Дэпутацкая адказнасць: выключна па максімуму

Сярод дэлегатаў пятага Усебеларускага народнага сходу – кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Яўгеній Юрлевіч. Кола пытанняў раённага Савета дэпутатаў – ад заканадаўчай дзейнасці да рэалізацыі прынятых рашэнняў. Усё гэта накіравана на развіццё рэгіёна і на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва. Яўгеній Нікадзімавіч перакананы: адна з галоўных умоў стваральнага развіцця – выніковае ўзаемадзеянне прадстаўнічай і выканаўчай улады. Што датычыць дэпутацкай адказнасці, то патрабаванне тут адзінае для дэпутатаў любога ўзроўню – выключна па максімуму.

– За час, які прайшоў пасля чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, у полі зроку дэпутатаў райсавета знаходзіліся пытанні, ад якіх залежала і вытворча-эканамічная сітуацыя ў рэгіёне, і развіццё сацыяльнай сферы Ляхавіччыны. На сесіях была зацверджана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2011-2015 гады і іншыя, і іх увасабленне ў жыццё знаходзілася пад кантролем раённай улады.
Дэпутаты заслухвалі справаздачы адказных службовых асоб аб выкананні нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва на тэрыторыях асобных сельсаветаў; аб стане работы РАНС па прафілактыцы правапарушэнняў і папярэджанні пажараў і гібелі людзей, па забеспячэнні бяспекі жыцця і працоўнай дзейнасці насельніцтва рэгіёна; аб стане захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей раёна; аб выкананні дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у ахове здароўя; удасканаленні работы ўчастковых інспектараў міліцыі; аб рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва; сацыяльнай абароне малазабяспечаных сем’яў, інвалідаў, пажылых людзей і мерах па яе ўдасканаленні і многія іншыя.
Сярод дэпутацкіх клопатаў – сістэматычная работа па арганізацыі добраўпарадкавання і навядзення парадку на тэрыторыі раёна. Гэта мэта ў тым ліку і выязных дзён Саветаў, дзейнасці вясковых старастаў сумесна з сельвыканкамамі. Канешне, тут яшчэ многае належыць зрабіць, але прыемна, што пэўныя станоўчыя зрухі ёсць. Парадак на тэрыторыях арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, на гарадскіх і сельскіх вуліцах, падвор’ях вяскоўцаў усё часцей становіцца прывычнай карцінай. Хаця працаваць у гэтым накірунку нам яшчэ належыць многа і пастаянна.
Гэта ж датычыць і стану дарог: па меры фінансавых магчымасцяў пытанне вырашаецца, але, на жаль, не так хутка і не ў такім аб’ёме, як хацелася б. Адзначу і яшчэ адзін аспект добраўпарадкавання і навядзення парадку – знос старых пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці з наступным уключэннем зямель у сельскагаспадарчы абарот.
Менавіта дэпутаты райсавета штогод зацвярджаюць бюджэт раёна і кантралююць ход выканання, уносяць прапановы па ўдасканаленні яго размеркавання. Заўсёды захоўваецца сацыяльная накіраванасць бюджэта. Клопат пра сацыяльную сферу, яе патрэбы і развіццё – першаступеннай важнасці. Як і работа са зваротамі грамадзян: пачуць праблему чалавека і, калі яна абгрунтаваная, паспрыяць вырашэнню – гэта справа гонару дэпутата. Таму і ступень адказнасці народнага абранніка павінна быць максімальнай.
Дэпутаты раённага і сельскіх Саветаў часта бываюць на сваіх участках, вядуць прыём грамадзян, узаемадзейнічаюць са старастамі вёсак, працуюць у кантакце з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, работнікамі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай службы, аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сумесныя мерапрыемствы накіраваны на адзіную мэту: садзейнічаць развіццю дзеля паляпшэння дабрабыту людзей. Звычайны алгарытм быцця ўключае ў сябе дакладна адпрацаваную сістэму камунальнага, бытавога, культурнага, медыцынскага абслугоўвання, наладжаную работу дзіцячых садкоў і школ, курсіраванне грамадскага транспарту, у час запаленыя ліхтары на слупах, па раскладзе адчыненыя гандлёвыя кропкі з багатым асартыментам тавараў і многае-многае іншае. За ўсё гэта ў тым ліку адказвае і прадстаўнічая ўлада, калі канкрэтней – дэпутацкі корпус.
На Усебеларускім народным сходзе, упэўнены, будзе зроблены дэталёвы аналіз усяго, што паспяхова ажыццявілі, а таксама таго, што не атрымалася за прайшоўшыя пяць гадоў, і над чым належыць напружана працаваць.
Запісала Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *