Зоркі запальваюцца на зямлі
Гэты чалавек асаблівы. Найперш таму, што на грудзях яго ззяе зорка Героя Сацыялістычнай Працы, таму, што гэта не стала прычынай быць ганарлівым, і таму, што любоў да справы свайго жыцця — вырошчваць хлеб — з гадамі ў яго яшчэ больш умацоўваецца. Мала хто з былых калег можа сёння сказаць пра сябе, што ён запатрабаваны і як лідар грамадскай арганізацыі (Генрых Міхайлавіч узначальвае раённы савет ветэранаў вайны і працы), і як вучоны-спецыяліст. А ён, Генрых Траццяк, арганізаваў навукова-вытворчую групу, у якую ўвайшлі вядучыя спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі некаторых гаспадарак, і заклалі доследнае поле. Прыменены новыя энергазберагальныя тэхналогіі, звязаныя з выкарыстаннем мінеральных удабрэнняў, з улікам экалагічных патрабаванняў і культуры земляробства. Кандыдат сельскагаспадарчых навук Траццяк асноўны акцэнт робіць на захаванне севазвароту і выкарыстанне адпаведных папярэднікаў, якія абагачаюць зямлю азотам. Мэта, якую паста-віла перад сабой навукова-вытворчая група, — атрымаць не менш як 100 цэнтнераў з гектара ячменю (за кошт павелічэння колькасці прадукцыйных каласоў).
Шчыра кажучы, энергія, актыўная жыццёвая пазіцыя, нераўнадушша, жыццялюбства гэтага чалавека выклікаюць захапленне. Яму 74, а ён разам з моладдзю на сустрэчах, урачыстасцях, у рабоце. Да прыкладу, зацікаўленыя адносіны Генрыха Міхайлавіча да праекта, ініцыяванага «Ляхавіцкім веснікам», — пасадзіць дуброву з жалудоў, сабраных са стогадовага ажэшкінскага дуба ў Флер’янове. Ён падключыўся да рэалізацыі праекта, паклікаўшы з сабой сваіх аднадумцаў. І сёння старанна даглядае яшчэ кволыя дрэўцы, думае-гадае, як захаваць насаджэнні і вельмі хоча дачакацца таго часу, калі зашуміць дуброва.
Адкуль у гэтага чалавека такая цяга да стваральнай працы? Ад зямлі, на якой вырас, дзе жылі яго бацькі, дзяды і прадзеды. Няма нічога выпадковага ў жыцці, лічыць Генрых Траццяк. Ён нарадзіўся ў вёсцы Літва, акрамя яго ў сям’і было яшчэ чацвёра дзяцей. Працаваў з маленства, а пайшоў у школу — з’явілася вя-лікае жаданне спасцігаць кніжныя прамудрасці. Пасля сямігодкі, каб і далей працаваць, але і вучыцца, паступіў у Баранавіцкую школу для рабочай моладзі. Армія, служба па кантракце, пошукі свайго месца ў жыцці. Сярод мноства варыянтаў усё ж перамог важнейшы — хлебаробская справа. Вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках: з першага курса — Ленінскі стыпендыят, пасля заканчэння — дыплом з адзнакай. Яшчэ студэнтам пачаў захапляцца навуковай работай, здаў кандыдацкі мінімум і з акадэміі адразу пайшоў у аспірантуру. Навуковым супрацоўнікам вытрымаў толькі год, бо нясцерпна хацелася бачыць адразу і вынікі сваіх даследаванняў. Прыехаў на Ляха-віччыну, пачаў працаваць аграномам у былым калгасе імя Ламаносава, а пасля ўзначаліў гэтую ж гаспадарку. Як успамінае, не проста было заваяваць давер людзей, але іменна працай і паважлівымі адносінамі да хлебаробскай справы здолеў пераканаць вяскоўцаў, што будучае за навукай і прагрэсіўнымі тэхналогіямі. 9,3 цэнтнера з гектара зерневых збіралі ў калгасе на той час, як Траццяк пачынаў там сваю хлебаробскую біяграфію. Неўзабаве пачалі збіраць па 18, а ў 1975 годзе, калі абараніў дысертацыю, ураджайнасць зерневых даходзіла ўжо да 40 цэнтнераў з гектара. Кандыдат сельскагаспадарчых навук Генрых Траццяк яшчэ больш настойліва і пераканана стаў працаваць над павышэннем ураджайнасці розных сартоў збожжавых: да вопытаў падключыліся абласная доследная станцыя, Беларускі навукова-даследчы інстытут. Канец 80-х — 61,4 цэнтнера з гектара зерня, а асобныя ўчасткі давалі і па 80-90 . Іменна ў гэты час старшыню калгаса імя Ламаносава Генрыха Траццяка запрасілі ў Маскву, дзе і была яму ўручана залатая зорка Героя Сацыялістычнай Працы.
… Мы прывыклі, што зоркі запальваюцца на небе. Але ёсць у жыцці выключныя выпадкі, калі праца да сёмага поту, бяссонныя ночы над кнігамі, калі не дае спакою настойлівае імкненне даказаць грунтоўнасць сваіх намаганняў, уменне арганізаваць людзей, пераканаць іх, зрабіць сваімі аднадумцамі, каб разам тварыць, дасягаць, вырашаць, дабівацца. Для такіх людзей запальваюцца зямныя зоркі, каб свяціць іншым, клікаць за сабой.
Аліна ЛАПІЧ