Што здарылася?
Незаконная рыбалка дорага каштуе
Вечарам у апошні дзень чэрвеня ў РАУС паступіла паведамленне ад начальніка Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пра тое, што на разліве ў 10 кіламетрах ад вёскі Тухавічы затрыманы 5 мясцовых жыхароў, якія займаліся незаконнай лоўляй рыбы з выкарыстаннем самаробных забароненых прылад. Як высветлілася, гора-рыбакі нанеслі навакольнаму асяроддзю матэрыяльных страт на суму амаль 6 мільёнаў рублёў.
ВАЗ ВАЗ быў, ВАЗ сплыў
Не на жарт спалохаўся жыхар аграгарадка Жарабковічы, калі апоўначы ўбачыў, што знік яго аўтамабіль, які стаяў каля дома. Пацярпелы адразу звярнуўся ў міліцыю. Прынятымі мерамі вышуку ўстаноўлена, што ўгон – справа рук 34-гадовага мінчаніна.
Пазычай, але з розумам
На сумленнасць знаёмага разлічваў даверлівы мужчына, калі яшчэ напрыканцы красавіка гэтага года пазычыў мясцоваму жыхару больш як 15 мільёнаў рублёў. Доўг ляхавічанін абяцаў вярнуць праз некалькі дзён. Але да гэтага часу абяцанкі так і засталіся абяцанкамі. Нездарма гавораць: хочаш атрымаць ворага – пазыч грошай. Па гэтым факце праверку праводзіць РАУС.
Абрабаваў
Раніцай 2 ліпеня нідзе не працуючы ляхавічанін каля аўтастанцыі адабраў у мужчыны 100 долараў і 800 тысяч рублёў.
Страшныя знаходкі
Раніцай 1 ліпеня ў РАУС паступіла паведамленне пра тое, што ў сваім доме знойдзена нежывой мясцовая 42-гадовая працаўніца ЗАТ “Белпрампрыбор”.
Праз 2 дні вечарам жыхарка Ціткаўшчыны паведаміла ў РАУС, што ў кар’еры каля вёскі ўтапіўся яе аднавясковец 1963 года нараджэння. Праверку праводзіць РАУС.
Аляксандр ЕРМАКОЎ,
начальнік РАУС