Адсеяліся на выдатна
Савет упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і прэзідыум райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвялі вынікі раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый і механізатараў на веснавой сяўбе 2011 года.
Пераможцам сярод сельгасарганізацый, што забяспечылі правядзенне веснавой сяўбы ў аптымальныя тэрміны пры высокай якасці, з захаваннем усяго комплексу агратэхнічных патрабаванняў, аховы працы і тэхнікі бяспекі прызнаны СВК “Дарава” (старшыня Уладзімір Пятроўскі, галоўны аграном Іван Захар’ян, старшыня прафкама Данута Серада).
Былі названы і лепшыя механізатары, задзейнічаныя на розных відах работ. Так, на ўнясенні мінеральных удабрэнняў пад яравую сяўбу, на падкормцы сельгаскультур вызначыліся Уладзімір Балашоў з СВК “Жарабковічы”, які на трактары МТЗ-892 у агрэгаце з РУ-1000 унёс мінудабрэнні на плошчы 2776 га (1-е месца), і Аляксандр Кухарчык з СВК “Жарабковічы”, які на трактары МТЗ-82 у агрэгаце з SYLKA ўнёс мінудабрэнні на плошчы 2292 га (2-е месца).
На пагрузцы і ўнясенні арганічных удабрэнняў лепшым прызнаны Іван Сковыш з СВК “Жарабковічы” (на пагрузчыку “Амкадор” пагрузіў 17403 тоны арганікі), 2-я прэмія прысу-джана Аляксандру Шастаку з ДП “Нача” (на трактары МТЗ-1221 у агрэгаце з МТТ-9 унёс 6196 тон арганічных удабрэнняў).
На падрыхтоўцы глебы (ворыва, культывацыя, выраўноўванне, дыскаванне) 1-е месца – за Канстанцінам Дзянішчыкам з СВК “Жарабковічы” (на трактары К-701 у агрэгаце з АКШ-7,2 закультываваў плошчу ў 1813 га), на 2-ім месцы – Сяргей Юруць з СВК “Жарабковічы” (на трактары К-701 у агрэгаце з АКШ-7,2 закультываваў плошчу ў 1034 га).
На сяўбе зерневых і зернебабовых культур, ільну пераможцамі прызнаны Дзмітрый Вінель з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, які на трактары “ДжонДзір” у агрэгаце з сеялкай DF ”Акорд” пасеяў 501 га зерневых і 130 га льну (1-е месца); Генадзій Калбаса з СВК “Жарабковічы”, які на трактары “ДжонДзір” у агрэгаце з сеялкай DF ”Акорд” пасеяў 603 га зерневых (2-е месца); Дзмітрый Дыдышка з ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, які на трактары МТЗ-3022 у агрэгаце з сеялкай АПП-6Б пасеяў 443 га льну і 100 га зерневых (3-е месца).
На сяўбе цукровых буракоў, кукурузы і кармавых караняплодаў 1-я прэмія прысуджана Міхаілу Кандыбу з СВК “Жарабковічы”, які на трактары МТЗ-1221 у агрэгаце з сеялкай СКП-12 пасеяў 603 га кукурузы. 2-я прэмія – у Дзмітрыя Петуха з СВК “Шлях новы”, які на трактары МТЗ-920 у агрэгаце з сеялкай СМН-12 пасеяў 225 га цукровых буракоў і 34 га кармавых караняплодаў.
На пасадцы бульбы лепшымі прызнаны механізатары з СВК “Ляхавіцкі” Сяргей Алейнікаў, які на трактары МТЗ-1221 у агрэгаце з сеялкай КСМ-4 пасадзіў 98 га бульбы (1-е месца), і Сяргей Жмырко, які на трактары МТЗ-1221 у агрэгаце з сеялкай МСМ-4 пасадзіў 93 га бульбы (2-е месца).
Пераможцам па ўмовах спаборніцтва належыць грашовае ўзнагароджанне.
Мікалай ВАЙЦЕШЫК,
старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК