За веды!
“ЛВ” заўсёды з задавальненнем расказвае пра сваіх землякоў, якія дасягнулі поспехаў на тым ці іншым поле дзейнасці.
У апошнія гады героем нашых публікацый неаднойчы станавіўся гімназіст Сяргей Краўцэвіч. Талент, знойдзены і падтрыманы настаўнікамі, памножаны на стараннасць, даў важкі вынік – сёлета пасля перамог на раённым і абласным этапе прадметных алімпіяд па біялогіі Сяргей атрымаў дыплом ІІ ступені па выніках рэспубліканскай алімпіяды па любімым прадмеце. Раёнка на сваіх старонках расказвала, што юнака разам з іншымі таленавітымі рабятамі ўшаноўвалі на прыёме ў старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара. На фестывалі “Сузор’е талентаў” Сяргей атрымаў спецыяльную прэмію старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука.
І вось яшчэ адна прыемная навіна. Рашэннем савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Краўцэвіч у ліку іншых юных і таленавітых адзначаны грашовай прэміяй.
Шчыра віншуем і жадаем пакарэння новых вяршынь!