Галоўная пра галоўнае
Яе кабінет пераважную большасць рабочага часу пустуе, і ў тым ліку гэтая акалічнасць пацвярджае: яго гаспадыня – пры выкананні службовых абавязкаў. Галоўная медсястра Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Ала Туркіна за дзень адольвае шматкіламетровыя дыстанцыі па калідорах і палатах стацыянара, паліклінічных апартаментах, ФАПах і ўрачэбных амбулаторыях, за выкананне санітарнага рэжыму ў якіх яна нясе адказнасць. А паколькі пачуццё адказнасці ў Алы Мікалаеўны развіта надзвычай, чаго яна патрабуе і ад сваіх калег, то і да парадку ў бальніцы прэтэнзій, як правіла, не бывае.
Наладжана вучоба медсясцёр, традыцыйнымі сталі конкурсы іх прафесійнага майстэрства, якія праходзяць не па трафарэце, а заўсёды арыгінальна і душэўна. Тут у пашане пераемнасць пакаленняў, увага да настаўніцтва, цесныя стасункі вопытных і пачынаючых медсясцёр. Усё гэта і многае іншае ў кампетэнцыі Туркіной.
Галоўнае, што характарызуе галоўную, – прафесіяналізм. І не толькі дыплом Баранавіцкага медвучылішча і тры дзесяцігоддзі практыкі абумоўліваюць яго, але і ўласцівыя Але Мікалаеўне рысы характару. Яна з максімалістак: імкнуцца – дык дасягаць, рабіць – дык выдатна. Імкнецца, дасягае, якасна робіць сваю справу. Канешне, не адна, а з камандай: яе першыя памочнікі – старшыя медсёстры аддзяленняў, загадчыкі ФАПаў, увесь сярэдні і малодшы персанал ЦРБ. Паўнейшае ўзаемаразуменне з адміністрацыяй установы, урачамі.
– Прафесіянал высокага класа, граматны, патрабавальны. Чалавек на сваім месцы. – Так лаканічна характарызуе Алу Туркіну намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў. І дадае да гэтай характарыстыкі яшчэ адзін штрых – эстэтычны. Сапраўды, у аўтарстве кветкавага аздаблення тэрыторыі райбальніцы, многіх ФАПаў і ўрачэбных амбулаторый роля Алы Мікалаеўны вядучая.
Ну а пра аўтарытэт галоўнай медсястры вельмі красамоўна гаворыць факт: яна абрана дэлегатам пятага Усебеларускага народнага сходу.
– Ахова здароўя народа – сярод прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Сродкі, якія ўкладаюцца ў развіццё медыцыны, зрабілі яе сучаснай, высокатэхналагічнай, расшырылі магчымасці дыягностыкі і лячэння. Па многіх пытаннях беларуская медыцына на самым высокім ўзроўні. Пры ўсім гэтым яна застаецца для насельніцтва бясплатнай. Думаю, што на Усебеларускім народным сходзе абавязкова будуць закрануты перспектывы аховы здароўя. Усё, што датычыць заўтрашняга дня нашай Беларусі, для мяне як для грамадзяніна, маці, як для дэлегата галоўнага схода пяцігоддзя надзвычай важнае. Я вельмі ўдзячна сваім калегам, землякам, якія дэлегавалі мяне на пяты Усебеларускі народны сход.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.