Красавіцкі плюс
— Сёлета красавік у нашым раёне пакуль яўны лідар па колькасці зарэгістраваных нованароджаных: з 70 пасведчанняў аб нараджэнні 28 уручана шчаслівым бацькам менавіта ў гэтым месяцы, – не хавае аптымізму загадчыца аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак. І згадвае яшчэ адну адметную асаблівасць: менавіта ў красавіку дзве сямейныя пары – ляхавічане Урбановічы і Казулі – атрымалі адразу па два пасведчанні аб нараджэнні дзяцей. У гэтых сем’ях на свет з’явіліся двойні: у першай – Уладзіслаў і Станіслаў, у другой – Ягор і Глеб. Дарэчы, дзяўчынак у красавіку нарадзілася ўсё ж больш: 15 супраць 13 хлопчыкаў.
І май прадаўжае добрую дэмаграфічную традыцыю. У сям’і ляхавічан Кедзь – прыгожае папаўненне: 2 мая нарадзілася чацвёртае дзіця – Васіліса. Наогул, у гэтай сям’і да мая адносіны асаблівыя:
9-га адсвяткавалі дзень нараджэння 12-гадовага Васі, а 13 – 20-годдзе Арцёма.
Якія ж імёны найбольш папулярныя сёлета ў ляхавічан? Дзяўчынак называюць Ксеніямі, Аляксандрамі, Валерыямі. Ёсць Арына, Сафія, нават дзве Валянціны. Сярод хлопчыкаў бясспрэчнае першынство трымаюць Аляксандр, Уладзіслаў, Ягор. Два нашыя маленькія землякі атрымалі рэдкія сёння імёны – Цімур і Радамір.
Калі красавік самы ўраджайны на нараджэнні, то люты – на вяселлі.
14 разоў у лютым у аддзеле загса гучаў марш Мендэльсона. Усяго за 4 месяцы тут узялі шлюб 34 пары. Самым маладым нявесце і жаніху было па 18 гадоў, старэйшым – больш за 60. Каханню, як гаворыцца, усе ўзросты падуладныя.
Галіна КАНЬКО.