Прымерка перад канікуламі, ці Абноўкі да лета
У аздараўленчым лагеры “Чайка” ажыўленне – ідзе падрыхтоўка да чарговага аздараўленчага сезона, на якую з раённага бюджэту выдзелена каля 400 мільёнаў рублёў. На першым месцы – забеспячэнне бяспекі адпачынку. Спецыялісты правяраюць спраўнасць сантэхнікі і электраправодкі, ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Прыхач пералічвае: пачаўся рамонт даху карпусоў, ідзе замена вокнаў і дзвярэй. На “прыхарошванні” аздараўленчага лагера па традыцыі шчыруюць увесь аддзел адукацыі і школы раёна.
Стартуе “Чайка” напачатку чэрвеня спартыўнай зменай фізкультурна-аздараўленчага профільнага лагера “Колас” (ёй жа летнік і завяршыць сезон). На працягу дзевяці дзён тут будуць набірацца сіл і займацца спортам каля 100 выхаванцаў дзіцячай спартыўнай школы, а пасля адкрыюцца дзверы і для астатніх хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх змена будзе доўжыцца 18 дзён. За 5 змен тут акунуцца ў яркае і незабыўнае “чайкаўскае” жыццё каля 500 школьнікаў.
Тых, хто захапляецца турызмам, у чэрвені прыме перасоўны палатачны лагер “Рабінзоны”. У профільным летніку “Эўрыка”, што з “Выратавальнікам” знайшлі прапіску ў Жарабковіцкай СШ, сёлета ўхіл будзе філалагічны. Эрудыты змогуць паглыбіць веды па беларускай і замежнай мовах. Абаронна-спартыўны лагер “Выратавальнік” каторы год апякаюць супрацоўнікі РАНС. Рабяты тут не толькі знаёмяцца з азамі прафесіі пажарных, асновамі бяспекі, але і дэманструюць спрытнасць і вытрымку падчас спаборніцтваў.
Для тых, хто не хоча ехаць далёка ад дому, – прышкольныя аздараўленчыя лагеры, што будуць працаваць ва ўсіх школах раёна, акрамя Мядзведзіцкай і Свяціцкай. Лагер з дзённым знаходжаннем адкрыецца на базе спартыўнай школы і ў ЦКВіР.
Падлеткам прыйшлася даспадобы магчымасць падчас канікулаў сумяшчаць адпачынак з працай. Такія атрады будуць створаны ў гарадскіх школах напачатку лета. Для рабят з СШ № 1 і № 2 поле дзейнасці будзе вызначаць камунгас, з гімназіі –“Трансэлектракамплект”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Сяргея ВАРАНОВІЧА.