З’явіліся новыя турыстычныя маршруты

Цудоўная пара года зіма: прыемна пашчыпвае за твар мароз, дыяментамі іскрыцца снег пад яркімі промнямі сонца. У такі час здорава адпачыць на прыродзе, палюбавацца хараством зімовага лесу або апынуцца ў Сілічах, паспрабаваць сябе ў лыжным спорце, а пасля прадоўжыць маршрут па зімовым Мінску. А колькі захапленняў і незабыўных уражанняў ад наведвання Мірскага замка ці прагулкі па таямнічых сцежках гістарычнага Нясвіжа. Дзятва імкнецца ў казачную Белавежскую пушчу, дзе яшчэ можна сустрэцца з Дзедам Марозам і Снягурачкай…

Але часта мы забываем пра тое, што і зусім побач шмат захапляючага. Мы не бязродныя, на Ляхавіччыне ёсць шмат цікавага, тут нарадзіліся або ў свой час пабывалі знакамітыя людзі. Мы штодзень ходзім па зямлі свабодалюбівага Тадэвуша Рэйтана; тут бегаў басанож будучы вядомы паэт Ян Чачот; разгалісты дуб, якому сёння ўжо пераваліла за стагоддзе, пасадзіла польская паэтэса Эліза Ажэшка.  А на 10-ым шлюзе Агінскага канала ў гады Вялікай Айчыннай вайны  нашы байцы і камандзіры здзейснілі подзвіг у імя сённяшняга дня. Тут, на Ляхавіччыне, нарадзіліся нашы таленавітыя сучаснікі: рэжысёр Міхаіл Пташук, паэт Леанід Пранчак, літаратар Алесь Бадак. Блаславенная зямля, і яе гісторыю, запаветныя мясціны трэба ведаць.

Арганізацыя экскурсій па распрацаваных маршрутах, папулярызацыя краязнаўства – тое, што патрэбна жыхарам нашага раёна, у першую чаргу маладому пакаленню.

Дырэктар раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Уладзімір Погас расказаў, што распрацаваны маршруты па чатырох асноўных напрамках, якія прахо-дзяць па тэрыторыі нашага раёна. Яны ахапілі памятныя і прыгожыя мясціны. Вось маршрут №1: Ляхавічы – Грушаўскі палацава-паркавы ансамбль (ліпавая алея пры ўез  дзе ў пейзажны парк – алея лістоўніц каля капліцы роду Рэйтанаў – сажалкі) – Начаўскі садова-паркавы ансамбль (пейзажны парк – сад – сажалкі) – Нача Свянціцкая (парк – ліпавая алея – канал – вадаём) – Флер’янова (пейзажны парк) – Ляхавічы. Працягласць маршруту 35 – 40 кіламетраў.

Маршрут № 2 завядзе турыстаў у Савейкаўскі садова-паркавы ансамбль, пройдзе па гідралагічным заказніку “Цыгань”, пасля чаго можна адпачыць на пляжы на рацэ Шчара і зноў вярнуцца ў райцэнтр. Працягласць гэтага маршруту складае да 50 кіламетраў.

Насычаны інфармацыяй маршрут №3, які прапануе пабываць у гідралагічных заказніках “Цыгань” і “Выганашчанскае”,  садова-паркавым ансамблі “Рэпіхава”, на Агінскім канале (знакаміты 10-ы шлюз). Працягласць гэтага маршруту самая вялікая – да 80 кіламетраў.

Маршрут №4 правядзе па гідралагічных заказніках раёна – “Цыгань”, “Ліпск”, “Выганашчанскае”,  яго працягласць да 60 кіламетраў.

Маршруты ёсць –  добра падрыхтаваных экскурсаводаў няма. У час летніх канікулаў, калі рабяты адпраўляюцца ў турыстычныя паходы, ролю экскурсавода выконвае Уладзімір Погас, гісторык і вельмі зацікаўлены чалавек. У іншых выпадках ён прапануе матэрыял, якім можна кіравацца самастойна. І самыя дапытлівыя збіраюць рукзакі. За мінулы год, які ў краіне быў аб’яўлены Годам роднай зямлі, па названых маршрутах выехалі на экскурсіі 1828 школьнікаў раёна, яшчэ 2124 чалавекі пабывалі ў паходах, працавала 13 краязнаўчых экспедыцый.

Дарэчы было б, каб да намаганняў аддзела адукацыі далучыўся аддзел па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. Яго начальнік Георгій Барысевіч, на словах, таксама зацікаўлены ў развіцці раённага турызму, толькі на справе пакуль што асобых мер не прымаецца. На яго думку, патрэбна найперш паклапаціцца пра стварэнне адпаведных баз на кожным маршруце і хаця б мінімальнага сервісу. Гэта сапраўды так, але хто павінен паклапаціцца?  Варта было б разам заняцца падрыхтоўкай групы добра дасведчаных экскурсаводаў. Знайсці магчымасць, калі спатрэбіцца, без праблем вырашаць транспартную праблему. У рэшце рэшт распрацаваць пералік турпаслуг, пралічыць цэны, адкрыць ліцэнзію. Глядзіш,  пацягнуліся б да нашых маршрутаў і экскурсіі з-за межаў раёна. Напрыклад, летась выказалі жаданне бліжэй пазнаёміцца з Ляхавіччынай турысты са Століна. Пабывалі ў памятных мясцінах, палюбаваліся прыгажосцю садова-паркавых ансамбляў, паслухалі расказ экскурсавода пра гісторыю раёна і людзей, якія тут жывуць. Спадабалася, паабяцалі прыехаць зноў.

Крыху рэкламы, і турысты не прымусяць сябе доўга чакаць: вельмі многія аддаюць перавагу гэтаму актыўнаму і пазнавальнаму віду адпачынку. Летась раёну было даведзена заданне аказаць насельніцтву турыстычных паслуг на 60 мільёнаў рублёў. На палову гэтай сумы арганізаваў турыстычных паездак аддзел адукацыі райвыканкама. Самымі папулярнымі былі маршруты, звязаныя з гераічным мінулым народа: “Лінія Сталіна”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, а таксама краязнаўчыя,  па месцах баявой славы дзядоў і прадзедаў, па гарадах рэспублікі.

Прымалі гасцей і дзве аграэкасядзібы — “Медуніца”, “Над Шчарай”, што ў вёсцы Набярэжная: прыязджалі на адпачынак турысты з Італіі і Германіі, якія палявалі ў нашых угоддзях на цецерукоў і курапатак.

Гадавое заданне па аказанні турыстычных паслуг такім чынам крыху перавыканана: зароблена 61 мільён 800 тысяч рублёў.

Некага вабяць  нязведаныя далі, а іншаму па сэрцы сваё, блізкае, якое таксама хавае мноства таямніц, і да іх хочацца дакрануцца. У добры   шлях па маршруце любві і гісторыі!

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *