Сіла слова. ХI Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні» прайшоў у Мінску 11-14 мая
Беларускі міжнародны медыяфорум традыцыйна выступае пляцоўкай для абмену думкамі і выпрацоўкі новых ідэй, дае магчымасць кансалідацыі намаганняў міжнароднай прэс-супольнасці, экспертаў розных галін ведаў у паглыбленні партнёрства, удасканаленні міждзяржаўных інтэграцыйных працэсаў, стварэнні агульнай гуманітарнай прасторы СНД.
Асноўныя мерапрыемствы медыяфоруму – пленарнае пасяджэнне з тэматычнымі панэльнымі дыскусіямі, Летняя школа журналістыкі, праект «Культурная спадчына Беларусі. Году культуры прысвячаецца». Госці прынялі ўдзел у мерапрыемствах XX Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМI ў Беларусі».
У медыяфоруме прынялі ўдзел кіраўнікі СМІ, вядомыя палітолагі, эксперты краін СНД, блізкага і далёкага замежжа – звыш 300 прадстаўнікоў з 21 краіны свету.
Арганізатарамі Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні» выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў – удзельніц СНД, Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарадскога, Мінскага і Гро-дзенскага абласных выканаўчых камітэтаў.
У імя інтэграцыі і міру
Культурная і інфармацыйная прастора Беларусі служыць сцвярджэнню ідэй інтэграцыі і міру. Аб гэтым гаворыцца ў прывітанні, якое Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам XX Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «СМІ ў Беларусі» і XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні».
Гэтыя значныя міжнародныя мерапрыемствы па праву лічацца аўтарытэтнымі пляцоўкамі для абмеркавання актуальных пытанняў сучаснай геапалітыкі, грамадскага жыцця, развіцця сродкаў масавай інфармацыі, гаворыцца ў прывітанні.
«Цяперашняя мінская сустрэча кіраўнікоў СМІ, палітолагаў і экспертаў з блізкага і далёкага замежжа праходзіць у кантэксце асаблівай міратворчай ролі Беларусі ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што культурная і інфармацыйная прастора, сфарміраваная за гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь, служыць пазітыўнаму стварэнню, сцвярджэнню ідэй інтэграцыі, міру і добрасуседства, эфектыўнаму супрацоўніцтву ў гуманітарнай сферы.
Галоўнае – прафесіяналізм
Беларускія СМІ развіваюцца ў кантэксце сусветных трэндаў, адзначыў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір Матусевіч у час адкрыцця Летняй школы журналістыкі XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні». Ён падкрэсліў, што ў наш час нацыянальная інфармацыйная прастора Беларусі развіваецца магутна і дынамічна.
«Пры гэтым якасная журналістыка, прафесійная журналістыка, майстэрства журналісцкага слова, культура перадачы тэкстаў, культура перадачы сэнсаў заўсёды былі і будуць актуальнымі», – сказаў Уладзімір Матусевіч.
Сугучна з ім і меркаванне дырэктара інфармацыйнага агенцтва «Арменпрэс» Арама Ананяна: «Сёння тэхналогіі дыктуюць усё, але яны не могуць замяніць журналістаў, інфармацыю не могуць пісаць робаты. Пры гэтым інфармацыі шмат, і вельмі важна аддзяліць асноўнае ад інфармацыйнага шуму, што становіцца рабіць усё складаней».
Як адзначыў кіраўнік сектара краін СНД і Балтыі інфармацыйнага агенцтва ТАСС Барыс Грушын, інфармацыйныя агенцтвы застаюцца вядучымі крыніцамі навін не толькі для спажыўца ўнутры краіны, але і за яе межамі. На думку Барыса Грушына, прафесійны журналіст абавязаны даваць беспамылковую інфармацыю і часам, магчыма, на шкоду аператыўнасці яе важна пераправяраць. Гэта не значыць, што кожны, хто піша, можа лічыць сябе журналістам. Журналіст павінен быць прафесіяналам.
Друкаваныя СМІ застаюцца запатрабаванымі, нягледзячы на ўплыў інтэрнэту, – падкрэсліў саветнік старшыні Нацыянальнага сходу Арменіі, кіраўнік магістарскай праграмы факультэта журналістыкі Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта Грайр Заран.
«Роля сродкаў масавай інфармацыі сёння вялікая ва ўсіх працэсах. Новыя інфармацыйныя тэхналогіі з’яўляюцца як вялікай карысцю, так і выклікамі і пагрозамі, якія стала несці ў сабе ў тым ліку і медыйная сфера, калі яна трапляе ў нядобрасумленныя рукі», – сказала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у час урачыстага адкрыцця пленарнага пасяджэння XI Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні».
Міністр адзначыла, што, на жаль, медыйнае абмеркаванне канфліктаў і войнаў без беражлівага стаўлення да галоўнага – чалавечага жыцця, светаўладкавання і добрасуседства краін і народаў – адыгрывае адмоўную ролю.
Галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Павел Якубовіч занепакоены тым, што «У сучасных умовах журналісты працуюць з колаў, што не можа не паўплываць на якасць публікацый». Паводле яго слоў, некаторыя журналісты не абдумваюць належным чынам пасылы, імкнуцца да нейкай сенсацыйнасці, і атрымліваецца, што прапаганда падмяняе журналістыку, пры гэтым такія байцы інфармацыйнага фронту лічаць, што робяць гіганцкую справу. «На самай справе яны часта сваімі бяздумнымі выступленнямі падаграваюць канфлікты, якія тлеюць на тэрыторыях, унутры людзей, што вельмі небяспечна», – сказаў Павел Якубовіч.
Інфармацыя павінна пазітыўна ўздзейнічаць на людзей, лічыць старшыня Выканаўчага камітэта – выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.
Генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук адзначыў: «Трэба не разважаць аб тым, як выжыць у новых умовах, а максімальна хутка адаптавацца да магчымасцей, што адкрываюцца. І калі ранейшы фармат перашкаджае рухацца ў будучыню, то не варта баяцца ад яго адмовіцца. Створаныя намі самімі рамкі не павінны тармазіць развіццё медыя», – упэўнены гендырэктар БЕЛТА.
На прыкладзе агенцтва ён расказаў аб праекце, які нядаўна рэалізавалі інфармагенцтвы Trend, Кабар, Казінфарм і БЕЛТА. Сэнс яго ў тым, што на пляцоўках гэтых агенцтваў аўтаматычна з’яўляюцца навіны агенцтваў-партнёраў. «Гэта вельмі правільна, калі не расходуюцца рэсурсы, а навіны аб тваёй краіне аўтаматычна з’яўляюцца на аўтарытэтных рэсурсах іншых краін», – заўважыў ён. Хутка да гэтага праекта далучацца новыя ўдзельнікі.
Дзмітрый Жук таксама лічыць, што няма сэнсу разважаць аб тым, ці трэба выкарыстоўваць у рабоце сацыяльныя сеткі, а варта прыняць факт, што яны ёсць і з імі неабходна працаваць. Аднак важна тлумачыць сваім чытачам, спажыўцам інфармацыі, што ёсць паняцце адказнасці.
Саюзная адзіная інфармацыйная прастора
Прыняты план работы па стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы прадугледжвае сумесную работу па шэрагу напрамкаў. Намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі Аляксей Волін падкрэсліў, што дакумент аб стварэнні агульнай інфармацыйнай прасторы прымаўся не для ведамстваў, а для грамадзян Саюзнай дзяржавы. У дакуменце ўдзелена вялікая ўвага супрацоўніцтву ў сферы інфармацыі з усімі краінамі СНД, але перш за ўсё гэта датычыцца ЕАЭС, дзе назіраецца вялікая інтэграцыя па шэрагу пазіцый.
Адказнасць СМІ ў сучасным свеце
Ва ўмовах змянення грамадска-медыйнай парадыгмы, выкліканай імклівым развіццём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, сацыяльных сетак, сродкі масавай інфармацыі павінны ўзяць на сябе асаблівую адказнасць, стаць фактарам кансалідацыі і стварэння, узаемаразумення і супрацоўніцтва, умацавання ўзаемапавагі і дружбы паміж краінамі і народамі. Аб гэтым гаворыцца ў рэзалюцыі, якая прынята па выніках работы ХI Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні» ў Мінску.
Удзельнікі медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні» адзначылі неабходнасць цеснага ўзаемадзеяння суверэнных дзяржаў у рамках інтэграцыйных працэсаў у мэтах эфектыўнага процідзеяння новым выклікам і пагрозам, забеспячэння міжнароднай бяспекі і справядлівага светапарадку, павышэння якасці жыцця народаў.
«Важным фактарам у дасягненні гэтых мэт з’яўляецца фарміраванне агульнай інфармацыйнай і гуманітарнай прасторы, заснаванай на сістэмнай агульнасці светапоглядных арыенціраў, духоўных традыцый і каштоўнасцей. Ва ўмовах сучаснай глабалізацыі, мы абавязаны захаваць сваю суб’ектнасць, інтэгравацца ў сусветную супольнасць на аснове нацыянальных інтарэсаў, аб’ядноўваючай роднасныя народы адзінай цывілізацыйнай платформы, улічваючы агульнасць культурна-гістарычных лёсаў», – гаворыцца ў рэзалюцыі.
Адзначаючы ў гэтым годзе 25-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў і 20-годдзе будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, удзельнікі медыяфоруму пацвярджаюць значнасць інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы.
«У інфармацыйнай сферы лічым недапушчальнымі дыктат і націск у імкненні парушыць суверэнныя правы незалежных дзяржаў. Сродкі масавай інфармацыі не павінны станавіцца інструментам палітычных маніпуляцый, распальвання канфліктаў і варожасці, правакавання войнаў і насілля», – гаворыцца ў дакуменце.
МЕРКАВАННІ
Лілія Ананіч, міністр інфармацыі:
«Сёння мы маем нацыянальную інфармацыйную прастору, здольную вырашаць задачы суверэннай Беларусі. 25 гадоў незалежнасці і гэтыя гады будаўніцтва інфармацыйнага поля на новы ўзровень паднімаюць адказнасць журналістыкі за стварэнне цудоўнай Беларусі».
Кубанычбек Таабалдыеў, дырэктар Кыргызскага нацыянальнага інфармацыйнага агенцтва «Кабар»:
«Беларускія СМІ ўтрымалі інфармацыйны паток у такім рэчышчы, што яны выконваюць сваё галоўнае прызначэнне — прыносяць карысць спажыўцам. Шматлікія тыражы газет, многія рэчы ў інфармацыйнай сферы Беларусі паказальныя нават для тых краін, якія могуць пахваліцца поспехамі ў гэтай сферы.
Інфармацыйнае поле сёння хутка расце, а свет развіваецца так актыўна, што складана зразумець, дзе праўда, а дзе не. Заходняе інфармацыйнае поле адрозніваецца ад інфармацыйнага поля краін СНД, на людзей ідзе бясконцы паток, у якім немагчыма разабрацца. У гэтым сэнсе прыклад Беларусі вельмі паказальны».
Аляксей Волін, намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі:
«Беларусь і Расія маюць вялікія магчымасці для сумеснай работы ў сферы дзейнасці інфармацыйных агенцтваў, радыё, у галіне кінавытворчасці.
Сучасныя ўмовы патрабуюць змянення падыходаў да работы СМІ: немагчыма па-даўнейшаму чакаць фінансавання праектаў, неабходна самім шукаць варыянты для стварэння канкурэнтаздольных медыйных прадуктаў.
Па матэрыялах БЕЛТА.