У полі лагерам стаяць…

Не сакрэт, што ад вывучкі ваеннаслужачых залежыць іх здольнасць ахоўваць мірнае неба над нашай Радзімай. Таму ў 17-ым асобным батальёне сувязі, што дыслакуецца ў Ляхавіцкім раёне, вядзецца пастаянная інтэнсіўная баявая падрыхтоўка: заняткі змяняюцца трэніроўкамі, трэніроўкі – вучэннямі.

Зусім нядаўна, напрыклад, адно з падраздзяленняў батальёна знаходзілася на палявым выхадзе на палігоне “Федзюкі”, дзе на працягу 8 дзён асабовы састаў адточваў свае навыкі ў палявых умовах.

Свой лагер рота развярнула па ўсіх правілах палявога майстэрства, старанна замаскіраваўшы аб’екты жылой зоны і тэхніку. Месцараспалажэнне падраздзялення хавалі ад чужых вачэй маскіровачныя сеткі і зеляніна лесу. Выстаўленыя пасты і патрулі надзейна ахоўвалі давераныя аб’екты.

Акрамя разгортвання лагера, на палявым выхадзе адпрацоўвалася і прафесійная падрыхтоўка. Падраздзяленнем была разгорнута тэхніка сувязі, на якой разлікамі выконваліся задачы па забеспячэнні сувязі. Падчас вучобы ваеннаслужачыя роты прадэманстравалі высокае прафесійнае майстэрства.

Станоўча ацаніў сваіх падначаленых камандзір тэлефоннага ўзвода старшы лейтэнант Вадзім Варабей. Да слова, Вадзім не прапусціў ніводнага вучэння, што праходзіла ў батальёне, удзельнічаў у вучэннях з баявой стральбой на палігоне “Ашулук” (Расійская Федэрацыя). Пры гэтым заўсёды з лепшага боку праяўляў свае афіцэрскія і прафесійныя навыкі.

Час, праведзены на палігоне, паказаў, што асабовы састаў падраздзялення выконвае свае задачы ўмела і зладжана.

Яўгеній АРЛОЎСКІ,
капітан

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *