведаць меншага ў Гродна, то спяшалася да старэйшага ў Мінск. І аслаблены арганізм не вытрымаў – інсульт, за ім група інваліднасці.
– Не за сябе было страшна – за дзяцей. Доўга не адважваліся на пераезд, шкада было пакідаць родныя мясціны, дом, гаспадарку. Але ўзважылі ўсё і вырашылі: здароўе і будучыня дзяцей важней за ўсё, – гаворыць Віктар Юр’евіч.
Як і іншым ліквідатарам і перасяленцам, Дубікоўскім прапанавалі пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск ці любы абласны горад, але яны хацелі, каб іх адрасам стаў утульны невялікі райцэнтр, падобны на Нароўлю. Выбар прыйшоўся на Ляхавічы. Было гэта ў 1992 годзе.
Пераехалі. Атрымалі кватэру ў доме па вуліцы Інтэрнацыянальнай, сыны пайшлі вучыцца ў гімназію.
– Дзеці вельмі хутка тут сталі сваімі. Муж уладкаваўся слесарам на малочны завод. Падтрымлівалі і сябры – сям’я Клапаткоў, якіх ведалі яшчэ па Нароўлі. Паціху прывыклі, цяпер нават не ўяўляем, што маглі б жыць у іншым месцы. Нам тут падабаецца, тут нарадзіліся нашы ўнучкі, – дзеліцца Таццяна Дубікоўская.
А штогод на Радаўніцу яны ўсе едуць на сваю малую радзіму.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея Варановіча.