За словам – справа

«Ляхавіцкі веснік» стаў пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый раённых і гарадскіх   газет па выніках 2015 года.

Традыцыйная журналісцкая маёўка ў мінулую пятніцу стала дванаццатай за час правядзення абласнога творчага спаборніцтва сярод сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны. На гэты раз цырымонія ўзнагароджання яго пераможцаў праходзіла ў Брэсцкім музычным каледжы імя Шырмы, і гэта надавала асаблівую ўрачыстасць падзеі, тым больш – у Год культуры. Дарэчы, урачыстасці папярэднічала насычаная і цікавая, – зноў жа, культурная – праграма: экскурсіі па музеях «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» і абласным краязнаўчым. А потым пачалося галоўнае дзейства.
Намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў творчага спаборніцтва адзначыў, што ўзровень журналістыкі Брэстчыны расце, што газеты з’яўляюцца праваднікамі спраў і праектаў, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва. Леанід Аляксандравіч гаварыў пра адказнасць журналістаў перад грамадствам, пра вартасць друкаванага радка, пра творчасць і пастаянную работу над сабой, над словам, што слова павінна ўвасабляцца ў справы.
Леанід Цупрык павіншаваў пераможцаў творчага конкурсу, уручыў ім дыпломы. Сярод рэдакцый раённых газет гэтага гонару ўдастоены «Ляхавіцкі веснік». Такую ж ацэнку атрымаў і «Кобрынскі веснік». А сярод абласных і аб’яднаных газет перамога за Баранавіцкім «Нашим краем». У намінацыях спаборніцтва адзначаны многія журналісты Брэстчыны. Дыпломы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама ўручыў кіраўнік галоўнага ўпраўлення Аляксандр Мурашкін. Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў, рэдактар «Зари» Аляксандр Лагвіновіч адзначыў узнагародамі ветэранаў журналістыкі.
А яшчэ гучала музыка, класічная і народная. Навучэнцы музычнага каледжа віталі сваіх гасцей шчыра і ў поўны голас. Якія цудоўныя і незабыўныя імгненні свята!

Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “За словам – справа

  • 25/05/2016 в 21:03
    Permalink

    Ад душы парадавалася! Газета цікавая, інтэлігентная, свая. З інтарэсам заўсёды разглядваю фотаздымкі- шукаю знаёмых. Далейшых вам перамог, новых праектаў і ідэй, «веснікаўцы».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *