Выдатна, медалісты!
З 15 па 28 чэрвеня Мінск прымаў юных спартсменаў – удзельнікаў VI Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Самыя спрытныя, смелыя, дужыя змагаліся за першынство ў асабістых заліках і агульнакамандную перамогу ў 24 відах спорту. У спаборніцтвах па самба, дзюдо і лёгкай атлетыцы ў складзе каманды Брэсцкай вобласці прымалі ўдзел і выхаванцы Ляхавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.
Юныя самбісты Ілья Пілінога і Уладзіслаў Цярпіцкі занялі ў сваіх вагавых катэгорыях 2-е месца, на 3-ю прыступку п’едэстала падняліся Уладзіслаў Пілінога і Кірыл Ланкуць. Перамогу рабят па праву раздзяліў іх трэнер Віктар Богуш. Каманда самбістаў Брэстчыны заняла другое месца.
Паспяхова выступілі і ляхавіцкія дзюдаісты, падрыхтоўкай якіх займаўся трэнер Рашыд Байрашэўскі. Алеся Барысевіч і Крысціна Янушка занялі 3-е месца ў асабістым заліку, а разам з камандай Брэсцкай вобласці замацаваліся на 4-м месцы.
У складзе лёгкаатлетаў Брэстчыны выступала і ляхавічанка Ангеліна Сліва (трэнер Алена Ульянава), якая заняла 3-е месца, а каманда і ўвогуле першынствавала.
Георгій БАРЫСЕВІЧ,
начальнік аддзела фізічнай культуры,
спорту і турызму райвыканкама.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА