Сола на кларнеце ў суправаджэнні фартэпіяна

Бацька і дачка. Мікалай Шклянік і Алена Манькоўская

Ці чулі вы як гучыць кларнет? Прыгожы і звонкі, рамантычны і чуллівы, здаецца, перадае самыя тонкія адценні пачуццяў і эмоцый.  Для Мікалая Шкляніка кларнет не проста музычны інструмент, а ягоны спадарожнік і сябар з дзяцінства.
Выпускнік Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, Мікалай атрымаў спачатку музычную сярэднюю спецыяльную, потым вышэйшую адукацыю. Больш за тры дзесяцігоддзі ў сваёй жа школе ён перадае майстэрства ігры на духавым інструменце шматлікім вучням. Тыя ж імкнуцца пераняць навыкі настаўніка, на канцэртах нават запісваюць на відэа яго выступленні. Ён ведае, як зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак мастацтвам.

Вельмі творчы і адказны, жыццярадасны і энергічны, добрасумленны і працалюбівы – так гавораць пра настаўніка па класе кларнета калегі. На кожнае свята, юбілей у Шкляніка падрыхтавана для сяброў душэўнае віншаванне ў вершах. І заўсёды ягоныя сюрпрызы чаканыя і трапныя. З яго сяброўскіх шаржаў можна скласці аб’ёмны сшытак.
Пра прафесійныя таленты Шкляніка ведаюць не толькі ў калектыве, дзе з такімі ж апантанымі ён іграе ў аркестры педагогаў, дыксілендзе. Мікалай – удзельнік ансамбля народнай музыкі “Музыкі”, духавога аркестра ГДК. Дарэчы, у яго руках цудоўна спявае і саксафон.
У музыкальнага бацькі такія ж адораныя дзеці. Дочкі Алена і Марына ў ДШМ засвойвалі нотную грамату, знаёміліся з творчасцю Баха і Шапэна, вучыліся ігры на фартэпіяна. Сын Назар вагаўся паміж кларнетам і фартэпіяна – перамог клавішны інструмент, і сёння хлопчык вучыцца ў трэцім класе школы мастацтваў. А Алена, як і бацька, стала прафесійным музыкантам. Да таго ж, яны яшчэ і калегі – працуюць поруч, а дачка з’яўляецца канцэртмайстрам у выхаванцаў Мікалая Міхайлавіча.
У Шклянікаў усё прынята рабіць разам – і працаваць, і адпачываць.
Сямейны ансамбль любіць здзіўляць гасцей музычнымі сюрпрызамі, далучаецца да іх і мама Святлана.  У дружнай сям’і ўсе салісты. А сола на кларнеце ў суправаджэнні фартэпіяна гучыць напеўна і лірычна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *