На арэлях
– Ігар, Саша, Маша, гайда на вуліцу! – звонкім рознагалоссем напоўніліся з надыходам цяпла двары. І хоць забавы пацясняюцца рознымі гаджэтамі, дваровыя пляцоўкі не пустуюць – надзвычай запатрабаваны яны ў рабят. Пры гэтым застаецца пытанне: наколькі бяспечныя такія забавы?
Напрыканцы красавіка супрацоўнікі пракуратуры і райЦГіЭ правяралі стан дзіцячых пляцовак райцэнтра. Мінусаў, па словах урача-гігіеніста Яны Санюты, было нямнога: дзе-нідзе незамацаваныя пясочніцы і горкі, дрэнна закручаныя альбо адламаныя элементы арэляў, адсутнасць дошак ў лаўцы ці стале, незабітыя цвікі. Гэта, канешне, абавязаны ўхіліць камунгас, у якога на балансе знаходзіцца 19 пляцовак на тэрыторыі райцэнтра і 7 – за яго межамі. Але, з другога боку, такія факты гавораць пра культуру тых, хто іх учыніў. Лаўка не стала дзіравай, болт не выпаў з арэляў без удзелу чалавека.
Намеснік дырэктара жылкамунгаса па ідэалогіі Вячаслаў Кучэйка адзначае, што спецыяльная камісія штогод абследуе абсталяванне, наколькі бяспечныя гульнёвыя пляцоўкі. Усе дзіцячыя прылады абавязкова рамантуюць, падфарбоўваюць, прыводзяць у парадак. У мінулым годзе набылі 5 арэляў; у двары дома № 35 па вуліцы Інтэрнацыянальнай з’явіўся дзіцячы гульнёвы комплекс; каля дома № 48 па Леніна – спартыўны. Не застаюцца без увагі камунгасаўцаў і дваровыя дзіцячыя пляцоўкі жыллёва будаўнічых спажывецкіх кааператываў, хаця яны – уласнасць ЖБСК і абсталяваны за іх кошт у адпаведнасці з зацверджанымі дзяржаўнымі стандартамі з захаваннем патрабаванняў бяспекі.
23 мая супрацоўнікі РАНС пракантралявалі, як выпраўлены недапрацоўкі, выяўленыя ў час праверкі дзіцячых гульнёвых пляцовак, прадпісанні пракуратуры і санстанцыі.
…Дваровыя тэрыторыі па вуліцы Інтэрнацыянальнай – сапраўдныя міні-”гарадкі”, у якіх удосталь разнастайнага спартыўнага і гульнёвага абсталявання. Але менавіта тут з-за вялікай колькасці транспарту ўзнікаюць канфлікты паміж аўтаўладальнікамі і бацькамі дзяцей з-за па-шкоджаных машын. Інспектар інспекцыі па справах непаўна-летніх РАУС Сяргей Сокал адзначае, што з пачатку года зарэгістраваны ўжо 4 такія выпадкі. Апошні здарыўся нядаўна: хлопчык катаўся на веласіпедзе і падрапаў фарбу на дзвюх машынах. Іх гаспадары ацанілі шкоду ў два і тры мільёны рублёў адпаведна. Прыйсці да згоды без супрацоўнікаў міліцыі не атрымалася, і справа накіравана ў суд. Чаму так: ёсць месца для гульняў, а паразумення няма? Адна з прычын, пэўна, у дзіцячай бескантрольнасці. Другая – у застаўленасці двароў аўтамабілямі – суцэльная паркоўка ці, калі хочаце, гаражы пад адкрытым небам. Бацькі аднадушныя: “Канешне, няправільна, што хлопцы бегаюць сярод аўто. Да 7 гадзін вечара адкрыты стадыён гімназіі, пасля ўваход на тэрыторыю навучальнай установы зачынены. Юных футбалістаў з радасцю прымаюць на сваім полі выратавальнікі РАНС, але злоўжываць гасціннасцю пастаянна не будзеш”… З надыходам сонечных дзён двары новага мікрараёна нагадваюць мурашнік.
Калі працавала над гэтым артыкулам, абышла-аб’ехала амаль усе дваровыя дзіцячыя пляцоўкі райцэнтра, кожную прыдзірліва вывучала вачамі маці. Уражанні ад месцаў дзіцячага адпачынку змешаныя і нават супярэчлівыя. Некаторым дварам пашанцавала мець не адну горку, арэлі, пясочніцу, качалку, лаўку, іншае абсталяванне. Вельмі добра, калі можна цікава правесці час побач з домам. Для іншых – “гарадкі” пакуль толькі мара. Ды і не кожнае абсталяванне выклікае давер. Каля дома № 21 па вуліцы Чкалава “прапісана” горка. Да гэтага абсталявання ўвага асаблівая. У памятцы па забеспячэнні бяспечнай эксплуатацыі абсталявання дзіцячых гульнёвых пляцовак напісана: вышыня бакавых борцікаў, што на ўчастках слізгання ў залежнасці ад вышыні свабоднага падзення павінна складаць ад 100 да 500 мм. Гэта ж горка наогул без борцікаў. Раней патрабаванні да такога абсталявання былі іншымі, але жывём жа сёння.
Асобна пра двары па вуліцы Леніна. Яны пару гадоў назад пахарашэлі і добраўпарадкаваны: малыя архітэктурныя формы і іншыя зручнасці прыйшліся даспадобы маленькім і дарослым. Але на лаўкі, арэлі, металічныя ўпрыгожванні час ад часу спакушаюцца вандалы – інакш іх не назавеш. У мінулыя выхадныя, напрыклад, тут з коранем вырвана забетанаваная спартыўная лесвіца… Няўжо ніхто з тутэйшых жыхароў не чуе і не бачыць гэтых хуліганскіх “размінак”? Камунгасу зноў давялося ўстараняць наступствы дзікіх “забаў”.
Наконт турніка каля дома № 50 па вуліцы Леніна. Не дай бог дзіцяці сарвацца з яго – на бетонны падмурак… Не ведаю патрабаванняў да ўстаноўкі падобнага спартыўнага абсталявання, але з пункту гледжання звычайнага карыстальніка, бетон – не самае бяспечнае пакрыццё. І яшчэ. Нават спраўныя прыстасаванні – не гарантыя бяспекі. Бяспечнымі дзіцячыя пляцоўкі стануць тады, калі дарослыя будуць глядзець за дзецьмі, пільна кантраляваць іх дзеянні, навучаць таму, што можна – што нельга, што дапушчальнае – што вядзе да бяды.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.