Блізка і зразумела
Нашы землякі працягваюць актыўна абмяркоўваць даклад Прэзідэнта краіны на пятым Усебеларускім народным сходзе.
Віталій ГАЎРЫЛАЎ, дырэктар ЗАТ “Белпрампрыбор”:
– Вельмі многае ў дакладзе Прэзідэнта на пятым Усебеларускім народным сходзе блізкае сельгаспрацаўнікам. Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра стварэнне ўмоў для эфектыўнай вытворчасці і рэалізацыі ўсіх відаў сельгаспрадукцыі. Канешне, над гэтым трэба плённа працаваць. Разумеем, што ў гаспадаранні яшчэ больш неабходна акцэнтаваць увагу на ўкараненні і строгім выкананні тэхналагічных працэсаў, дабівацца эфектыўнай арганізацыі працы, строгай вытворчай дысцыпліны.
Так, мы ўжо маем некаторыя поспехі. Напрыклад, 100 працэнтаў малака прадаем на перапрацоўку гатункам экстра. У гаспадарцы высокія прывагі жывёлы на адкорме. У раслінаводстве імкнёмся выкарыстоўваць сучасную тэхніку і ўкараняць новыя тэхналогіі, якія працуюць на атрыманне высокіх ураджаяў. Ужо набылі пэўны вопыт у стварэнні трывалай кармавой базы: работы грунтуюцца зноў-такі на ўкараненні новых сучасных эфектыўных тэхналогій, што, як неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт краіны, і складае аснову паспяховай дзейнасці аграрнага сектара.
Мы на правільным шляху і будзем рухацца далей, рэалізоўваць намечанае. Перад сельгасарганізацыямі пастаўлена задача дзяржаўнай важнасці – поўнае забеспячэнне попыту на прадукты харчавання на ўнутраным рынку і павелічэнне аб’ёму экспарту.
Ян МАРЧЫК, хірург ЦРБ:
– На пятым Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт засяродзіў увагу і на стане важнейшай сферы – аховы здароўя.
Сапраўды, у медыцыну ў нашай краіне ўкладваюцца вялікія сродкі, рыхтуюцца высокапрафесійныя кадры, ствараюцца спецыялізаваныя цэнтры. Не толькі ў сталіцы і абласных гарадах умацоў-ваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя. За апошні час умовы лячэння і ў нашай райбальніцы істотна палепшыліся. Створаны выдатныя ўмовы і для пацыентаў, і для работы медыкаў.
Шмат увагі Кіраўнік дзяржавы надаў і пытанням здаровага ладу жыцця. Для папулярызацыі моды на здароўе трэба актыўна выкарыстоўваць фізкультуру і спорт. І гэта вельмі добра, што насельніцтва ўсё больш разумее ўзаемасувязь паміж здароўем і здаровым ладам жыцця, ідзе ў спартзалы, удзельнічае ў спаборніцтвах.
Наша сям’я аддае перавагу не сядзенню ў чатырох сценах, а прагулкам па свежым паветры. Да месца працы штодзень дабіраюся на веласіпедзе, зімою пры магчымасці люблю пакатацца на лыжах. Да актыўнага ладу жыцця мы з жонкай будзем прывучаць і дачушку.