Для талентаў і іх прыхільнікаў

Доўгачаканы, шыкоўны падарунак напярэдадні новага 2011 года атрымалі ляхавічане – пасля рэканструкцыі і капітальнага рамонту (на ўсё пра ўсё пайшло каля 9 мільярдаў рублёў, выдаткаваных з абласнога бюджэту) гасцінна расчыніў дзверы для маленькіх і дарослых гараджан гарадскі Дом культуры. “ЛВ” з задавальненнем запрашае вас у завочнае падарожжа па адноўленым ГДК.

Тэрыторыя каля будынка добраўпарадкавана ў сучасным стылі: знайшлося месца і металічным лаўкам, і вітым поручням, удала ўпі-      саліся ў пейзаж кветкі на клумбах.

Усяго некалькі прыступак – і мы на ганку палаца творчасці, таленту і мастацтва. Першых наведвальнікаў сустракае прасторнае, у сучасным інтэр’еры фае. Для ўтульнасці наведвальнікаў тут прадугледжана ўсё – мяккія банкеткі, люстэркі, працуюць 2 гардэробы. У фае можна пазнаёміцца і з раскладам работы гурткоў, клубаў, рэпертуарам праграм і канцэртаў на бліжэйшы час, даведацца, калі праходзяць рэпетыцыі хораў, ансамбляў, аркестраў і г.д. Падчас экскурсіі ў вочы кідаецца адметнасць: сцены ва ўсіх памяшканнях, залах, кабінетах, пакоях для заняткаў пафарбаваны ў  колеры вясёлкі. Далей накіроўваемся ў сэрца ГДК – самае вялікае памяшканне з высокай столлю і аздобленымі сценамі – глядзельную і канцэртную залу на 350 пасадачных месцаў. Безумоўныя яе плюсы – сучасны выгляд і ўтульныя крэслы, суперапаратура, балконы, адкуль яшчэ з большым інтарэсам можна назіраць за дзействам, што адбываецца на сцэне. Апошняя, у сваю чаргу, таксама не можа не ўражваць. Сцэна паспела стаць не толькі ўтульнай, зручнай, але і любімай для многіх самадзейных выканаўцаў і  калектываў Ляхавіччыны. Побач – грымёрныя з мноствам люстэркаў, канапаў, шафаў, кабінак для пера-апранання. З іх лёгка трапіць у артыстычную (тут музыканты, танцоры, спевакі, канферансье чакаюць свайго выхаду да гледача.

Паралельна з канцэртнай расмясцілася танцавальная зала, аздобленая          разнастайнымі светлавымі эфектамі. Акрамя маладзёжных дыскатэк, тут ладзяцца танцавальныя вечары, накшталт,  “Для тых, каму за…”,  даволі папулярнымі сярод дзяцей сталі і нядзельныя дыскатэкі. Тут праводзяцца і рэпетыцыі, напрыклад, танцавальных калектываў.

Адчыняюцца чарговыя дзверы, за якімі прасторнае памяшканне, створаны ўсе ўмовы для рабят, якія займаюцца ў народнай студыі “Апалон” (кіраўнік Сяргей Чарановіч). Кожнае з пакаленняў апалонаўцаў адметнае і запамінальнае сваімі зорачкамі. Цяжка пералічыць, колькі таленавітых юных мастакоў станавіліся пераможцамі разнастайных міжнародных конкурсаў, выстаў, пленэраў і фестываляў. Вось і сёлета выхаванцы педагогаў Сяргея Чарановіча Алёна Карпеня, Лізавета Сідор, Лізавета Голубева, Марына Жабік, Кацярына Шулякоўская, а таксама Дзмітрыя Бурвеля – Юлія Бурчыц і Яўгеній Буйкевіч сярод амаль 13 тысяч  удзельнікаў з 29 краін свету адзначаны дыпломамі і падзякамі журы V  Міжнароднага конкурсу “На сваёй зямлі”, ініцыіраванага Міністэрствамі культуры, адукацыі, прыродных рэсурсаў і аховы     навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. А сама студыя “Апалон” адзначана падзячным пісьмом Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва за ўклад у захаванне і развіццё гістарычных, культурных і эстэтычных традыцый сваёй краіны ў галіне мастацкай адукацыі падрастаючага пакалення.

Сапраўды: гэта шчасце, калі таленавітае дзіця трапляе да таленавітага педагога, знаходзіць у яго падтрымку і дапамогу. А педагогі студыі без перабольшвання мастакі-асы. Сяргей Чарановіч сёлета стаў уладальнікам дзяржаўнай стыпендыі ў галіне выяўленчага мастацтва і літаратуры. Дзмітрый Бурвель узнагароджаны граматамі Брэсцкага аблвыканкама за высокі прафесіяналізм і вялікі асабісты ўклад у эстэтычнае выхаванне падлеткаў і моладзі. Дарэчы, на другім паверсе ГДК знаходзіцца і выстава работ, дзе можна  пазнаё-міцца з творчасцю таленавітых рабят і іх педагогаў.

Асноўныя кабінеты для заняткаў размясціліся на 2-м паверсе. Дзякуючы ўдала прадуманай гукаізаляцыі, можна спакойна займацца ў кожным пакоі сваім відам дзейнасці. Ва ўтульна абсталяваных новай мэбляй і музычнымі інструментамі кабінетах 2 разы на тыдзень рэпетыруюць калектывы, чыя папулярнасць даўно перасягнула межы Ляхавіччыны, а сваёй творчасцю яны радуюць не толькі землякоў, але і аматараў народнай творчасці з іншых рэгіёнаў Беларусі і яе замежжа. Гэта народны ансамбль народнай песні і музыкі “Крыніца” (кіраўнік Людміла Ламака), народны ансамбль народнай музыкі “Народныя музыкі” (Эдуард Сіліцкі), народны акадэ-мічны хор настаўнікаў (Анатолій Немец), народная эстрадная група “Пачатак” (Кацярына Мітрашэнкава), народны духавы аркестр (Віктар Юхнель), узорны ансамбль народнай песні і музыкі “Спадчына” (Святлана Сталярчук). Майстры музыкі баяністы Леанід Ткачэнка, Віктар Сабалеўскі і бас-гітарыст Мікалай Ламака стварылі інструментальнае трыо і з узрастаючым поспехам выступаюць на канцэртных пляцоўках, заваёўваючы перамогі і дыпломы.

Для аматараў танцаў адноўлены ГДК таксама падрыхтаваў прыемны сюрпрыз. Малады, поўны ідэй і напрацовак, амбіцыёзны харэограф-пастаноўшчык Віталій Ражко стварыў для ляхавічан самую сапраўдную школу танцаў. З задавальненнем і цікавасцю юнакі і дзяўчаты авалодваюць сакрэтам класічных і сучасных танцаў на занятках гурткоў сучаснай пластыкі і эстраднага танца.

Колькі цікавых і запамінальных мерапрыемстваў для маленькіх гараджан падрыхтавала Алена Арлоў-ская разам з  удзельнікамі дзіцячага клуба “Мурашнік”. Грацыёзныя прыгажуні з мала-дзёжнага клуба “Юнона” (кіраўнік Тамара Ажаль) добра вядомы ляхавічанам – яны вядучыя праграм і канцэртаў. На занятках клуба дзяўчаты авалодваюць сакрэтамі прыгажосці, псіхалогіі, этыкету.

Цяпер ГДК можа пахваліцца і сучаснай гуказапісной апа-ратурай. Ужо ёсць першыя спробы запісу на ёй музыкальных кампазіцый, выкананых мясцовымі самадзейнымі артыстамі. А Сяргей Вечар аб’яднаў у гуртках “Эстрадная музыка ў камп’ютарнай апрацоўцы” і “Гукааператар” рабят, якія цікавяцца гэтымі сучаснымі накірункамі  гуказапісу. Месца хапае на ўсіх і для ўсяго.

У ГДК плённа, з энтузіязмам працуюць, рэпетыруюць, удасканальваюцца ў майстэрстве 22 ансамблі, гурткі, клубы, аб’яднанні па інтарэсах, 7 народных калектываў, якімі кіруюць творчыя, адданыя культуры людзі. Усяго ў гуртках і студыях займаецца амаль 250 чалавек.

“Умовы для работы і творчасці створаны цудоўныя, цяпер рэпетыраваць і працаваць – адно задавальненне. Работнікі  ГДК з падвоенай энер-гіяй і натхненнем радуюць землякоў новымі праграмамі і выступленнямі”, – не хавае захаплення дырэктар Дома культуры Людміла Ламака.

Пад новым дахам разам з ГДК ва ўтульных пакоях размясцілася і дзіцячая бібліятэка. Але гэта ўжо зусім іншае падарожжа, у якое адправімся пазней.

Штодзённа ГДК поўніцца творчасцю і энтузіязмам, сюды з задавальненнем спяшаюцца людзі розных узростаў, нараджаюцца  і развіваюцца новыя таленты – для гэтага тут створаны ўсе ўмовы.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *