Рэпартаж пра сянаж. Першым укосам ляхавіцкім аграрыям належыць убраць 10 з паловай тысяч гектараў травастою

Першы ў тэму рэпартаж у гэтым годзе не толькі і не зусім пра сянаж. Што з наступленнем яравога сезона перадых вяскоўцам хіба толькі сніцца – ніякі не пафас, а жыццёвая ісціна. Або праўда жыцця, калі хочаце. Толькі-толькі аграрыі “зачахлілі” сеялкі, як паклікаў луг. На першы пункт у раскладзе дня выйшла касавіца.
Што, як, калі і чым касіць, удзельнікі семінара – кіраўнікі і профільныя галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна, можна не сумнявацца, ведаюць дакладна. Але ж хіба не лагічна перад стартам кампаніі яшчэ раз прайсціся яе маршрутамі: асвяжыць базавую тэорыю і практыку, абагуліць вопыт, паспрачацца аб асаблівасцях года, іншае. Прыкладна такімі словамі можна гаварыць пра мэту і сэнс семінара па пытанні гатоўнасці і арганізацыі правя-дзення нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу.
Субота, пахмурны поўдзень. На адным з зялёных палеткаў СВК “Жарабковічы” парад тэхнікі. Розных маштабаў, марак і мадыфікацый касілкі, варушылкі, граблі, прэс-падборшчыкі, сродкі транспартыроўкі… Завяршаў жалезны строй “цюнінгаваны” пад трамбоўшчыка сянажнай масы К-701 “Кіравец”. У чым сутнасць? У працэсе трамбоўкі верагоднасць бакавога перакульвання трактара істотна павялічваецца. Зыходзячы з гэтага факта, правілы бяспекі патрабуюць даўстаноўкі на ім засцерагальнай рамы. У выпадку падзення асноўную нагрузку прымае на сябе жорсткі металакаркас, а не канструкцыя кабіны.
Але да тэхнікі ўдзельнікі семінара звярнуліся гадзінай пазней. Спачатку старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч нагадаў, што іменна жывёлагадоўля з’яўляецца галоўным сельскагаспадарчым вытворчым актывам раёна. Ды і не толькі сельскагаспадарчым: на развіцці падгаліны ў значнай ступені трымаецца эканоміка раёна ў цэлым. У працяглы стойлавы перыяд малочна-мясное багацце – хто ж не ведае – вырастае з багацця кармавога стала. У якасці ”блізкага” таму прыкладу старшыня райвыканкама назваў ЗАТ “Белпрампрыбор”. Ферма гаспадаркі – далёка не самы сучасны аб’ект жывёлагадоўлі. Але ўсё пры ёй: і колькасць малака і яго практычна 100-працэнтная экстра-якасць. Бо працуюць з кармамі.
Перад аграрыямі раёна ставіцца задача з першага разу ўбраць 10,5 тысячы гектараў травастойных плошчаў. У якасці гадавой нормы кожнаму сельгаскааператыву запланавана “падняць” травяністых кармоў з разліку 26 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Для гэтага неабходна па-максімуму ўзбагаціцца сенажом і сенам з першага ўкосу, недастаючыя аб’ёмы дабраць першай і, магчыма, другой-трэцяй атавай.
Аднак, аб’ём кармавых закладак толькі тады нечага варты, калі ён у максімальнай ступені адпавядае стандартам якасці. Калі сянаж з’яўляецца сенажом, а не, як вобразна назваў старшыня райсельгасхарчу Аляксандр Вашчук, гнілажом. Калі сена мае водар лугу і сонца, а не пах затхласці. Забяспечыць усё пералічанае можа толькі тэхналагічнасць вядзення кампаніі. На кожным з яе этапаў, як па вертыкалі, так і па гарызанталі. Калі пачынаць і завяршаць уборачны дзень, якую траву рацыянальней скасіць з самага ранку, а якую пакінуць на пасля, у якой фазе росту трава ўяўляе найбольшую карысць? Пускаць варушылку па валку пракоса ці сэканоміць на паліве? У якіх выпадках пры закладцы сенажу неабходна выкарыстоўваць кансерванты? Пры ўсім гэтым – лічыць грошы, памятаць пра эканомію і эканоміку. Вось толькі невялікая частка пытанняў, якія ўзнімаліся падчас семінара і на якія знаходзіліся адказы. У тым ліку і практычныя.
Вызначыліся і з тэрмінамі: заняцца корманарыхтоўкамі гаспадаркі раёна павінны былі ўжо ўчора. З тым, каб на першы   дзень лета ўсе 10,5 тысячы гектараў травастою былі, мінімум, скошаны.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *