“Клопат”: заўсёды і без фармалізму
…Злачынствы і правапарушэнні пачынаюцца з малога – спачатку пропускі заняткаў, потым “нядобрая” кампанія, цыгарэты, спіртное… Чым далей – тым больш. Даволі часта самыя блізкія людзі апошнімі даведваюцца, як паводзіць сябе іх дзіця, чым займаецца, чым захапляецца. Важна, каб таты і мамы былі ў кантакце са школай, каб уважліва і з любоўю выконвалі свае бацькоўскія абавязкі.
Футбольны матч, які гэтай вясной прайшоў у СШ №1 адметны тым, што супраць каманды супрацоўнікаў РАУС змагалася зборная школьнікаў, у складзе якой былі і цяжкія падлеткі. Сёлета па традыцыі ў чэрвені адбудзецца абласная патрыятычна-спартыўная гульня “Рубеж”, дзе абавязкова ў чарговы раз паўдзельнічае і каманда з нашага раёна, створаная з юнакоў, якія пастаўлены на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх. Па сутнасці, бесперапынна працягваецца спецыяльная аперацыя “Падлетак”, падчас якой праводзяцца праверкі па месцы жыхарства, вучобы тых з іх, хто стаіць на прафілактычным уліку ў ІСН, сустрэчы, прафілактычныя гутаркі ва ўстановах адукацыі, напрыклад, “Стоп, спайс” і г. д.
У маі пачалося ажыццяўленне рэспубліканскай праграмы “Клопат”. Асноўная ўвага міліцыянераў, педагогаў накіравана на арганізацыю вольнага часу непаўналетніх, прафілактыку падлеткавай злачыннасці ў летні перыяд. На пастаянным кантролі будуць дзіцячыя пляцоўкі, стадыёны, прышкольныя летнікі, установы культуры – асабліва ў вячэрні час.
На прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС знаходзіцца 38 падлеткаў (15 пастаўлены сёлета), у тым ліку 4 дзяўчынкі. Цяпер, напрыклад, расследуюцца 2 крымінальныя справы гэтага года. Два навучэнцы ЛДАКа і вучань Ліпскай СШ ноччу ўзламалі замок і ўкралі матацыкл з гаража ў Свяціцы. А непаўналетні жыхар Зарытава, навучэнец Баранавіцкага машынабудаўнічага каледжа, украў гумавую лодку ў Жарабковічах.
Здаецца, усе дарослыя павінны адчуваць адказнасць за тое, якімі людзьмі вырастуць дзеці. Але… Летась выяўлены 3 факты рэалізацыі алкагольнай прадукцыі непаўналетнім у прыватных гандлёвых кропках. І хаця вінаватыя прадаўцы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і заплацілі штраф па 20 базавых велічынь кожны, асадак у душы застаўся.
Разам з настаўнікамі работнікі праваахоўных органаў частыя, хоць іншы раз і не вельмі жаданыя госці ў сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сёлета ўжо 6 бацькоў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў, яшчэ 16 – за спойванне непаўналетніх, 9 – за тое, што іх дзеці знаходзіліся ў грамадскіх месцах у позні час без суправаджэння дарослых.
Сярод адрасоў, дзе на належным узроўні арганізавана прафілактычная работа, – СШ № 1. Дырэктар школы Наталля Кулак падкрэслівае, што педагогі стараюцца наладжваць шчыльны кантакт з дзецьмі, якія лёгка паддаюцца чужому ўплыву ці маюць няўстойлівую псіхіку, асаблівую ўвагу звяртаюць на тых, хто сябруе са шкоднымі звычкамі, дэманструе сваю “даросласць”. Як патлумачыла сацыяльны педагог Вікторыя Біза, для кожнага з такіх падлеткаў складаецца індывідуальны план работы, яго педагагічная і псіхалагічная характарыстыкі, акты абследавання ўмоў жыцця і выхавання (педагогі хаця б раз у месяц наведваюць яго сям’ю), інфармацыя аб тым, чым ён займаецца пасля ўрокаў, рэкамендацыі для бацькоў, класнага кіраўніка, настаўнікаў-прадметнікаў.
Некалькі гадоў назад у школе пачалі рэалізоўвацца праект “Жыццёвыя прыярытэты”. Частыя госці на сустрэчах з вучнямі і настаўнікамі – супрацоўнікі праваахоўных органаў, райбальніцы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, сацыяльна-педагагічнага цэнтра. І нават калі адзін цяжкі падлетак у выніку выхаваўчай работы, увагі і клопатаў, здымаецца з уліку ІСН, як гэта адбылося з шасцікласнікам СШ № 1, гэта радасць і перамога над сітуацыяй, якая магла скалечыць лёс дзіцяці.
Цяжкім не называюць з-за разбітага мячыкам акна. Асацыяльныя паводзіны падлетка робяць сваю справу. Праўда, на жаль, даволі часта самыя блізкія людзі апошнімі даведваюцца аб тым, як паводзіць сябе іх дзіця, чым займаецца і захапляецца. Важна, каб бацькі былі ў кантакце са школай, дзе вучацца іх дзеці. Не менш важна, каб педагогі праяўлялі сваю дзейсную зацікаўленасць у такіх стасунках, упэўнена псіхолаг СШ № 1 Іна Варатынец. Злачынствы і правапарушэнні пачынаюцца з малога: спачатку пропускі заняткаў, потым – “нядобрая” кампанія, цыгарэты, спіртное… Чым далей – тым больш. Калі падлетак трапляе на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх, пачынаюцца пошукі вінаватых. Неабходна ўзмацняць прафілактычную і выхаваўчую работу. Гэта задача не толькі педагогаў, але медыцынскіх устаноў, маладзёжных арганізацый. Патрабуе ўдасканалення і дзейнасць камісій па справах непаўналетніх пры сельвыканкамах. Нялішне напомніць: калі падлетак жыве ў праблемнай сям’і, значыць узмацніць уплыў трэба на ўсю сям’ю.
Галіна КАНЬКО.