Трактарыст — прафесія дэфіцытная

На шчасце, даўно прайшлі тыя  гады, калі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях адбываліся масавыя скарачэнні штатаў. Прычым, пад скарачэнне траплялі як радавыя працаўнікі, так і высокакваліфікаваныя спецыялісты. Яны станавіліся кліентамі біржаў працы і цэнтраў перападрыхтоўкі кадраў, якія множыліся напрыканцы мінулага і пачатку гэтага стагоддзя. Многія ў той час кардынальна змянілі прафесію: настаўнікі станавіліся мулярамі,  інжынеры — вадзіцелямі і г.д. Найбольш прадпрымальныя  распачыналі ўласны бізнес.

Але, на шчасце, сітуацыя памянялася ў лепшы бок. Адкрываліся новыя прадпрыемствы рознай формы ўласнасці, расла колькасць працоўных месцаў,  пашыраўся пералік  запатрабаваных прафесій, як  у буйных гарадах, так і ў райцэнтрах.

Аднак, цэнтры занятасці не страцілі сваёй актуальнасці і цяпер, наадварот — выконваюць больш  розных функцый, а не толькі займаюцца пастаноўкай на ўлік і працаўладкаваннем беспрацоўных.

Пра сітуацыю на рынку працы лепш за ўсё сведчыць наступны факт: у краіне афіцыйна на аднаго беспрацоўнага прыпадае 2 вакансіі. У Мінску колькасць тых, хто па нейкіх прычынах зараз знаходзіцца  без працоўнага месца, складае 0,3 працэнта ад экана-мічна актыўнага насельніцтва.

Пра сітуацыю на рынку працы Ляхавіччыны “ЛВ” даведаўся ў службе занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення Людміла Ланкуць, у раёне па стану на 1 ліпеня на ўліку ў службе занятасці знаходзіцца 92 чалавекі, з іх 51 вясковец. Сярод беспрацоўных – 34 жанчыны і 24 прадстаўнікі маладога пакалення, 35 чалавек атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі (у сярэднім гэта 63 тысячы рублёў у месяц). 29 чалавек значацца ў якасці беспрацоўных ад 3 да 6 месяцаў.  У пераважнай большасці (20 чалавек) гэта мужчыны, і цяпер яны заняты на нядрэнна аплачваемых  грамадскіх работах па добраўпарадкаванні у вёсках Залужжа, Заліпенне, Жарабковічы,  Русінавічы і Мядзведзічы. 4 беспрацоўныя жанчыны знаходзяцца на ўліку больш года.  Ад перакваліфікацыі некаторыя адмаўляюцца.

— Што датычыцца вакансій на прадпрыемствах і ў арганізацыях розных форм уласнасці, то,  па стану на 15 ліпеня, іх у наяўнасці 118. Патрабуюцца, прычым у значнай колькасці, трактарысты, муляры, грузчыкі, вальшчыкі лесу, слесары, токары, тэхнолагі, пекары… Асаблівая размова пра швачак. Дзякуючы нядаўна адкрытым прыватным прадпрыемствам “Ібіра” і “Ажуруна”, можна лічыць, што праблема жаночага беспрацоўя ў нас  амаль вырашана. Прадстаўніцы прыгожай паловы паспяхова авалодалі прафесіяй швачкі і працуюць па спецыяльнасці. Тым больш, што на пачатку восені “Ажуруна” плануе дадаткова адкрыць яшчэ 50 новых рабочых месцаў, — расказвае Людміла Ланкуць.

“Засыпалі” службу занятасці заяўкамі на спецыялістаў свайго профілю мясцовая райбальніца, якой патрабуюцца ўрачы, фармацэўт, фельчар, вайсковыя часці Баранавіцкага раёна і Мінскай вобласці, у якіх недахоп самых розных кадраў — ад намесніка начальніка часці да вадзіцеля.  СВК “Шлях новы” з нецярпеннем чакае галоўнага ветэрынарнага ўрача, якому прапаноўвае зарплату 1,6 мільёна рублёў, а ПМК-17 – галоўнага інжынера з зарплатай 2 мільёны. На ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” адчувальны недахоп слесараў, токараў, электрыкаў. Жадаючыя  сюды працаўладкавацца ёсць, аднак некаторых не задавальняе заработная плата ( 700-800 тысяч рублёў) і работа па зменах. Своеасаблівы ”лідар” па дэфіцыце спецыялістаў – ПУП “Ляхавіцкі кааппрам”, дзе ёсць вакансіі тэхнолагаў, пекараў, фармоўшчыкаў, электрыкаў, аператараў кацельні, грузчыкаў, слесараў. Прычына недахопу кадраў не толькі ў невялікай заработнай плаце, але і ў зменнай рабоце і немагчымасці перакваліфікацыі.

Курсы па атрыманні новай прафесіі ці перакваліфікацыя — добры варыянт для тых, хто па розных прычынах застаўся без працы, а, значыць, без сродкаў для існавання, ці жадае знайсці больш высокааплатную работу. У асноўным гэта магчымасць запатрабавана маладымі людзьмі ва ўзросце ад 27 да 33 гадоў.  Па словах Людмілы Ланкуць, з  пачатку гэтага года на вучобу накіравана 14 чалавек.  За некалькі месяцаў  тэорыю і практыку новай прафесіі засвойваюць будучыя вальшчыкі лесу, аператары ЭВМ,  электрагазазваршчыкі,  маляры, муляры, электраманцёры. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца будаўнічая шырокапрофільная прафесія маляра-тынкоўшчыка-абліцоўшчыка. Літаральна днямі ёй пажадалі авалодаць юрыст з вышэйшай адукацыяй і 40-гадовая жанчына-прадавец.

Былы тэхнік-тэхнолаг знайшоў сваю нішу ў прадпрымальніцкай дзейнасці – заняўся   грузаперавозкамі. Для адкрыцця ўласнай справы яму са сродкаў фонду сацыяльнай абароны  выдаткавана 4,5 мільёна рублёў. Як адзначыла Людміла Ланкуць,  ёсць выдатная прапанова для  ініцыятыўных і прадпрымальных. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама мае магчымасць выдаць яшчэ 5 анала-гічных субсідый (кожная складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму) на  развіццё бізнесу.

У службу занятасці звяртаюцца  з заяўкамі на спецыялістаў не толькі арганізацыі Ляхавіцкага раёна, але і іншых рэгіёнаў  краіны. Тут можна азнаёміцца, напрыклад, са спісам усіх вакансій па Брэсцкай вобласці, даведацца, дзе забяспечваюць не толькі работай, але і добраўпарадкаваным жыллём. Такія прапановы трактарыстам, інжынерам, жывёлаводам, электраманцёрам  паступілі з Іванаўскага, Івацэвіцкага, Драгічынскага раёнаў. Ёсць нават прапановы працаваць вахтавым метадам на Крайняй Поўначы  Расіі.

Дарэчы, менавіта па прапанове службы занятасці з Карэліч (Гро-дзенская вобласць) прыехала працаваць маладая сям’я (жонка – заатэхнікам, муж – вадзіцелем) у СВК “Дарава”, якая адразу атрымала дом з усімі выгодамі.

Знайсці “сваю” работу можна. Галоўнае, каб  было жаданне і адсутнічаў страх перад новым.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *