Еўропа, рэспубліка, вобласць

Вельмі “ўкоснай” для ляхавіцкага спорту выдалася сярэдзіна бягучага месяца. Медальны ўраджай нашы атлеты здымалі з еўрапейскіх, рэспубліканскіх, абласных спартыўных палёў. Парадавалі дзюдаіст, юныя лёгкаатлеты.
Кубак Еўропы па дзюдо расійскі Арэнбург прымаў сёмы раз запар. Турнір знакавы, паўдзельнічаць у якім лічаць за гонар не толькі еўрапейскія барцы. Вось і зараз канкурэнцыю прадстаўнікам Расіі, Беларусі, Азербайджана, Узбекістана, Чэхіі, Францыі, Швецыі складалі спартсмены з далёкіх Аўстраліі і Канады. Усяго – каля трох соцень адзінаборцаў з 18 краін. Беларускім майстрам татамі арэнбургскі п’едэстал скарыўся чатыры разы: двойчы другая і столькі ж трэцяя яго прыступкі. Здабытчыкам аднаго з бронзавых медалёў стаў выхаванец ляхавіцкай школы дзюдо. Член нацыянальнай зборнай Уладзіслаў Цярпіцкі “закрываў” самую цяжкую – звыш 100 кілаграмаў – вагавую катэгорыю і стаў адзіным у кампаніі расіян прызёрам.
З Арэнбурга перанясёмся ў Гродна, дзе завяршылася рэспубліканская спартакіяда сярод ДЮСШ і СДЮШАР. Узрост удзельнікаў – 16-17 гадоў, прадстаўніцтва – усе рэгіёны і спартшколы, у якіх “выкладаюць” каралеву спорту. Сапраўднае выпрабаванне – дыстанцыя даўжынёй у 2000 метраў з перашкодамі. Ляхавічанін Ягор Грыгарук, які працягвае спартыўную адукацыю ў абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву, яго вытрымаў з бляскам – бронзавым.
Спартыўны комплекс “Брэсцкі” некалькі дзён знаходзіўся ў распараджэнні 14-15-гадовых лёгкаатлетаў. Летняе першынство вобласці традыцыйна збірае пад сваё крыло касцяк найбольш адораных і перспектыўных спартсменаў рэгіёна. Так званая бюджэтная квота кожнай каманды – 8 чалавек. З Брэста ляхавіцкая васьмёрка вярнулася з багатым медальным уловам. Ужо навучэнка ВАР Таццяна Смірнова першынствавала ў бегу на 800 і 1500 метраў. Ганна Макоўская была другой на 3000 метраў і трэцяй – на ўдвая больш кароткай дыстанцыі. Такія ж пазіцыі, толькі ў бегу на 400 і 800 метраў, адваяваў Юрый Тарлюк. Спрынтар Уладзіслаў Тумаш фінішаваў другім на “двухсотмятроўцы”.
Віншуем спартсменаў, іх трэнераў Віктара Богуша, Андрэя Іванюценку, Алену Ульянаву.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з архіва  рэдакцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *