І ў прафарыентацыі ёсць інавацыі

Настаўніца СШ № 2 Наталля Ланкуць і ўдзельніцы педагагічнай групы.

Настаўнік – прафесія на ўсе часы. СШ № 2 не адчувае недахопу педагагічных кадраў. Побач працуюць і   вопытныя настаўнікі, якія навучалі разумнаму, добраму, вечнаму не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак, і ўчарашнія выпускнікі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Разам мы – каманда.

У мэтах педагагічнай прафарыентацыі вырашылі самім выяўляць вучняў, якія маюць схільнасць да педагогікі, развіваць іх інтарэс для самастойнага асэнсаванага выбару настаўніцкай прафесіі. Для грамадства важныя розныя спецыяльнасці, але ад педагога ў многім залежыць выхаванне і навучанне будучага інжынера, прадпрымальніка, ваеннага, урача… Краіне патрэбны сапраўдныя настаўнікі, якія ведаюць і любяць сваю справу, здольныя захапіць хлопчыкаў і дзяўчынак вучобай, прыцягнуць іх да творчасці, выхаваць дастойнымі грамадзянамі.

Пачынаючы з 2014 года, СШ № 2 з’яўляецца рэспубліканскай пляцоўкай інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі”, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей. Кансультантам праекта з’яўляецца першы прарэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Станіслаў Рачэўскі.

Дзеля паспяховай рэалізацыі праекта, асноўнымі прынцыпамі якога з’яўляюцца навуковасць, сістэмнасць, пераемнасць, у школе створана інавацыйная каманда, куды ўвайшлі педагогі вышэйшай і першай кваліфікацыйных катэгорый. У гэтым навучальным годзе да інавацыйнай дзейнасці ў той ці іншай ступені далучыліся ўсе настаўнікі, многія вучні і іх бацькі. Настаўніца Галіна Шылькова з’яўляецца кіраўніком творчай групы “Педагог”, Наталля Ланкуць – клуба “Прафактыў” і педагагічнага атрада “Мара”, Марыя Ракуць каардынуе работу школьнага самакіравання “Школьнае братэрства добрых спраў”, Наталля Сапега-Панько – работу па тэхналогіі «Роўны навучае роўнага», Таццяна Шчэрба – клуба “Старшакласнік”, Нэлі Пастушак – валанцёрскага атрада “Данка”.

Папоўнілася і матэрыяльна-тэхнічная база нашай навучальнай установы – устаноўлены тэлевізар з выхадам у інтэрнэт, педагогі і вучні маюць магчымасць рабіць гэта бясплатна, ёсць у дастатковай колькасці аўдыя- відэатэхніка.

Каб даваць больш глыбокія веды вучням, настаўніку трэба быць у пастаянным пошуку, удасканальвацца, павышаць кваліфікацыю. Мае калегі –удзельнікі разнастайных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый, іх аўтарскія работы друкуюцца на старонках газет і навукова-метадычных часопісаў. Прэзентацыі інавацыйнага вопыту педагогаў размешчаны на школьным сайце, у газеце “Школьнае скрыжаванне”.

СШ № 2 даўно і цесна супрацоўнічае з Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам.  У 2015 годзе падпісаны адпаведны дагавор і з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Нашы вучні, якія збіраюцца стаць настаўнікамі, разам з бацькамі сёлета з мэтай азнаямлення пабывалі ў гэтых ВНУ.

У рэалізацыі інавацыйных праектаў настаўнікам актыўна дапамагаюць педагогі-псіхолагі Тамара Сангайлене і Кацярына Тарлюк, якія праводзяць заняткі з элементамі трэнінгу, працуюць і з дзецьмі, і з іх бацькамі, арганізуюць кансультацыі, лекторыі.

У гэтым навучальным годзе на базе дзясятых класаў створана профільная педагагічная група, у якой на павышаным узроўні вывучаюцца асобныя школьныя прадметы, у абавязковым парадку і факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. У наступным навучальным годзе плануецца адкрыць педагагічны клас. Нямала цікавага і пазнавальнага праводзіцца ў межах месячніка прафарыентацыйнай работы “Сто дарог – адна твая”.

Рэалізацыя інавацыйнага праекта не спыняецца і падчас канікулаў. Удзельнікі пед-атрада “Мара” сваім дэвізам абралі: “Любіць дзяцей, забыць пра сум”. Старшакласнікі правялі разнастайныя гульнёвыя, творчыя, спартыўныя мерапрыемствы з вучнямі малодшых класаў, якія адпачывалі ў прышкольным лагеры “Вясёлка”, а таксама з піянерамі, выхаванцамі дзіцячых садкоў і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, пацыентамі дзіцячага аддзялення райбальніцы. Абавязковыя ў дзейнасці “Мары” педагагічныя іспыты, якія мадэлююць сітуацыі, што могуць узнікнуць на ўроках ці ў пазакласнай дзейнасці.

Сумесна члены школьнага самакіравання, клуба “Старшакласнік”, валанцёрскага атрада “Данка” правялі дабрачынную акцыю “Нашы дзеці”, дні самакіравання, “вясёлыя перапынкі” для малодшых школьнікаў. Нядаўна “мараўцы” сумесна з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны пасадзілі “Сад мары”.

Ажыццяўленне праекта працягваецца. Ёсць станоўчыя вынікі: палепшылася якасць адукацыі, узровень выхаваўчай работы, павысілася матывацыя педагогаў да самарэалізацыі, многія вучні сталі пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд, вучэбных і творчых конкурсаў, што садзейнічае іх самавызначэнню.

Таццяна ДОРУШ, намеснік дырэктара  СШ № 2.

One thought on “І ў прафарыентацыі ёсць інавацыі

  • 24/05/2016 в 13:32
    Permalink

    Сардэчна запрашаем выпускнікоў 9-ых класаў у наш педагагічны клас на наступны навучальны год.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *