Студатрад: новы сезон
Напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя тысячы энергічных, ініцыятыўных маладых людзей адмовіліся ад спакойнага адпачынку на летніх канікулах і аб’ядналіся ў будаўнічыя атрады. Гэта справа паспяхова прадаўжаецца і сёння. Арганізацыя другаснай занятасці моладзі з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці БРСМ. На працягу трэцяга працоўнага семестра – з канца вясны да позняй восені – у складзе сельскагаспадарчых, будаўнічых, педагагічных, сэрвісных, валанцёрскіх атрадаў працуюць школьнікі, навучэнцы, студэнты. Маладыя людзі не толькі вучацца зарабляць свае першыя ўласныя грошы, але і набываюць дадатковыя спецыяльнасці, знаходзяць новых сяброў.
На Брэстчыне ўрачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра “Лета-2016” адбылося ў мінулы чацвер у Баранавічах – маладзёжнай сталіцы Беларусі. У парку “Натхнёныя Перамогай” сабраліся больш як трыста прадстаўнікоў студэнцкіх атрадаў з усёй Брэстчыны. Ляхавіцкі раён прадстаўлялі будатрадаўцы “Флагмана” з Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа (камандзір Арцём Лойка). Працоўны семестр 12 каляджан пачнуць у чэрвені.
З пачаткам новага студатрадаўскага сезона юнакоў і дзяўчат павіншавалі першы сакратар абкама БРСМ Віктар Іваноў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага гарвыканкама Святлана Паўловіч, камандзір абласнога штаба студэнцкіх атрадаў Мікалай Лукоўскі, ветэраны будатрадаўскага руху. Кожнаму з атрадаў былі ўручаны пуцёўкі.
У межах акцыі “Маладосць. Традыцыі. Будучыня” студатрадаўцы пасадзілі дрэўцы ў баранавіцкім парку, а таксама ўсклалі кветкі да Вечнага агню.
Тамара ПРАКАП’ЮК, першы сакратар РК БРСМ.
Фота з архіва ЛДАКа.