Канец сяўбе, пачатак касьбе

Пасяўная кампанія ў раёне набліжаецца да свайго фінішу. Ужо чакаюцца ўсходы ранніх яравых зерневых і зернебабовых культур, якія занялі 7602 гектары, завяршаецца сяўба цукровых буракоў. СВК “Шлях новы”, дарэчы, даўно справіўся з гэтай работай (бураковая плантацыя тут займае 600 гектараў) і цяпер вядзе першую праполку дружных усходаў. Набліжаецца да завяршэння сяўба караняплодаў у СВК “Жарабковічы”, дзе яны займаюць плошчу 900 гектараў. Яшчэ 200 гектараў адвёў пад буракі райаграсэрвіс.
Усяго 350 гектараў угоддзяў зойме сёлета бульба, з іх амаль палова – у СВК “Ляхавіцкі”, менавіта тут “другі хлеб” дае выдатныя ўраджаі і прыбытак. Па стане на 27 красавіка ў гэтай гаспадарцы са 140 гектараў было пасаджана 80.

Пачалася і сяўба кукурузы. На адведзеных для каралевы палёў землях давядзецца пашчыраваць нямала: 6100 гектараў – столькі зоймуць плантацыі, у тым ліку 1600 – плануецца на зерне. Дзве трэці плошчаў пасеваў прыпадае на 3 самыя буйныя ў раёне гаспадаркі – СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, райаграсэрвіс. Ім неабходна нарасціць тэмпы работ, каб не ўпусціць спрыяльныя тэрміны. А ў КСУП “Ліпнянка, “Востраў”, аграрным каледжы работы яшчэ і не распачыналіся.
Сельгаспрадпрыемствы раёна заканчваюць хімпраполку азімых зерневых, што былі пасеяны ў познія тэрміны, многія шчыруюць на яравых плантацыях, пачалася апрацоўка рапсу і льну супраць шкоднікаў. Працягваецца падсеў-перазалужэнне траў.
Сёлета ва ўсіх гаспадарках, акрамя СВК “Жарабковічы”, дабавілася нежаданая праблема: давялося перасяваць рапс на плошчы больш як тысяча гектараў, але работы ўжо блізяцца да завяршэння.
Адна сельскагаспадарчая кампанія змяняецца другой – хутка касьба. СВК “Шлях новы” ўжо праклаў першыя пракосы, праўда, пакуль на падкормку жывёле.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *