Выйшла дзіцячая «Чырвоная кніга» у вершах і замалёўках
У студзені 1985 года я пачаў працаваць у рэдакцыі часопіса “Родная прырода” загадчыкам аддзела фауны і вельмі хутка зразумеў, што жывёльны свет Беларусі ведаю даволі павярхоўна, прынамсі, не так добра, як гэта патрабуецца рэдактару навукова-папулярнага выдання. Бянтэжылі спецыфічныя тэрміны, незнаёмыя, малаўжытковыя назвы асобных звяроў і птушак, таму, як кажуць, давялося на хаду перавучвацца. Балазе далёка хадзіць не трэба было: у самой рэдакцыі паўсюль стаялі шафы з мноствам кніг і часопісаў па ахове прыроды. Так што мой рабочы стол ніколі не пуставаў, на ім акрамя аўтарскіх рукапісаў пастаянна ляжалі розныя энцыклапедычныя даведнікі. Зрэшты, прыродазнаўчай літаратурай, як мастацкай, так і навукова-папулярнай, я захапіўся яшчэ ў дзяцінстве і перачытаў яе шмат, а любоў да роднай зямлі, вядома ж, узнікла не на пустым месцы, бо і нарадзіўся я ў глыбі Палесся, на балоцістай і лясістай Ганцаўшчыне, дзе і цяпер, ня-гледзячы на маштабную меліярацыю, фауна і флора яшчэ радуюць сваім багаццем і першародным хараством.
Памятаю, у кніжнай шафе, што стаяла ў карэктарскім пакоі, пачэснае месца займала ўжо даволі пашарпаная Чырвоная кніга Беларусі выдання 1981 года. Узорам для яе стварэння паслужыла аналагічная кніга Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў. У выданнях гэтага тыпу змяшчаюцца кароткія звесткі аб біялогіі, распаўсюджанні, колькасці і мерах па ахове рэдкіх і знікаючых дзікіх жывёл і раслін. Яшчэ свежымі заставаліся ўражанні ад яе, чытачы былі проста шакіраваны, даведаўшыся, што ў Беларусі дзесяткі відаў фауны і флоры знаходзяцца на мяжы вымірання. Часопіс “Родная прырода” з нумара ў нумар змяшчаў пазнавальныя артыкулы вучоных пра беларускіх “чырванакніжнікаў”, друкаваліся і вершы, у якіх, кажучы радкамі Міхася Рудкоўскага, рабілася важная выснова: “У Чырвоную кнігу не занёс бы сябе чалавек…”
Менавіта тады, калі я ўсё больш пазнаваў таямніцы жывой прыроды, аднойчы ў мяне і ўзнікла ідэя стварыць паэтычную Чырвоную кнігу Беларусі для дзяцей, што, на мой погляд, дужа арыгінальна, бо пра ахоўных жывёл і птушак у вершах яшчэ ніхто не пісаў. Са зборам патрэбных матэрыялаў праблемы не было з самага пачатку. Каштоўнай крыніцай інфармацыі найперш стаў часопіс “Родная прырода”, у якім з цікавымі артыкуламі пра жывёльны свет нашай краіны пастаянна друкаваліся супрацоўнікі Інстытута заалогіі А. Курскоў, М. Долбік, М. Нікіфараў, М. Пікулік, В. Вадкоўскі, Э. Самусенка. Яшчэ студэнтамі сталі нашымі аўтарамі будучыя заолагі В. Сідаровіч і С. Зуёнак, акрамя таго, у рэдакцыю на сустрэчы з журналістамі запрашаліся такія вядомыя вучоныя, як Л. Сушчэня, Н. Казлоўская, і многія іншыя. Незвычайнымі фотасюжэтамі з жыцця звяроў і птушак радаваў чытачоў І. Бышнёў, які пазней праславіўся на ўсю Еўропу відэафільмамі аб беларускай прыродзе. Багата патрэбнага матэрыялу для ажыццяўлення сваёй задумы давалі камандзіроўкі і паездкі ў самыя розныя куткі Беларусі. Напрыклад, у Ляхавіцкім раёне леснікі Мыслабажскага лясніцтва паказалі ў глухамані цэлы барсучыны гарадок, а каля Выганаўскага возера аднойчы пашчасціла назіраць арлана-белахвоста і чорных буслоў. Не часта вачам адкрываюцца неверагодныя цуды прыроды. А пра Белавежскую пушчу і Бярэзінскі запаведнік, дзе давялося пабываць не адзін раз, я ўжо не кажу.
Так спакваля, патрошку збіраўся матэрыял пра беларускіх “чырванакніжнікаў”, але праца пасоўвалася ўвогуле марудна, што і зразумела. Паспрабуй у кароценькім вершы апісаць у мастацкіх вобразах бадай ці не ўсю біялогію нейкага малавядомага паўзуна, матыля, кажана, птушкі, а да навуковай дакладнасці я акурат і імкнуўся. Зноў жа ад-крываліся ўсё новыя і новыя таямніцы жывой прыроды, звесткі пра жывёл мяняліся, увесь час удакладняліся. У 1993 годзе выйшла другое, дапоўненае выданне Чырвонай кнігі Беларусі. У адрозненне ад першага, дзе налічвалася 80 розных ахоўных відаў нашай фауны, сюды іх ужо ўнесена больш як 180 відаў. Словам, паэтычная кніга для дзяцей давалася нялёгка. Калі напішацца за год 5-8 вершаў, то і гэта поспех. Асобныя творы пра “чырванакніжнікаў” былі надрукаваны ў часопісах “Бярозка”, “Вясёлка”, “Лесавічок”, ажно тры разгорткі вершаў, аздобленых цудоўнымі фотаздымкамі, змясціў часопіс “Пачатковая школа”. Праца над “Малой дзіцячай Чырвонай кнігай”, якая працягвалася амаль два дзесяцігоддзі, у асноўных рысах была скончана ў 2003 годзе. Астатні час пайшоў на пошукі кампетэнтнага выдаўца, удакладненне тэрмінаў, пэўных лічбаў і сучасных назваў, іншых звестак з наменклатуры “чырванакніжнай” фауны, бо неўзабаве выйшла і трэцяе выданне Чырвонай кнігі Беларусі. Гэтае выданне, як і папярэднія, уяўляе сабой свое- асаблівы каталог і крыніцу найноўшай інфармацыі аб сённяшнім стане ахоўных дзікіх жывёл і птушак на тэрыторыі нашай рэспублікі.
Хачу агаварыцца, што для сваёй працы я браў толькі тыя віды “чырванакніжнікаў”, якія часцей на слыху і якія найбольш зразумелыя для дзіцячага ўспрыняцця. Думаю, не лішнім будзе нагадаць, як у міжнароднай практыцы ідзе падзел фауны на ахоўныя віды і тыя віды, што не патрабуюць спецыяльнай аховы. Тут як бы дзейнічае прынцып святлафора. Так, на чырвоную картку заносяцца жывёлы і птушкі, якія знікаюць ці ўжо зніклі, на жоўтую – віды, якія знаходзяцца на мяжы вымірання, і, нарэшце, на зялёнай картцы – жывёлы і птушкі, якіх у нас яшчэ досыць багата і якім нішто не пагражае. Прырода вельмі ўразлівая, родную зямлю трэба берагчы, не знішчаць, а памнажаць яе багацці. Гонару нам не робіць той факт, што ўжо ў 2003 годзе на навуковай канферэнцыі па праблемах выдання Чырвонай кнігі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава ішла сур’ёзная размова аб занясенні яшчэ нядаўна шырока распаўсюджанага вераб’я калі не ў спіс відаў, якія знікаюць, то хоць бы ў пералік жывёл, якія патрабуюць пільнай увагі. Вось чаму галоўная ідэя напісанай у вершах і замалёўках “Малой дзіцячай Чырвонай кнігі” – “Не шкодзь прыродзе, жыві з ёю ў згодзе!”.
Віктар ГАРДЗЕЙ.