З удзячнасцю да Вас, шаноўны доктар…

Яго домік на вуліцы Камсамольскай   райцэнтра летам патанае ў гартэнзіях. Цяпер імі, канешне, нікога не здзівіш, але некалі ў Папроцкіх ці не ў першых з’явілася ў двары такое хараство. Аднак не яно зрабіла пазнавальным гэты адрас, а слава цудоўнага чалавека і выдатнага хірурга.

Яўгеній Сцяпанавіч ва ўяўленні многіх землякоў – урач-віртуоз, урач-настаўнік, доктар, якому былі падуладныя самыя складаныя, часам безнадзейныя выпадкі, калі ён насуперак усяму выцягваў хворага з гэтай “безнадзёгі”. Якая ж светлая і шчодрая аўра гэтага чалавека: ён даўно ўжо не практыкуе, але ж ніколькі не зменшылася шанаванне ад землякоў. Так многа ім зроблена за час работы, так выдатна і бескарысліва з дня ў дзень, а трэба было – і з ночы ў ноч ён урачаваў, урачаваў, урачаваў. А побач была такая ж   апантаная медыцынай жонка Алена Паўлаўна, светлая ёй памяць. І побач былі калегі, якія заўсёды жылі па клятве Гіпакрата. Тое пакаленне медыкаў вызначылася асаблівай заўзятасцю да работы, неверагоднай працаздольнасцю, надзвычайным пачуццём асабістай адказнасці за справу і за чысціню белага халата.
Паглядзіце на старыя фотаздымкі – якія яны там маладыя, якія адухоўленыя твары. Яўгеній Папроцкі прыйшоў на працу ў Ляхавіцкую бальніцу на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя: урач-хірург, намеснік галоўнага ўрача, загадчык хірургічнага аддзялення. Яго талент з кожным годам раскрываўся ўсё больш, правільней – з кожным цяжкім выпадкам, хітрым дыягназам, з кожнай аперацыяй і, галоўнае, з кожным новым пацыентам, які чакаў ад доктара цуда. У той час хірургічная база была непараўнальна больш сціплай, чым сённяшняя. Яўгеній Сцяпанавіч і яго калегі ў добрым сэнсе гэтага слова наватарствавалі ў медыцыне. Вось радкі з характарыстыкі загадчыка хірургічнага аддзялення Папроцкага: “Засвоіў і ўкараніў у аддзяленні тэхніку правядзення новых аперацый: выдаленне шчытападобнай залозы, рэзекцыя страўніка, умяшальніцтвы на кішэчніку, халецыстэктамія і іншыя. Свой вопыт ахвотна перадае іншым хірургам. Аказвае кансультатыўную дапамогу ў аддзяленнях бальніцы, у сельскіх участковых бальніцах і ФАПах… Шмат увагі ўдзяляе пытанню пералівання крыві і на працягу многіх гадоў з’яўляецца адказным за гэта ў раёне… Наладзіў дыспансерны ўлік і назіранне за анкалагічнымі хворымі, за што загадам № 31 ад 9 сакавіка 1967 года Міністэрства аховы здароўя БССР яму аб’яўлена падзяка”… Радкі пра заслужаны аўтарытэт сярод калег і ў насельніцтва не цытую – ён і сёння застаўся на вышыні, хаця Яўгеній Сцяпанавіч, як гаворыцца, знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
– Дзень добры, доктар! – вітаюць Папроцкага землякі. Ён па-ранейшаму жвавы, бадзёры, вельмі дружалюбны.
– Дзень добры, доктар! – махаю рукой з завулка, калі ён накіроўваецца ў касцёл. І прыспешваю крок, таму што бачу, як Яўгеній Сцяпанавіч спыняецца. Каб абавязкова спытаць: як здароўе, як справы ў сына, з якім давялося папрацаваць разам, няхай і кароткі час. І дзякаваць богу, што гэты час побач і разам з доктарам Папроцкім выпаў тады пачынаючаму хірургу.
А вось журналістам на просьбу “пагаварыць за жыццё” ён шмат разоў адмаўляў: калі ласка, не крыўдуйце, але не варта… Таму гэтыя радкі пішу, засноўваючыся выключна на тым, што ведаю пра чалавека, што чула ад яго пры кароткіх сустрэчах і ад людзей, у лёсе якіх ён быў выратаваннем ад болю.
…З удзячнасцю да Вас, шаноўны доктар.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота з архіва ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *