30 гадоў пасля. 26 красавіка – Дзень Чарнобыльскай трагедыі

Выбух, што здарыўся ў ноч на 26 красавіка 1986 года, разам з таўшчэзным слоем бетону рэактарнай залы Чарнобыльскай АЭС раскалоў жыццё на “да” і “пасля”. У той ці іншай ступені “асколкі” таго выбуху зачапілі многія краіны. Асноўны ж удар тэхнагеннай катастрофы прыйшоўся на тройку славянскіх рэспублік былой вялікай дзяржавы. Пры гэтым Беларусь, геаграфія якой непараўнальна меншая за ўкраінскую і, канешне, расійскую, аказалася асабліва пацярпелай. З абароту былі выведзены велізарныя тэрыторыі. Балоты, лясы, палі аказаліся ў прамым сэнсе закрытымі ў так званай зоне адчужэння. Чужымі ў родным доме вымушаны былі адчуць сябе тысячы жыхароў дзясяткаў населеных пунктаў.

Ацаніць урон, нанесены нашай цяпер ужо суверэннай краіне катастрофай на ЧАЭС і яе наступствамі можна толькі прыблізна. Адна справа – эканоміка, рублёвы пераразлік якой з’яўляецца справай магчымай. А чым памераць, да якой асновы падвесці сацыяльныя страты, маральны бок праблемы.

Ёсць статыстыка, згодна якой урон, нанесены Беларусі ў выніку выбуху на чацвёртым энергаблоку станцыі, складае прыкладна  235 мільярдаў долараў. І гэта – у цэнах  1990 года, і гэта – каля 32 гадавых бюджэтаў краіны.

На пераадоленне наступстваў атамнай катастрофы Беларусь зрасходавала прыкладна 19 мільярдаў долараў. Гэта і затраты па перасяленні людзей з “брудных” у чыстыя рэгіёны краіны, рознага роду сацыяльныя выплаты пэўным катэгорыям грамадзян, аздараўленчыя, лячэбныя, лячэбна-прафілактычныя праграмы, маштабныя мерапрыемствы па рэкультывацыі зямель, забруджаных радыяцыяй.

Як ніякая іншая вобласць краіны пад радыеактыўны туман трапіла Гомельшчына. Але не толькі яна: чорныя радыяцыйныя плямы знаходзяцца ў тым ліку і на тэрыторыі нашай вобласці. Найбольш пацярпелі Столінскі, Пінскі, Лунінецкі і Драгічынскі раёны.

Час ідзе, многае і ў лепшы бок мяняецца. За тры дзясяткі гадоў з моманту катастрофы на ЧАЭС плошча забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі Брэсцкай вобласці “звузілася” больш чым удвая. Актыўнасць “плям” зменшылася, але яны працягваюць заставацца ў чатырох названых вышэй найбольш пацярпелых раёнах.

Гэта адбылося ў тым ліку дзякуючы натуральнаму распаду радыенуклідаў. З курсу фізікі вядома, што з часам колькасць ядраў радыеактыўных рэчываў змяншаецца ў сувязі з іх распадам. Перыяд паўраспаду для кожнага рэчыва свой: у асобных выпадках яго могуць вызначаць літаральна імгненні, у іншых – дзясяткі гадоў. Чарнобыльскія выпадзенні ёду-131 паўраспаліся праз  8 дзён, стронцый-90 – праз 28 гадоў, для цэзія-137 гэты працэс з’яўляецца найбольш працяглым – складае 32-33 гады.

Гэта, канешне, вельмі важная, але не адзіная прычына таго, што паслячарнобыльскі след на тэрыторыі краіны і Брэсцкай вобласці ў тым ліку адчувальна страціў у памерах. Прыярытэтным, відавочна, з’яўляецца той факт, што на працягу ўсіх трох дзясяткаў гадоў на забруджаных тэрыторыях праводзяцца маштабныя рэкультывацыйныя мерапрыемствы агратэхнічнага, лесатэхнічнага, будаўнічага характару.

Сярод удзельнікаў ліквідацыі вынікаў той катастрофы былі і нашы землякі. Некаторыя з іх сталі аднымі з  першых, хто сваёй самаахвярнасцю імкнуўся мінімізаваць негатыўныя наступствы выбуху 26 красавіка 1986 года.   Для дзясяткаў колішніх жыхароў найбольш пацярпелых рэгіёнаў краіны ляхавіцкая зямля стала хоць не першым, аднак, родным домам.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта  www.zaksob.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *