Цэзій грыбам не таварыш

Санітарная служба вобласці, у тым ліку Ляхавіцкага раёна, праводзіць радыеэкалагічны маніторынг у кантрольных кропках на адміністрацыйнай тэрыторыі, а таксама радыяцыйны кантроль за ўтрыманнем радыенуклідаў цэзію-137 і стронцыю-90 у харчовых прадуктах.

У 2015 годзе даследавалі 11033 (2014 г. – 11759) пробы харчовых прадуктаў на ўтрыманне радыенуклідаў, у тым ліку па Ляхавіцкім раёне – 101 проба. Па выніках даследаванняў у дзяржаўным сектары ўсе пробы прадуктаў харчавання адпавядалі патрабаванням рэспубліканскіх дапушчальных узроўняў. Перавышэнне ўтрымання дапушчальных узроўняў радыенуклідаў цэзію-137 выяўлены ў 52 (1,04 працэнта) проб харчовых прадуктаў з асабістых падвор’яў. Такія выпадкі адзначаліся ў Лунінецкім, Столінскім, Іванаўскім, Кобрынскім раёнах.
Па відах харчовых прадуктаў: 2 пробы малака (Столінскі раён),  2 пробы мяса дзікіх жывёл (Столінскі, Лунінецкі раёны), 14 проб грыбоў (Столінскі, Лунінецкі, Кобрынскі раёны), 34 пробы лясных ягад (Столінскі, Лунінецкі, Іванаўскі раёны).
Прычынай атрымання малака, якое не адпавядае нарматывам РДУ-99, па-ранейшаму з’яўляецца нарыхтоўка кармоў і выпас жывёлы насельніцтвам ва неўстаноўленых для гэтага месцах, а таксама невыкананне адпаведных рэкамендацый.
Адзначаюцца выпадкі забруджанай радыенуклідамі пабочнай прадукцыі лесу і мяса дзікіх жывёл у пацярпелых раёнах.
Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы настойліва рэкамендуюць грамадзянам у мэтах захавання свайго здароўя ў абавязковым парадку ўдакладняць у прадаўцоў на рынках наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць бяспеку дароў лесу, а таксама праводзіць радыеметрычны кантроль у спецыялізаваных лабараторыях. Гэта можна зрабіць бясплатна пры звароце ў тэрытарыяльныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Яна САНЮТА,
урач-гігіеніст райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *