Агульны інтарэс

Жніво – гарачы час не толькі для працаўнікоў сельскай гаспадаркі, але і для многіх іншых арганізацый і служб, якія дапамагаюць зрабіць адказную кампанію бяспечнай, забяспечваюць удзельнікам жніва –  і гэта таксама вельмі важна – бытавыя зручнасці.

Загадчык  сектара аховы працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуц  нагадаў, што другі год у раёне дзейнічае мабільная група для аказання практычнай і метадычнай дапамогі прадстаўнікам сельскагаспадарчай і будаўнічай галін у стварэнні бяспечных умоў працы. У згаданую групу ўвайшлі прадстаўнікі райсельгасхарчу, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, райЦГіЭ, РАНС, энерганагляду, упраўлення капітальнага будаўніцтва, Баранавіцкай міжраённай інспекцыі працы і іншых службаў. Штотыдзень група выязджае ў рэйды па арганізацыях. Зразумела, у гарачы летні час у рэйдавым графіку адрасы пераважна сельскагаспадарчыя. Галоўная мэта выездаў мабільнай групы – папярэджанне няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Хапае жніўных клопатаў  і ў міліцыянераў. «З 12 ліпеня і да заканчэння ўборачнай кампаніі згодна распараджэння УУС аблвыканкама на тэрыторыі раёна рэалізуецца комплекс мер па забеспячэнні захаванасці вырашчанага ўраджаю і папярэджанні раскрадання матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў, — паведаміў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Раман Лявонцьеў. – Асаблівая ўвага ў гэты час надаецца не толькі выяўленню і папярэджанню крадзяжоў, але і  фактаў безгаспадарчасці. Важна своечасова прыняць меры па ўхіленні прычын і ўмоў, што садзейнічаюць учыненню злачынстваў і правапарушэнняў». Раман Лявонцьеў падкрэсліў, што ў згаданых мерапрыемствах задзейнічаны ўсе міліцэйскія службы, за кожным прадпрыемствам АПК для прафілактычнай работы замацаваны  канкрэтныя супрацоўнікі РАУС. Вынікі ўзмоцненай міліцэйскай увагі не прымусілі чакаць: ужо ў першыя  дні ўборачнай былі выяўлены 3 дробныя крадзяжы і 2 факты знаходжання работнікаў на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

Па інфармацыі начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыя Равінскага, прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні пажараў падчас жніва ўпраўленне сель-скай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і РАНС пачалі яшчэ напярэдадні ўборкі. 27 чэрвеня УСГіХ быў выдадзены загад «Аб мерах па прафілактыцы траўматызму і пажараў пры правядзенні ўборачных работ у 2011 годзе». Сумесна з аддзелам па надзвычайных сітуацыях зацверджана праграма забеспячэння пажарнай бяспекі ў перыяд уборачнай кампаніі, дзе вызначаны канкрэтныя меры па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў месцах перапрацоўкі і захавання ўраджаю і другіх аб’ектах сельгаспрызначэння. Праведзены сумесныя праверкі 28 зернесушылак і 79 камбайнаў. З камбайнерамі, аператарамі КЗС праведзены заняткі па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму.

Падраздзяленні па НС заключылі дагаворы на дзяжурства пажарнай тэхнікі з дзвюма гаспадаркамі – СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» і «Дарава». Хаця, як адзначыў Валерый Равінскі, РАНС можа забяспечыць дзяжурства як мінімум 6 пажарных разлікаў. У шэрагу сельгасарганізацый (СВК «Ляхавіцкі», «Шлях новы», «Жарабковічы») дзяжурства праводзіцца сіламі гаспадарак прыстасаванай для мэт пажаратушэння тэхнікай. «Як паказвае практыка мінулых гадоў, прыстасаваная тэхніка – гэта добра, але не так аператыўна і прафесійна як падраздзяленні МНС. У  2010 годзе было зарэгістравана 2 узгаранні – на палях СВК «Жарабковічы» і «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік». Прыстасаваная тэхніка не справілася, выклікалі нас, — прыгадвае кіраўнік РАНС і дадае: — Атрымліваецца, што эканомім на дробязі, а губляем мільёны».

Часцяком камбайны выхо-дзяць у поле наогул без прыкрыцця. Такія факты былі выяўлены ў СВК «Ліпнянка», «Востраў-Агра», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».  Напрыканцы мінулага тыдня  супрацоўнікі РАНС зафіксавалі чарговае парушэнне: у СВК «Востраў-Агра» камбайн зноў працаваў у полі без прыкрыцця. Добра, што апошняе на гэты раз не спатрэбілася. Толькі вось спадзяванні некаторых кіраўнікоў на спрадвечнае «а можа пранясе» часам заканчваюцца даволі важкімі стратамі.

У РАНС паабяцалі: падчас месячніка бяспекі рэйды па палях, мехмайстэрнях, зернетаках і іншых сельскагаспадарчых аб’ектах будуць штодзённымі і паза-планавымі: як ні банальна гучыць, але любую бяду лягчэй і танней усё ж такі папярэдзіць.

Дарэчы, Валерый Равінскі па-дзяліўся яшчэ адной жніўнай навіной: «Падраздзяленні РАНС не толькі забяспечваюць дзяжурства тэхнікі. Ва ўборцы ўраджаю ў якасці камбайнера ў СВК «Ліпнянка» сёлета прымае ўдзел начальнік паста вёскі Ліпск Генадзій Чаранкевіч. Намі прынята рашэнне вызваліць яго ад работы на пасту падчас уборкі. Ды і свой інспектар заўсёды будзе «на перадавой», што таксама справа не апошняя…».

Традыцыйна не застаецца ў баку ад клопатаў уборачнай кампаніі раённае спажывецкае таварыства. Як расказала выконваючая абавязкі першага намесніка старшыні праўлення райпо Ірына Патоцкая, з пачаткам уборачнай сельскія магазіны, размешчаныя ў цэнтральных сядзібах гаспадарак і буйных вёсках, сталі працаваць па падоўжаным графіку – для зручнасці тых, хто гэтым часам заняты ў полі, на мехдвары, на зернетаку.

Штогод райпо займаецца і арганізацыяй харчавання падчас уборачнай. Сёлета такой паслугай прадпрыемстваў грамадскага харчавання райспажыўсаюза ўжо карыстаюцца СВК «Тальмінавічы» (абеды тутэйшым механізатарам гатуюць у кафэ «Алеся»), «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» і аграрны каледж (іх працаўнікі харчуюцца ў сталовай агракаледжа), СВК «Дарава» і «Канюхі» (да паслуг іх механізатараў і паляводаў – мясцовыя кропкі грамадскага харчавання). Акрамя таго, падчас гэтай жніўнай кампаніі райпоўскія повары ўзялі на абслугоўванне работнікаў фермерскай гаспадаркі «Даманскае» і ІП Рамейкі. Дарэчы, як адзначылі ў райпо, тут гатовы смачна накарміць працоўныя атрады яшчэ некалькіх гаспадарак.

Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *