Галоўны дзень

3 ліпеня — свята святаў: наша свабодная і міралюбівая краіна адзначае Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і чарговую гадавіну вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў.

У трэці дзень ліпеня далёкага 1944 года  разбураны ваенным ліхалеццем, але непакораны Мінск сустракаў вызваліцеляў — байцоў Чырвонай Арміі, якія ачысцілі ад гітлераўцаў сталіцу Савецкай Беларусі і працягвалі вызваляць гарады і вёскі шматпакутнай беларускай зямлі ад  фашысцкай навалы.

Сімвалічна, што два гэтыя светлыя святы адзначаюцца ў адзін дзень. Незалежнасць  і ёсць свабода. А працавіты, дружалюбны, мужны наш народ ведае кошт свабоды: у Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці беларус…

Галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці ляхавічане і госці горада сустракалі радасна, з добрым настроем.

Добразычліва-святочная атмасфера панавала паўсюдна.

Урачыстай калонай пад гукі духавога аркестра з плошчы Леніна да плошчы Перамогі ў адным страі прайшлі ветэраны вайны і працы, кіраўніцтва раёна, лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў, сённяшнія воіны Узброеных Сіл краіны, самая актыўная моладзь Ляхавіччыны. Прыгожыя, узнёслыя, шчырыя і добрасумленныя нашы землякі — такія розныя і такія салідарныя ў памкненні жыць і працаваць у свабоднай і незалежнай Беларусі.

На плошчы Перамогі  ля помніка загінуўшым воінам прайшоў мітынг “Забыць не маем права…”. Душа напаўняецца болем, калі бачыш, як мала засталося салдат-вызваліцеляў, дзякуючы неўміручаму подзвігу якіх мільёны людзей атрымалі права на                  шчаслівае жыццё пад мірным небам. Гэта ім, дарагім ветэранам, — словы віншавання, пашана, любоў, клопат і  кветкі ад удзячных   нашчадкаў.

Над горадам загучалі назвы вёсак Ляхавіцкага раёна, якія паўтарылі лёс шматпакутнай Хатыні — былі спалены фашыстамі. У памяць усіх, хто загінуў і памёр падчас Вялікай Айчыннай вайны, прагучала шчымлівая песня, а дождж, які пачаўся ў гэтае імгненне, быў як слёзы па тых, хто навечна застаўся на страшнай вайне.

Мы не маем права забыць людзей, якія цаной свайго жыцця набліжалі пераможныя дні. Святлом удзячнай памяці няхай азараюцца імёны загінуўшых герояў. Метраном у цішыні адлічваў секунды хвіліны маўчання…

Адкрыў мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 67-й гадавіне вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.  Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна пажадаў землякам святочнага настрою, шчасця, дабрабыту, новых поспехаў у працы.

Са словамі віншавання да ўдзельнікаў мітынгу звярнуліся ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Яцко, ваенны камісар раёна Ігар Гусак, вучаніца САШ №1 Марына Жабік, кіраўнік пошукавага атрада “Уралец” Барыс Чыгірын.

Роўным строем прайшлі перад помнікам загінуўшым героям, аддаючы даніну павагі          ветэранам, воіны сённяшніх Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Потым на плошчы Леніна працягвалася святочнае дзейства. Ляхавічане з захапленнем  назіралі за паказальнымі выступленнямі дэсантнікаў 38-й дэсантнай мабільнай брыгады з Брэста.

Далей тэатральна-канцэртная праграма разгарнулася ў гарадскім Доме культуры. На адным дыханні прайшоў канцэрт  “Табой, краіна, ганаруся я!”. Са святам гараджан і гасцей райцэнтра павіншаваў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук: “Мы не маем права забываць імёны землякоў і герояў, якія паказалі  прыклад  вернасці і доблесці ў служэнні свайму народу, сваёй краіне. І сёння цудоўныя якасці мужнага і працавітага беларускага народа дапамагаюць развіваць эканоміку і культуру краіны, будаваць прававую, эканамічную дзяржаву. Шчыра віншую ўсіх вас, дарагія землякі, з галоўным святам – Днём Незалежнасці  Рэспублікі Беларусь”.

Дзмітрый Бурдук уручыў ганаровыя граматы райвыканкама начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалаю Юруцю і загадчыцы аддзела па рабоце з моладдзю ГДК Тамары Ажаль. На ўрачыстасцях ушаноўвалі і лепшых спартсменаў, якія паспяхова выступілі на прайшоўшай у чэрвені рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў.

Нельга было не звярнуць увагу на выставу цудоўных работ самадзейных майстроў  з многіх дамоў культуры  раёна і цэнтра пазашкольнай работы, ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, пакаштаваць смачную і папулярную прадукцыю ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” і СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”.

Лепшыя самадзейныя артысты раёна падарылі сваім землякам радасць сустрэчы з іх творчасцю. Уразіла і запомнілася выступленне  народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Мірскія музыкі” з Баранавіч.

Заключным акордам свята стала вячэрняя танцавальная праграма.

Надзвычай хвалюючымі былі тыя  некалькі хвілін, калі ляхавічане разам з усёй краінай у адзіным патрыятычным памкненні спявалі Гімн сваёй незалежнай Беларусі, а потым  мірнае неба над горадам расквеціў салют.

Галіна КАНЬКО
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

На здымках: Ляхавічы 3 ліпеня 2011 года

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *