Надзейны прычал на Каштанавай
Дружная сям’я ляхавічан Сяргеяў стварыла яго сама – уласнымі рукамі, старанна, з любоўю.
— У сям’і майго бацькі было 11 дзяцей, у мамінай – чацвёра, нас у бацькоў – пяцёра. Так што ў нас з Наташай не такая ўжо і вялікая сям’я – усяго трое дзетак. Яны наша шчасце, радасць і надзея, – дзеліцца ляхавічанін Яўгеній Сяргей.
«Праграму» сапраўднага мужчыны ён выканаў спаўна: і вялікі дом пабудаваў (на вуліцы Каштанавай у райцэнтры), і прыгожы шчодры сад пасадзіў, разам з жонкай выхоўвае сына і дзвюх дачушак. А яшчэ ў Сяргеяў двор – вачэй не адвядзеш: з густам аформлены і па-гаспадарску дагледжаны, тут і сажалка, і кветнікі. Як сцвярджае Яўгеній Вікенцьевіч, такое наўрад ці магчыма зрабіць аднаму. Бацькі і дзеці імкнуцца разам і працаваць, і адпачываць. Так што парадак у доме і двары – клопат агульны. Гаспадар – вялікі аматар рыбалкі, і да любімага занятку заахвоціў дамачадцаў. Для іх сапраўднае свята – выбрацца дружнай пяцёркай на адпачынак на свежым паветры з вудачкамі. І на святкаванне Дня Перамогі таксама адправіліся ўсёй сям’ёй.
Так распарадзіўся лёс, што звычайны вясковы хлопец з Меляхоў Яўгеній Сяргей стаў мараком гандлёвага флоту, пабываў у многіх далёкіх краінах, нямала пабачыў. Але заўсёды марыў пра надзейны прычал, дзе можна ўпэўнена кінуць якар.
Нават не думаў, што сустрэча з другой палавінкай наканавана яму менавіта ў Ляхавічах. З будучай жонкай пазнаёміўся на гарадской танцпляцоўцы. Сябравалі, прыглядаліся адзін да аднаго, пакуль не зразумелі – яны павінны быць разам.
Сям’і Сяргеяў ужо амаль 19 гадоў. Кожную раніцу іх дом напаўняецца звонкімі галасамі. Колькі ж сіл і энергіі ў Наталлі: прыгатаваць сняданак, сабраць у садзік і школу дзяцей, адправіць на работу мужа. А яшчэ не спазніцца на сваё працоўнае месца. А работа ў яе вельмі важная і адказная.
Наталля Іванаўна – медыцынская сястра ў дзіцячым аддзяленні райбальніцы (пасля заканчэння медвучылішча працуе тут
23 гады). З маленькімі пацыентамі аддзялення мнагадзетная мама хутка знаходзіць агульную мову. Калі трэба – і пашкадуе, і суцешыць.
Шмат спраў на рабоце і ў Яўгенія Вікенцьевіча, ён намеснік дырэктара ТАА “Трансэлектракамплект”. А дома імкнецца кожную вольную хвіліну пабыць з дзецьмі. Калі жонка на рабоце (дзяжурства ў медсястры – пазменнае) – і ежу прыгатуе, і дзяцей у школу-сад адправіць, спраўляецца не горш за маму.
Сярод сямейных завядзёнак – штодзённае вячэрняе абмеркаванне спраў. А падзей, асабліва ў малодшых, шмат. 13-гадовы Ягор даўно захапляецца разьбой па дрэве, наведвае гурток у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, яго работы неаднойчы экспанаваліся на разнастайных выставах. Пра 10-гадовую Дашу гавораць – будучая артыстка, бо свет яе захапленняў надзвычай шырокі: дзяўчынка спявае, танцуе, з задавальненнем і інтарэсам удзельнічае ў конкурсах, некалькі гадоў назад паспяхова выступіла ў раённым конкурсе “Міс Дзюймовачка”. Пры вялікай занятасці ў пасляўрочны час добра вучыцца і ў школе. Сваіх дзіцячых клопатаў хапае і ў трохгадовай Эвеліны – колькі ўсяго трэба паспець у дзіцячым садзе! Яна вельмі хоча быць падобнай на старэйшую сястрычку, асабліва падабаецца спяваць.
– Эвеліна – гэта наш антыстрэс, – сцвярджае Наталля Іванаўна. – Калі нешта пайшло не так, не ўсё ўдалося зрабіць, абдымеш маленькую, пачнеш слухаць яе гаворку-шчабятанне – і на душы становіцца цяплей.
Тата з гэтым абсалютна згодны. Брат і сястра таксама ў адзін голас сцвярджаюць, што ўжо і не ўяўляюць жыццё без малодшай сястрычкі.
Прыходзіць новы дзень, як і любая сям’я, Сяргеі жывуць сваімі клопатамі і радасцямі. З першымі паспяхова спраўляюцца разам, другія – разам прымнажаюць.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Любовалась бы и любовалась такими семьями. Дружными, счастливыми.Они будто излучают тепло и солнечную энергию. Так и хочется погреться возле них и зарядиться оптимизмом и особенной энергетикой.