”Дыпламаваны” сок – здароўя выток

Начальнік лабараторыі ААТ ”Ляхавіцкі кансервавы завод” Соф’я Болтуць, хімік-тэхнолаг Тамара Кавальчук, мікрабіёлаг Святлана Войцік з ”прызавым фондам” конкурсу.

Прадукцыя Ляхавіцкага кансервавага вядома не толькі на мясцовым рынку. Натуральнасць, што зараз у асаблівым трэндзе, з’яўляецца адной з яе каштоўных адметнасцяў. Шырокая асартыментная гама вырабаў і свой агарод у якасці стартавай пляцоўкі для многіх з іх. Гэта і іншае выгадна вылучае нашу кансервавую вытворчасць ад ёй падобных, дазваляе трымаць раўнавагу ў супрацьстаянні вірлівым рыначным хвалям.
Але ж мы наўмысна ні слова не сказалі пра першааснову – пра спажывецкія і якасныя характарыстыкі тавараў старэйшага завода Ляхавіччыны. За нас гэта зрабілі кампетэнтныя навукоўцы з навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні. Штогод гэта акадэмічная структура арганізоўвае і праводзіць конкурс кансерваванай прадукцыі “Крыштальны яблык”. Многа намінацый, удзельнікаў, сярод якіх зусім не згубілася прадукцыя мясцовага кансервавага завода. Рашэннем журы конкурсу сок ананасавы адноўлены для дзіцячага харчавання, пастэрызаваны ляхавіцкай вытворчасці быў прызнаны прадуктам №1 у намінацыі “Сокі, нектары, морсы для дзіцячага харчавання”.
Дзецям – усё лепшае. Зыходзячы ў тым ліку і з гэтай аксіёмы можна ўявіць сабе жорсткасць патрабаванняў, што прад’яўляюцца да прадуктаў, рэкамендаваных для дзіцячага харчавання. Вытрымалі, з чым і віншуем. А дыплом пераможцы конкурсу, прызавы “крыштальны яблык” занялі ўжо сваё месца на ганаровай паліцы прадпрыемства. Будуць працаваць на яго імідж. І поспех.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *